Самай пачварнай з усіх верасьнёўскіх адукацыйных навінаў была для мяне не навіна пра перагляд тэставаньня, не навіна пра забарону цішотак з капюшонамі, не навіна пра блытаніну ў новых праграмах, а навіна пра тое, што ў шэрагу школаў Беларусі настаўнікі перадрукоўваюць каляндарна-тэматычнае плянаваньне з друкаваных кніжак.
Сьцісла
- КТП, расклад праграмных тэмаў па датах — адзін з асноўных унутраных дакумэнтаў настаўніка.
- Самае страшнае, што раней рабілася з КТП — мэтадычныя спрэчкі, чым пісаць даты каля тэмаў заняткаў: ручкай ці алоўкам. Гэта зьяўляецца прадметам увагі розных праверак.
- Настаўнікаў прымушаюць перадрукоўваць набытае КТП, каб даты былі не напісаны ручкай, не пазначаны алоўкам, а надрукаваныя. Гэта тытанічны аб’ём тупой працы.
- Не магу ўявіць сабе, што павінна было б здарыцца, каб я села перадрукоўваць надрукаваную кніжку. Калі б нават сказалі: альбо расстрэл, альбо перадрукоўвай — я б сказала: ды пайшлі вы! Страляйце!
- Горш за любое міністэрства, а любую праверку — гэтая наша з вамі пазыцыя трываньня і маўчаньня. Менавіта так чалавек пераўтвараецца ў раба, а адукацыя — у канцлягер.
«Разумеюць ідыятызм сытуацыі — і перадрукоўваюць»
Гэтае плянаваньне, скарочана КТП, то бок расклад праграмных тэмаў па датах — адзін з асноўных унутраных дакумэнтаў настаўніка. У ідэале мы ня маем права адхіляцца ад КТП, калі яно ўзгоднена адміністрацыяй школы. Гадоў дваццаць таму КТП шчэ пісалася ад рукі і раскладвалася кожным настаўнікам па сваім разуменьні, з апорай, канешне ж, на агульную праграму.
Сёньня па кожным прадмеце друкуюцца спэцыяльныя кніжкі, і гэта вельмі зручна: паставіў даты згодна з раскладам, як трэба, памяняў тое-сёе ў дазволеных межах, узгадніў у дырэктара — і сьпі спакойна. Бюракратыя, канешне, абмежаваньне творчай свабоды, канешне, але такое, з чалавечым тварам.
Самае страшнае, што раней рабілася з КТП — гэта верасьнёўскія мэтадычныя спрэчкі, чым пісаць даты каля тэмаў заняткаў: ручкай ці алоўкам. На поўным сур’ёзе гэтае пытаньне кожны год абмяркоўваецца на мэтадычных аб’яднаньнях і зьяўляецца прадметам увагі розных праверак. Ладна. Гэта так кранальна, што нават сьмешна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Змова маўчаньня ў беларускай школеАле ў гэтым годзе настаўнікі розных школаў пачалі асьцярожна скардзіцца ў сацыяльных сетках: іх прымушаюць перадрукоўваць набытае КТП, перадрукоўваць рукамі, каб гэтыя клятыя даты былі не напісаны ручкай, не пазначаны алоўкам, а надрукаваныя. Гэта тытанічны аб’ём тупой працы: перадрукаваць тэмы, даты, рэкамэндаваныя віды працы, дамашнія заданьні... Гэта ня дзень, ня два, асабліва калі ў настаўніка розныя клясы, а значыць, і розныя КТП.
Ніводнага нарматыўнага дакумэнта, які рэглямэнтаваў бы перадрукоўку КТП, не існуе. Але настаўнікі сядзяць — і перадрукоўваюць. Разумеюць ідыятызм сытуацыі — і перадрукоўваюць. Плачуць крывавымі сьлязьмі, ня сьпяць уночы, скрыпяць зубамі, клянуць усё і ўсіх — і перадрукоўваюць.
Я не магу ўявіць сабе, што павінна было б здарыцца, каб я села перадрукоўваць надрукаваную кніжку. Напэўна, калі б нават мне сказалі б: альбо расстрэл, альбо перадрукоўвай — я б сказала: ды пайшлі вы! Страляйце! І стала б, прыгожая, сьмелая, з нахабнай усьмешкай, сьмеючыся ў твар расстрэльнай камандзе. Я вам чалавек, а ня быдла. Я ня буду выконваць вашых дурных капрызаў. (Праўда ў тым, калегі, што за не перадрукаванае КТП не расстрэльваюць).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка склікае нараду пра адукацыю. Але гэтыя меркаваньні ён наўрад ці пачуеШто могуць зрабіць з чалавекам, які не перадрукуе КТП? Ну, думаю, могуць дэпрэміраваць. Рублёў на пяцьдзясят. Ну, на семдзесят. Могуць шчэ назло скласьці нязручны расклад. Могуць па дробязі ўвесь год шчыпаць і грызьці. Звольніць — наўрад ці. Асабліва калі ўвесь калектыў стане, прыгожы, сьмелы, з нахабнай усьмешкай, і скажа: мы ня будзем перадрукоўваць КТП.
І падпісвацца на «Юный спасатель» прымусова ня будзем. Па жаданьні — будзем, а без яго — не. І хадзіць па кватэрах перапісваць дзяцей школьнага ўзросту — ня будзем. Толькі за дадатковы кошт, і ён будзе большым, чым пяцьдзясят рублёў, і не ўдвая. І ўдзельнічаць у выбарных камісіях — ня будзем. Ну проста — ня будзем, і ўсё. Няма такога закону, каб прымусіць.
«Наша з вамі сіла — гэта ўласны гонар, галоснасьць і аб’яднаньне»
Я так скажу. Горш за любое міністэрства, горш за любую праверку — вось гэтая наша з вамі пазыцыя трываньня і маўчаньня. Менавіта так чалавек ператвараецца ў раба, а адукацыя — у канцлягер. Ага. Не тады, калі кагосьці закоўваюць у кайданы ці саджаюць на галеры. А тады, калі чалавека з года ў год прымушаюць рабіць відавочна ідыёцкія рэчы і прыглядаюцца: зробіць ці не? Зробіць, зробіць. За дзесяць рублёў прэміі, за пяць рублёў прыбаўкі. У свой выходны паедуць на хакейны матч. Пасьля ўрокаў пойдуць стаяць у жывым ачапленьні на парадзе. Гэта ці на дваццаць прэміяльных рублёў цягне.
Здаецца, два гады таму ў нарматыўным дакумэнце Мінадукацыі «саскочыла» фарматаваньне, і там, дзе даецца ўзор подпісу сшыткаў, слова «Сшытак» было напісана не пасярэдзіне, а зьлева. Што вы думаеце? Гэта была рэвалюцыя цэлая! Цэлымі ўрокамі перавучвалі дзяцей пісаць слова «Сшытак» там, дзе трэба. Колькі паперы сапсавалі! А Мінадукацыі паціснула плячыма: госпадзе, людзі, ну гэта проста паляцеў кампутарны набор. Вы там захварэлі, ці што?
Мы ўсё кажам: няма павагі да настаўніка. Бацькі не паважаюць, вучні не паважаюць. Пхе. Ніхто зь іх, ані бацькі, ані вучні, не прымушаюць нас перадрукоўваць КТП. Дый ніхто, сказаць па праўдзе, не прымушае. Самі перадрукоўваем. Добра яшчэ, калі за пяцьдзясят рублёў прэміі.
А то ж большасьць — бясплатна.
Калегі, я ведаю адно. Наша з вамі сіла — гэта ўласны гонар, галоснасьць і аб’яднаньне. Нельга маўчаць і трываць. Вашага асабістага гонару, агалоскі і аб’яднаньня баіцца любы аўтар ідыёцкіх распараджэньняў. Сёньня гэта так лёгка! СМІ, грамадзкія рухі, праваабарончыя арганізацыі — яны ўсе на нашым баку. Ну давайце ўжо не будзем ганьбіцца. Ну давайце ўжо хаця б не перадрукоўваць КТП, а?
А потым мы навучымся не патрабаваць ад сваіх дзяцей дурных дрэс-кодаў і выключна натуральных валасоў. А потым мы асьмялеем і не выпішам «Настаўніцкую газэту» і «СБ». А потым — ажно вушы закладае ад страху! — мы перастанем удзельнічаць у прыпісках і падтасоўках усяго, чаго толькі можна. Яны стомяцца нас дэпрэміраваць, разумееце?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.