Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала статыстыку складу акруговых выбарчых камісіяў, скліканых для правядзеньня парлямэнцкіх выбараў.
Што за камісіі
Простыя выбарнікі часьцей бачаць прадстаўнікоў участковых выбарчых камісіяў — гэта яны ладзяць галасаваньне, лічаць галасы і прымаюць скаргі, а таксама ўдакладняюць сьпісы выбарнікаў, інфармуюць пра час і месца галасаваньня, рыхтуюць урны і кантралююць тэрыторыю. Але гэтыя камісіі пакуль не ўтвораныя — іх мусяць склікаць да 2 кастрычніка.
А скліканыя цяпер акруговыя выбарчыя камісіі кантралююць выкананьне Выбарчага кодэксу, кіруюць дзейнасьцю ўчастковых камісіяў, кантактуюць зь мясцовымі ўладамі ў пытаньнях правядзеньня выбараў, рэгіструюць ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў і ўласна кандыдатаў у дэпутаты, спрыяюць сустрэчам з выбарнікамі, распараджаюцца грашыма на выбары і кантралююць фонды кандыдатаў, вызначаюць і публікуюць вынікі выбараў па акругах, выдаюць пераможцам пасьведчаньні і разглядаюць скаргі на ўчастковыя камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму выбары ў Беларусі фальсыфікуюць жанчыны
Колькі там апазыцыі
З 1430 чальцоў камісіяў апазыцыянэрамі можна лічыць прыблізна 2,5%. Ад апазыцыйных партыяў у акруговыя камісіі трапілі:
- «Справядлівы сьвет» — 23 чалавекі;
- БСДП («Грамада») — 4;
- БНФ — 3;
- АГП — 1.
Таксама, паводле «Вясны», у ліку прадстаўнікоў «іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» ёсьць 4 чалавекі ад апазыцыйнага руху «За свабоду» (вылучалі 117). Ніводзін з 36 вылучэнцаў руху «Гавары праўду» ў акруговыя камісіі не прайшоў.
Самая «неапазыцыйная» вобласьць — Магілёўская, дзе ў акруговыя камісіі не прайшоў ніводзін чалец апазыцыйнай партыі або руху. У Горадзенскай вобласьці будзе тры апазыцыянэры з 169 чальцоў камісіяў, у Менску — тры з 260. Партыя БНФ ужо падала ў суд скаргу на неўключэньне сваіх прадстаўнікоў у камісіі на Гомельшчыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі прапанавала спрасьціць рэгістрацыю партыяў. Апазыцыя прасіла большага
Хто яшчэ ўваходзіць у склад камісіяў
72,9% чальцоў акруговых выбарчых камісіяў склалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў:
- 14% ад партыяў (збольшага праўладных);
- 18,9% ад прафсаюзаў (незалежныя прафсаюзы не паведамлялі пра ўключэньне сваіх чальцоў у камісіі);
- 7,6% ад праўладнай «Белай Русі»;
- 7,1% ад праўладнага Беларускага саюзу жанчын;
- 6,5% ад БРСМ;
- 6% ад праўладнага Аб’яднаньня вэтэранаў;
- 5,4% ад праўладнага Фонду міру;
- 7,4% ад «іншых грамадзкіх аб’яднаньняў».
Самая масавая партыя ў акруговых камісіях — праўладная Камуністычная партыя (68 чальцоў або 4,8%). Сьледам за ёй —Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (52 або 3,6%). Другую, а таксама Аграрную, Патрыятычную і Сацыяльна-спартовую партыі «Вясна» адносіць да тых, што «прыкметна актывізуцца толькі падчас выбарчых кампаніяў».
Таксама ў акруговыя камісіі трапілі 11 чалавек (1,2% ад усіх чальцоў камісіяў) зь Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якая лічыць сябе «канструктыўнай апазыцыяй» (а таксама «адзінымі правацэнтрыстамі краіны»), але збольшага падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».