Міністэрства прыроды Расеі назвала 22 гарады Расеі з найбольшай забруджанасьцю паветра. У топ трапілі толькі населеныя пункты з азіяцкай часткі краіны.
У топ трапілі Абакан (упершыню), Ангарск, Барнаул, Брацк, Зіма, Іркуцк, Іскітым (упершыню), Краснаярск, Кызыл, Лесасібірск, Мінусінск, Навакузьнецк, Нарыльск, Пятроўск-Забайкальскі, Сьвірск, Сяленгінск, Улан-Удэ, Усольле-Сібірскае, Чаромхава, Чарнагорск, Чыта і Шэлехаў. З топу выбылі Чэгдамын і Магнітагорск.
Насельніцтва гэтых гарадоў агулам складае звыш 5 млн чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожная шостая сьмерць у сьвеце зьвязаная з забруджваньнем паветра і вады. А ў Беларусі?
Якія гарады найбольш забруджаныя ў Беларусі
У Беларусі падобную статыстыку вядуць Міністэрства прыроды і Белстат. На момант публікацыі самыя сьвежыя падрабязныя зьвесткі — за 2017 год.
Рэйтынгу па суме ўсіх паказьнікаў няма, але ў выкідах забруджвальных рэчываў у атмасфэру ад стацыянарных крыніц (г. зн. заводаў, але не аўтамабіляў) у лідэрах:
- Наваполацак (51,7 тысячы тонаў на год);
- Менск (18,3);
- Жлобін (10,7);
- Горадня (9,4);
- Гомель (8,6).
У выкідах на душу насельніцтва лідэр таксама Наваполацак (505 кг на чалавека за год), сьледам за ім Жлобін (141), Слуцак (37), Полацак (28), Горадня (26) і Сьветлагорск (25).
У 2018 годзе, як пісаў «Ежедневник», самым брудным раёнам застаўся Полацкі (57,8), за ім ішлі Мазырскі (33,7), Жлобінскі (13,6) і Чашніцкі (12,6), а таксама горад Менск (18,3). Самымі чыстымі назвалі Краснапольскі і Чэрыкаўскі (каля нуля выкідаў ад стацыянарных крыніц), Хоцімскі і Чавускі раёны (на 0,2 тысячы тонаў за год).
Шкодныя выкіды ад мабільных крыніц (транспарт) нават удвая большыя за выкіды ад стацыянарных. Дэталёвага рэйтынгу па гарадах няма, але ў лідэрах на 2017 год былі Менская вобласьць (178,6 тыс. т) і Менск (136,8), сьледам ішлі Берасьцейская (116,1), Гомельская (97,8) і Горадзенская вобласьці (94,2).
Маніторынг якасьці паветра ў рэальным часе вядзе Рэспубліканскі цэнтар гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджаньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. Таксама публікуецца радыяцыйны маніторынг і маніторынг паверхневых водаў.
Існуе асобны рэйтынг утварэньня адходаў вытворчасьці. У ім лідэры такія:
- Салігорскі раён (37428,6 тыс. т за год);
- горад Менск (3138,9);
- Касьцюковіцкі раён (2050,4);
- Жлобінскі раён (1184,1);
- горад Гомель (1115,2);
- горад Магілёў (1058,9);
- Лагойскі раён (1019,9).