У Калінкавіцкім раёне «замініравалі» школу. Міліцыя апытала незалежную дэпутатку сельсавету

Вучні школы ў Шыічах (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласьці) замест традыцыйнай лінейкі да Дня ведаў былі эвакуіраваныя. Іхнюю школу «замініраваў» невядомы. Аднак міліцыя не знайшла выбуховага прыстасаваньня.

Лінейка для сотні вучняў Шыіцкай школы прайшла на тэрыторыі сельскага савету, першыя ўрокі — у будынку дзіцячага садку і сельскага выканкаму.

2 верасьня на сайт Міністэрства надзвычайных сытуацый паступіла паведамленьне пра выбуховае прыстасаваньне, закладзенае ў будынку школы ў вёсцы Шыічы Калінкавіцкага раёну. Паведамленьне, як стала вядома Свабодзе, было падпісанае імем дэпутаткі Капліцкага сельскага савету Розы Стрэльчанкі. Незалежная дэпутатка чацьвёрты год змагаецца за тое, каб у вёсцы Каплічы аднавілі працу школы. Цяпер дзяцей з Каплічаў возяць вучыцца у Шыічы.

Роза Стрэльчанка

Роза Стрэльчанка запэўнівае, што не пасылала ніякіх паведамленьняў наконт выбуховага прыстасаваньня ў школе.

«Быў у мяне толькі што Сьледчы камітэт. Забралі сыстэмны блёк кампутара, апыталі мяне. Я разумею, што гэта іх праца. Але колькі зь мяне можна зьдзекавацца? Гэта натуральны зьдзек са звычайнага чалавека, якога заганяюць, як таго зайца, у кут», — сказала Свабодзе дэпутатка.

Гэта ня першы выпадак зь «мініраваньнем» школы, калі невядомы парушальнік падпісваў свае паведамленьні з папярэджаньнем пра мініраваньне імем дэпутаткі. 22 лютага на сайт Міністэрства адукацыі ўжо паступала паведамленьне аб «мініраваньні» школы ў Каплічах, якая, дарэчы, не працуе. У доме дэпутаткі тады зрабілі вобшук, яе апыталі.

«Гэта правакацыя, помста мне за актыўную пазыцыю і адстойваньне нашай школы», — казала 23 лютага Свабодзе Роза Стрэльчанка.

Зламысьніка, які паведамляў пра мініраваньне Капліцкай школы 22 лютага, не знайшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатку з Гомельшчыны западозрылі ў пагрозах узарваць школу і саму сябе