Бізнэсовец і вынаходнік Ілан Маск у Twitter адказаў на пытаньне аб тым, ці праўда ён дарыў машыну Tesla Аляксандру Лукашэнку, як той заявіў 2 верасьня.
«Вой, не», — адказаў Ілан Маск на адно з пытаньняў карыстальнікаў аб заяве Лукашэнкі.
«У мяне ёсьць электрычная машына „Тэсла“, я часам яе тэстую. Маск падараваў, — расказаў Аляксандар Лукашэнка школьнікам 2 верасьня. — Убачыў мяне на матацыкле, „слухай, ён у вас на двухколавым езьдзіць“. Ёсьць самы любімы матацыкл мой — наш, менскі робіць завод — добрая штука. Вядома, ён не ляціць 180, як „Тэслы“, але вельмі прыемна. Я цябе ў гэтым падтрымліваю, і мы ўсё больш будзем пераходзіць на электрамабілі».
Калі і адкуль у Лукашэнкі зьявілася «Тэсла», раней не абвяшчалася. Хаця Лукашэнка расказваў, напрыклад, што «Майбах» яму падарылі на дзень народзінаў, а прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі казала, што расейскі алігарх Ігар Макараў падарыў яму ровар.
Маск не рабіў публічных візытаў у Беларусь або публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, а таксама ніяк ня згадваў Беларусь і Лукашэнку ў сацсетках.
У 2017 годзе Лукашэнка ўжо зрабіў адну сумнеўную заяву адносна сваёй «Тэслы»: ён расказаў, як разагнаўся на ёй да 280 км/гдз, у той час як максымальная хуткасьць Tesla Model S P100D — 250км/гдз. Цяпер Лукашэнка казаў ужо пра значна меншую хуткасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка распавёў, як разагнаўся на Tesla да 280 км/гдз. А яна можа толькі 250 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ровар, «Майбах», карова, шапка... Што дарылі Лукашэнку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў заявіў пра «150 тысяч мігрантаў» і пастаўкі зброі з Украіны ў Беларусь. Чаму гэта няпраўда