Аляксандар Лукашэнка 5 верасьня прыняў з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева. Як піша БелТА, ён асабліва падзякаваў новаму міністру за хуткае раскрыцьцё рабаваньня ювэлірнай крамы ў Менску.
«І трэба сказаць, што да нашых падразьдзяленьняў, якія лічацца за Міністэрствам унутраных справаў, я прэтэнзіяў практычна ня меў, — сказаў Лукашэнка Караеву. — Дзякуй Богу, што ў нас і абстаноўка была больш-менш спакойная ў краіне. Дай Бог так і далей».
Усяго два тыдні таму Лукашэнка ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі».
Тады ён вінаваціў у розных парушэньнях і злачынствах праваахоўнікаў усіх узроўняў — і сьледчых, і пракурораў, і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
У прыватнасьці, падначаленых Караева ён «адрасна» вінаваціў у:
- паверхневым дасьледаваньні заяваў аб злачынствах;
- кепскім кантролі за законнасьцю пры разглядзе заяваў;
- недастатковай дасьведчанасьці апэратыўнікаў аб крымінале на месцах;
- беспакаранасьці злачынцаў, што вядзе да больш цяжкіх злачынстваў;
- «палачна-галачкавым» падыходзе да ацэнкі дзейнасьці;
- празьмерным ужываньні гвалту і спэцсродкаў супраць грамадзянаў;
- злоўжываньнях пры барацьбе з гандлем наркотыкамі, падкіданьні наркотыкаў.
Караеў дапусьціў, што ў апазыцыйных СМІ ня ўсё брахня і паклёп
Міністар паабяцаў Лукашэнку, што «крыху ўзмоцніць» свой уплыў на дысцыпліну і «маральна-псыхалягічны клімат» у ведамстве, зоймецца паляпшэньнем якасьці збору доказаў у карупцыйных справах, узмоцніць працу са зваротамі грамадзянаў.
Паводле Караева, у МУС таксама будуць «пад больш вострым вуглом аналізаваць публікацыі ў СМІ пра працу органаў унутраных справаў, у тым ліку ў інтэрнэце і апазыцыйных мэдыя»:
«Яны ж таксама аднекуль гэтыя матэрыялы бяруць, і ня ўсе яны прыдуманыя або паклёп, — растлумачыў міністар Лукашэнку. — Недзе пад імі нейкія падставы, значыць, ёсьць. Каб не было беспакаранасьці і ўсёдазволенасьці тых, хто ад імя ўлады можа валодаць нейкімі прывілегіямі, як ім здаецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ, Савет бясьпекі ці Натальля Качанава? Хто расказаў Лукашэнку пра парушэньні ў праваахоўных органах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міністар Шуневіч яўна не выконваў тое, што належала». Чаргінец тлумачыць, чаму Лукашэнка зрабіў разнос сілавікам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ўзяўся за «сілавікоў»