Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 1 траўня падпісаў закон «Аб забесьпячэньні ўстойлівай працы расейскага сэгмэнту інтэрнэту (рунэту) у выпадку яго адключэньня ад глябальнай інфраструктуры сусьветнага сеціва». У Расеі яго называюць «Аб ізаляцыі рунэту» ці «Аб сувэрэнным інтэрнэце». Дакумэнт апублікаваны ў сераду на афіцыйным расейскім інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
Яго аўтары — сэнатары Андрэй Клішас і Людміла Бокава і дэпутат Дзяржаўнай Думы Андрэй Лугавы.
У законе, у прыватнасьці, сказана:
- будуць створаныя магчымасьці для мінімізацыі перадачы за мяжу дадзеных, якімі абменьваюцца паміж сабой расейскія карыстальнікі,
- апэратары сувязі «пры ўзьнікненьні пагрозы» павінны будуць забясьпечыць магчымасьць цэнтралізаванага кіраваньня трафікам у Расеі,
- будуць уведзеныя правілы маршрутызацыі трафіку, у адпаведнасьці зь якімі ўвесь абмен трафікам павінен будзе ажыцьцяўляцца праз вызначаныя пункты абмену, уключаныя ў спэцыяльны рэестар. Весьці рэестар будзе «Роскомнадзор», а патрабаваньні да забесьпячэньня функцыянаваньня пунктаў абмену трафікам будуць зацьвярджацца Міністэрствам сувязі Расеі па ўзгадненьні з ФСБ.
- на сетках сувязі ўсталяююць тэхнічныя сродкі, якія будуць вызначаць крыніцу трафіку і з дапамогай якіх можна будзе абмежаваць доступ да рэсурсаў з забароненай інфармацыяй,
- у Расеі будзе створаная інфраструктура для «аўтаномнага інтэрнэту» без магчымасьці падлучэньня расейскіх апэратараў сувязі да замежных каранёвых сэрвэраў.
Экспэрты і былыя чыноўнікі расказалі каналу «Настоящее время», што Міністэрства сувязі займалася пытаньнем пагрозы вонкавага адключэньня інтэрнэту ў Расеі яшчэ ў 2006-2007 гадах, а запыты на такі закон зыходзілі ад Савету бясьпекі. Аднак асноўныя пункты дакумэнту былі распрацаваныя ўжо пасьля анэксіі Крыму.
Закон уступіць у сілу ўжо зь лістапада 2019 году. На яго выкананьне закладзена каля 30 млрд рублёў, хоць першапачаткова аўтары казалі пра значна меншыя сумы. Крытыкі законапраекту лічаць, што ён увядзе ў Расеі татальную цэнзуру ў Сеціве, а самае галоўнае — інтэрнэт у краіне стане «больш павольны і даражэйшы».