Міжнародная канфэрэнцыя высокага ўзроўню «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і найноўшых тэхналёгій» адбудзецца ў Менску 3-4 верасьня.
Напярэдадні прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што ў форуме чакаецца ўдзел экспэртаў з 55 краін. Такога вялікага замежнага прадстаўніцтва яшчэ ніколі не фіксавалася ў Менску.
Арганізатарамі супольнай падзеі сталі Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў (ААН) і Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Што гэта за форум?
Ён скіраваны супраць міжнароднага тэрарызму ў ягоных найсучаснейшых формах. Злачынцы, як сьведчаць экспэрты, карыстаюцца новымі тэхналёгіямі, штучным інтэлектам. Іхная «праца» ўсё болей і болей удасканальваецца. Адсюль і неабходнасьць апэратыўнага і моцнага супрацьдзеяньня, прэвэнтыўнага выяўленьня тэрарыстычных пагроз.
Структурна канфэрэнцыя падзеленая на тры тэматычныя сэсіі.
Першая — выкарыстаньне тэрарыстамі інтэрнэту, сацыяльных сетак, распрацовак у галіне штучнага інтэлекту.
Другая — праблемы транспамежнай мабільнасьці баевікоў-тэрарыстаў і мэтодыкі іх ідэнтыфікацыі, выяўленьня і перахвату.
Трэцяя — выпрацоўка нацыянальных, рэгіянальных і міжнародных стратэгій супрацьдзеяньня злачынцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 цікавых пунктаў і 10 незразумелых момантаў Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі БеларусіХто ўдзельнічае?
Чакаецца, што на форуме зьбяруцца ня меней за 220 экспэртаў, якія прадстаўляюць міжнародныя і нацыянальныя структуры, грамадзянскую супольнасьць і бізнэс. Сярод іх намесьнік Генэральнага сакратара ААН — кіраўнік Контратэрарыстычнай управы ААН Уладзімер Варанкоў, Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер ды іншыя.
Чакаецца, што на адкрыцьці форуму выступіць Аляксандар Лукашэнка.
Асабістае запрашэньне ўдзельнічаць у форуме дасылалася дзейнаму Генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу. Аднак яго ў Менску ня будзе.
У кастрычніку 2018 году ў Менску праходзіла міжнародная канфэрэнцыя «Барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху». Тады яе арганізатарамі выступалі МЗС і АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі могуць адсачыць кожны ваш рух. Ці такая будучыня чакае Беларусь і ўвесь сьвет?