Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык расказаў журналістам 3 верасьня пра справу Віктара Лемяшэўскага, уладальніка акумулятарнага заводу пад Берасьцем, супраць якога мясцовыя жыхары пратэстуюць ад пачатку 2018 году.
Валеры Вакульчык нагадаў, што цяпер справу расьсьледуе пракуратура. Віктар Лемяшэўскі пад вартай, кажа старшыня КДБ, «зь ім яшчэ вельмі шмат людзей затрымана» — усе яны «раздавалі хабар адказным асобам за вырашэньне тых ці іншых пытаньняў, у тым ліку і тых, што тычацца будаўніцтва акумулятарнага заводу».
У гэтай справе арыштаваныя ў тым ліку два чыноўнікі Міністэрства прыроды, адзначыў Вакульчык, і яны прызналіся ў злачынствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віця-сьвінец». 5 фактаў пра бізнэсоўца ЛемяшэўскагаВіктар Лемяшэўскі быў затрыманы 1 ліпеня. Паводле Генэральнай пракуратуры Беларусі, за два гады да затрыманьня Лемяшэўскага праваахоўныя органы ўжо цікавіліся дзейнасьцю ягонага заводу ў Белаазёрску. Тады абышлося бяз арыштаў. КДБ завёў на Лемяшэўскага адразу некалькі крымінальных спраў — за атрыманьне і даваньне хабару.
Разам зь Віктарам Лемяшэўскім затрымалі Сьвятлану Лемяшэўскую (па інфармацыі Свабоды, яна бізнэсоўцу ня жонка і не сваячка), галоўнага бухгальтара на іншым акумулятарным прадпрыемстве — белаазёрскім заводзе «БІТ-сплаў», былога кіраўніка «БІТ-сплаў» Сяргея Ахрамчука і намесьніка дырэктара Івана Пакісьлюка, а таксама двух індывідуальных прадпрымальнікаў зь Бярозы — Дзьмітрыя Рудзкага і Сяргея Жуковіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільёны даляраў і сьвінцовы попел. За што на самой справе затрымалі акумулятарнага караля БеларусіПраціўнікі заводу ля Берасьця лічаць, што Лемяшэўскага маглі затрымаць, каб суцішыць пратэсты, якія трываюць амаль два гады і працягваюцца дагэтуль, нягледзячы на затрыманьне Лемяшэўскага і абяцаньні чыноўнікаў не запускаць завод без выкананьня экалягічных нарматываў.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.