Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянта адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё двух чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Былы малодшы лейтэнант міліцыі Мікалай Раеў, які летась разам з калегамі зьбіў двух мсьціслаўцаў, асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму і пазбаўлены званьня, паведамляе Белсат.

Такі вырак для сілавіка за ўжываньне гвалту — рэдкі выпадак у беларускім правасудзьдзі.

Пацярпелы Аляксей Швядкоў кажа: «Я чакаў, што будзе не крымінальны тэрмін, а які хатні арышт. Ці якая іншая замена, але як выйшла — крымінальны тэрмін. Я вельмі рады».

Швядкоў сьцьвярджае, што асуджаны міліцыянт — не адзіны, хто зьбіваў яго і сябра Мікалая Купчына. Астатнія 7 міліцыянтаў праходзілі ў справе сьведкамі:

«Мяне трымалі, Купчына двое, хоць любы з працаўнікоў мог спыніць гэта ўсё. Мог ня даць наносіць удары. Неяк спыніць Раева. Але ніхто гэтага не зрабіў. І ніхто не панёс кары за гэта».

Але абскарджваць рашэньне суду ён не плянуе. Маўляў, задаволены і гэтым.

3 гады — найменшы магчымы тэрмін паводле 3 часткі 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу «Перавышэньне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам», па якім асудзілі міліцыянта.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка лічыць, што ў гэтым выпадку галоўнае ня тэрмін, а сам факт таго, што міліцыянта асудзілі паводле крымінальнай справы за гвалт: «Па меншай меры судовая сыстэма цяпер адэкватна ставіцца да таго, што працаўнікі міліцыі могуць пераступаць закон і могуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці».

Праваахоўніка асудзілі празь некалькі дзён пасьля эмацыйнага «разносу» Аляксандрам Лукашэнкам сілавікоў. Бандарэнка мяркуе, што гэты выступ Лукашэнкі меў свой уплыў на рашэньне суда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG