Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18+2. Жыхару Мазыра, які парэзаў амапаўцаў, падоўжылі турэмны тэрмін


Андрэй Рабешка
Андрэй Рабешка

Жыхар Мазыра Андрэй Рабешка адбывае 18-гадовы тэрмін за нанясеньне раненьняў тром супрацоўнікам міліцыі. Яны на досьвітку ў чорных масках прыйшлі да хаты Андрэя. Паводле асуджанага, ён з нажом абараняўся ад невядомых.

Цяпер Рабешку да тэрміну дадалі два гады — «за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу).

«Яму помсьцяць супрацоўнікі міліцыі. На яго ўвесь час ціснулі ў калёніі. Яшчэ на сьледзтве, калі Андрэй быў у СІЗА, яму пагражалі супрацоўнікі міліцыі, што атрымае дваццаць гадоў калёніі — калі не прызнае сваёй віны. Ён віны не прызнаў. Вось і мае цяпер 20 гадоў», — кажа Свабодзе маці асуджанага, Ева Рабешка.

Паводле яе, зь першага дня адбываньня пакараньня Андрэй цярпеў ціск з боку адміністрацыі калёніі. Яго каралі за розныя нібыта парушэньні. Асуджаны ня раз трапляў у карцэр і штрафны ізалятар за дробныя заўвагі з боку адміністрацыі калёніі.

Урэшце Рабешку пагоршылі ўмовы адбыцьця пакараньня — перавялі яго ў «крытую» турму.

«У спакоі мяне не пакінуць»

«Усё, што цяпер адбываецца, гэта свайго роду спроба псыхалягічнага ціску на мяне, — пісаў у лісьце маці з калёніі Андрэй. — Маўляў, не супакоісься — ня вызвалісься. Пра ўсё, што цяпер адбываецца, яны мне казалі яшчэ два гады таму, калі толькі пачалося сьледзтва. І першыя пагрозы з гэтай нагоды Алена (жонка Рабешкі. — РС) чула асабіста, калі я ляжаў на зямлі каля дому і мой твар залівалі газавым балёнчыкам. Таму... мае паводзіны тут абсалютна ні пры чым. Пакуль я не прызнаю віны і не перастану гаварыць і пісаць наконт гэтага, ціск зь іх боку ня спыніцца і ў спакоі яны мяне не пакінуць, якім бы добрым я ні стараўся быць. Ну, а... прызнаваць віну ў тым, чаго не рабіў, я не зьбіраюся, дый маўчаць ня ўмею».

Пратэстуе супраць невыносных умоў, абвяшчае галадоўкі

Адбываць 18 гадоў Рабешку накіравалі ў Горкі. Адвакатка Кацярына Змушко 23 ліпеня наведвала яго ў Жодінскай турме. Яна расказала Свабодзе пра чарговыя пакараньні і ўзмацненьне рэжыму для Андрэя.

Паводле абаронцы, адміністрацыя калёніі мела да яго прэтэнзіі за парушэньне рэжыму — асуджаны не рабіў зарадку, ляжаў на падлозе.

«Яму было блага, вось ён і ляжаў. Таксама мой падабаронны адмаўляўся працаваць — бо за працу ня плацяць, і фактычна гэта рабская праца. Некалькі разоў ён трапляў у штрафны ізалятар, што стала нагодай для чарговага суду, дзе ўзмоцнены рэжым замянілі на больш жорсткі — турму», — кажа адвакатка.

Паводле Кацярыны Змушко, яе падабаронны некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі, у тым ліку сухую. Такім чынам Рабешка пратэставаў супраць як невыносных умоў утрыманьня ў турме, так і несправядлівых пакараньняў, жорсткага стаўленьня з боку адміністрацыі турмы, адсутнасьці мэдычнай дапамогі.

«Яго лісты не даходзяць да блізкіх. Яго скаргі ў розныя дзяржаўныя органы таксама не выходзяць з турмы. Андрэй пратэстуе супраць такога стану рэчаў і абяцае далей змагацца — у тым ліку супраць несправядлівых судовых рашэньняў», — дадала адвакатка.

«Я зрабіў так, як зрабіў бы сапраўдны мужчына»

11 красавіка 2018 году Гомельскі абласны суд прызнаў Андрэя Рабешку вінаватым у спробе забойства міліцыянтаў і пакараў яго 18 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Канфлікт зь міліцыяй адбыўся ў ноч на 30 красавіка 2017 году. У двор да Рабешкі праніклі на досьвітку супрацоўнікі міліцыі. Яны не прадставіліся, былі ў чорных масках. Яны пастукалі ў шыбу і папрасілі гаспадара выйсьці на вуліцу, сказаўшы, што зачапілі яго аўто. Калі Андрэй выйшаў, на яго напалі. Ён схапіўся за нож і нанёс міліцыянтам раненьні. Пазьней міліцыянты тлумачылі, што падазравалі Рабешку ў крадзяжы зварачнага апарату.

На судзе Рабешка сьцьвярджаў, што абараняў сябе і жонку ад нападнікаў і ня ведаў, што гэта міліцыя.

Суд вырашыў, што Андрэй наўмысна хацеў забіць міліцыянтаў.

«Ня я прыйшоў ноччу да міліцыянтаў, ня я чакаў іх на двары, схаваўшыся, каб мяне не было відаць і каб потым напасьці і пазбавіць іх жыцьця. Наадварот, гэта зрабілі цяперашнія пацярпелыя. Яны напалі на мяне. Я ўсяго толькі абараняў сябе, сваё жыцьцё і жыцьцё маёй любай жонкі. Я зрабіў так, як зрабіў бы сапраўдны мужчына», — казаў на судзе Андрэй Рабешка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG