34-гадовая Кацярына Дубаневіч больш за год знаходзіцца ў кругасьветным падарожжы. Яна праехала на матацыкле Эўразію, Аўстралію, Паўночную Амэрыку, наперадзе — Паўднёвая Амэрыка і Афрыка. У Беларусь Кацярына плянуе вярнуцца ўвесну 2020 году. Пра выклікі, небясьпекі і адметнасьці «кругасьветнага падарожжа» Кацярына распавяла Свабодзе, знаходзячыся ў Коста-Рыцы, пазычыўшы сім-карту ў мясцовай байкеркі.
Правілы кругасьветнага падарожжа на матацыкле
- Трэба праехаць ня менш за 40 000 кілямэтраў, бо гэта працягласьць экватара.
- У маршруце павінна быць шэсьць кантынэнтаў, на кожным трэба праехаць ня менш за 1000 кілямэтраў.
- У маршруце падарожжа павінны быць дзьве кропкі-антаганісты. Калі іх злучыць дыяганальлю, яны будуць на максымальнай аддаленасьці адна ад адной.
- Двайное перасячэньне экватара і перасячэньне ўсіх мэрыдыянаў.
- Бесьперапыннасьць. Вяртацца дадому для адпачынку непрымальна.
Любоў да матацыклаў і невыпадковае «Мотавела»
Упершыню Кацярына Дубаневіч пакаталася на матацыкле ў 14 гадоў:
— Дакладней, мяне пакаталі ў полі. Гэта быў матацыкл клясу Эндура. Было вельмі страшна, але адначасна весела і здорава. З гэтага ўсё і пачалося — я стала пакупаць кнігі пра матацыклы, вывучаць усё гэта больш глыбока. Так атрымалася, што пасьля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту паводле разьмеркаваньня я трапіла на матацыклетна-веласіпедны завод «Мотавела» на практыку і два гады адпрацоўкі. Я — маркетоляг-эканаміст, займалася ад дэбіт-крэдыту да арганізацыі выставаў. 7 гадоў адпрацавала на «Мотавела», і думаю, што вельмі шмат прыўнесла ў марку і разьвіцьцё прадпрыемства. Усёй душой любіла гэты брэнд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З „начнымі ваўкамі“ не па дарозе». Як беларускі становяцца байкеркаміПадарожнічаць я пачала на матацыкле Minsk С4 250. Спачатку вакол гораду, далей па краіне, потым больш і больш. Выкарыстоўвала любую магчымасьць для таго, каб паглядзець нешта новае. Гэта ўсё так зацягнула, што нарадзілася мара пра кругасьветнае падарожжа.
«Кругасьветка» як Эвэрэст для ўсіх падарожнікаў
Кацярына марыла пра кругасьветнае падарожжа 8 гадоў:
— Ішла мэтанакіравана крок за крокам. Канчатковае рашэньне прыйшло падчас вялікага падарожжа ў 2017 годзе, калі я езьдзіла на выспу Шыкатан Малой Курыльскай грады. Там знаходзіцца мыс, які называецца Край сьвету. Стоячы на ім зразумела, што, напэўна, я гатова. «Кругасьветка» — гэта як Эвэрэст для ўсіх падарожнікаў. Калі вярнулася дадому, абмеркавала ўсё з мужам, і мы вырашылі, што можна паспрабаваць. Падрыхтоўка да падарожжа заняла год. Я рабіла прышчэпкі, прахадзіла курс першай мэдычнай дапамогі, спэцыяльны курс кіраваньня матацыклам, рыхтавала візы, пакупала загадзя квіткі, рабіла мытныя дакумэнты для матацыкла, копіі ўсіх дакумэнтаў, фотаздымкаў.
І ўжо больш за год усё атрымліваецца. Сьвяткавала першы год падарожжа ў дарозе.
Форс-мажор праз маскоўскую мытню
18 жніўня 2018 году Кацярына выехала зь Менску ў кругасьветнае падарожжа:
— Даехала да Масквы. Там быў невялікі форс-мажор, прыйшлося пяць дзён чакаць экіпіроўку, якая прыйшла поштай, і мытня не хацела аддаваць. У мяне быў вельмі шчыльны графік, паколькі 15 верасьня адыходзіў паром з Ўладзівастоку ў Аўстралію для майго матацыкла. І толькі 23 жніўня мне ўдалося выехаць з Масквы. Менш чым за месяц я праехала пятнаццаць з паловай тысяч кілямэтраў праз Расею, Казахстан, Таджыкістан, Узбэкістан, Кіргізстан. Даехала да Ўладзівастоку, выдраіла матацыкл зубнымі шчоткамі (патрабаваньне да чысьціні, якое выстаўляе Аўстралія) і адправіла матацыкл у Мэльбурн, а сама ўляцела ў Японію, дзе купіла ровар. Справа ў тым, што наша пасьведчаньне кіроўцы нядзейнае ў Японіі, туды нельга прывезьці матацыкл, таму я праехала праз горы ад Токіо да Кіёта на ровары. Гэта больш чым 500 кілямэтраў.
На матацыкле ў 50-градусную сьпёку па Аўстраліі
Зь Японіі падарожніца даляцела да Аўстраліі, каб сустрэць свой матацыкл:
— Была асобная гісторыя, таму што яго закрылі на карантын, апрацоўвалі ад жучкоў. Гэта заняло вельмі шмат часу, у выніку ў мяне заставалася ня так часу для самой паездкі па Аўстраліі. Давялося зрабіць невялікі круг праз самы гарачы цэнтар кантынэнту. Тэмпэратура была плюс 50 градусаў. Сухасьць была такая, што пальцы пераўтвараліся ў «каўбаскі», скура трэскалася з кроўю. Было вельмі цяжка. Абсалютна дзікія ўмовы, вакол толькі жывёлы. Можна некалькі гадзінаў ехаць і не сустрэць ніводнай машыны. Адчуваньне, што ты фактычна першаадкрывальніца.
«Вялікім кругам» па Паўночнай Амэрыцы
З Аўстраліі байкерка адправіла матацыкл у ЗША:
— 25 тысяч кілямэтраў праехала па «вялікаму кругу». Спачатку поўднем да крайняй кропкі Кі-Уэст (80 кілямэтраў да Кубы), потым павярнула назад і празь Ніягарскі вадаспад па паўночнай частцы вярнулася ў Лос-Анжэлес, адкуль накіравалася ў Мэксыку. Абышлося не без прыгодаў, таму што ў Мэксыцы ў мяне скралі пашпарт. Злодзеі запатрабавалі выкуп 200 даляраў, і я заплаціла за тое, каб мне яго вярнулі.
10 ліпеня я адсьвяткавала дзень нараджэньня на Кубе і вярнулася назад у Мэксыку, працягнуўшы падарожжа па цэнтральнай Амэрыцы праз Гватэмалу, Гандурас і Нікарагуа.
Цяпер некалькі дзён я — у Коста-Рыцы. Пазнаёмілася зь мясцовай фаўнай і флёрай, была ў трапічных джунглях, дакраналася да perezosos, па-нашаму ляніўца. Яго называлі Лэдзі Гага, і прычоска цалкам адпавядала імені.
Хто фінансуе кругасьветнае падарожжа
Кацярына мае з забой турыстычнае абсталяваньне, зь якім можна некаторы час прыжыць без цывілізацыі.
— Я на самазабесьпячэньні. У мяне ёсьць намёт, гарэлка, посуд. Магу некаторы час пражыць без цывілізацыі, калі загадзя закуплю прадукты. Так было ў Аўстраліі, дзе я больш гатавала. Цяпер я харчуюся пераважна прадуктамі з супэрмаркетаў ці малых закусачных, таму што тут гэта таньней, чым гатаваць самой.
Фінансаваньне — самая праблемная частка. У дарозе я знаходжу мясцовыя падпрацоўкі. Была прыбіральшчыцай, перакладчыцай, на будоўлі працавала, дамы фарбавала, выкарыстоўвала любую магчымасьць, каб працягваць дарогу. На маім сайце ёсьць сыстэма donation, і сябры, чытачы, родныя могуць празь яе мне дапамагаць фінансава. Наўзамен я прысылаю паштоўку зь любой краіны, у якой знаходжуся ў дадзены момант. Канечне, муж падтрымлівае.
Я імкнуся заўсёды мінімалізаваць усе затраты, не расходую грошы на забаўляльныя паркі, выбіраю бясплатныя славутасьці. У бясьпечных краінах начую ў намёце, паколькі гэта бясплатна. Цяпер больш жыву ў хостэлах, але гэта невялікія затраты, 5-7 даляраў за ноч. Часта людзі запрашаюць мяне ў госьці. Цяпер я жыву ў Лэйдзі. Яна таксама байкерка, езьдзіць на BMW. Мы пазнаёміліся празь клюб BMW у Лацінскай Амэрыцы. Чальцы клюбу таксама дапамагалі мне ў Гандурасе, Гватэмале і Мэксыцы зь плянаваньнем маршруту, пошукам запчастак, тэхабслугоўваньнем і ўсім астатнім.
Я імкнуся кожны дзень пісаць у сацсетках — Інстаграме, Фэйсбуку, Укантакце. У мяне дамоўленасьць зь некаторымі беларускімі інтэрнэт-рэсурсамі і расейскімі часопісамі. Як зьяўляецца магчымасьць, пішу вялікія артыкулы, дасылаю фотаздымкі.
Манікюр і пэдыкюр у кругасьветным падарожжы
Кацярына зьвяртае ўвагу на пэўныя побытавыя складанасьці ў падарожжы:
— Кіраваньне матацыклам адрозьніваецца ад кіраваньня аўтамабілем, паколькі ты больш засяроджваесься, больш задзейнічаныя цягліцы і ўсё цела. Ты мусіш быць цалкам сканцэнтраваная на дарозе, і калі крытычныя дні ці проста дрэнны настрой, гэта складана зрабіць. Я сябе настройваю на тое, што трэба рухацца наперад. Калі што, прымаю Но-Шпу.
Зь гігіенай праблемаў вялікіх няма. Большасьць краінаў максымальна цывілізаваныя, і заўсёды можна недзе на запраўцы прывесьці сябе ў парадак, прыняць душ. Крыху імкнуся падтрымліваць жаноцкасьць. Першыя некалькі месяцаў падарожжа я рабіла ўсе фотаздымкі ў экіпіроўцы, у шаломе, і муж сказаў: «Ты выглядаеш як матацыкліст, а ты ж дзяўчына ў першую чаргу».
І я купіла ў краме Second hand некалькі сукенак і цяпер імкнуся фотаздымкі рабіць у іх. Па магчымасьці раблю манікюр, пэдыкюр і прычоску. Выгаліла скронь у гонар чырвонага цэнтру Аўстраліі, настолькі мне запомніўся гэты рэгіён. Цяпер увесь час падфарбоўваю скронь у чырвоны колер.
Як заставацца онлайн у дарозе
Кацярына Дубаневіч падарожнічае з кампутарам, тэлефонам і камэрай.
— У матацыкле ўсталяваныя UCB раз’ём, таму я ўсё магу рабіць на хаду. Складана было ў Японіі, калі ехала на ровары. Я начавала не ў гатэлях і хостэлах, а ў асноўным у намёце Трэба было нешта прыдумляць, і я знайшла ня вельмі стандартнае рашэньне. Японія знакамітая сваімі «разумнымі» прыбіральнямі, у якіх шмат кнопак і розных эфэктаў, можна музыку ўключаць. У любым, нават самым малым японскім гарадку ў грамадзкай прыбіральні заўсёды ёсьць магчымасьць падзарадзіць тэлефон і кампутар. На некаторы час я пакідала там усе свае дэвайсы. Сядзела ўнутры, чытала кніжкі, і праблема вырашалася.
Вяртаньне дадому ўвесну 2020 году
Кацярына напачатку рабіла дэталёвы плян «кругасьветкі», але на другі год падарожжа дазваляе сабе дзейнічаць у залежнасьці ад абставін і настрою.
— Сустракаеш новых людзей, якія раяць нешта паглядзець, у выніку застаесься на некалькі дзён у пэўным месцы. У цэлым я рухаюся ў бок Паўднёвай Амэрыкі. 17 верасьня карабель адвязе мяне з Панамы ў Калюмбію. Паміж імі існуе так званы разрыў Дарʼена. Гэта 80 кілямэтраў непраходных балоцістых джунгляў з наркатрафікам, індзейцамі і ды іншым «хараством». За ўсю гісторыю толькі некалькі аўтамабільных экіпажаў змаглі там праехаць і некалькі чалавек пешшу. На матацыклах, магчыма, і былі выпадкі, але я пра іх ня ведаю. Рызыкаваць ня хочацца, таму лепей на караблі пераадолець гэтыя 80 кілямэтраў.
Потым буду рухацца да самай крайняй кропкі Чылі Ўшуая, так званага краю зямлі, адтуль разьвярнуся і паеду ў Аргентыну. Далей будзе Ўругвай, адкуль танная адпраўка ў Афрыку. А з Афрыкі — ужо ў Эўропу. Паводле пляну — вяртаньне адбудзецца ўвесну 2020 году.
Бяз права на памылку
Кацярына кажа, што ў дарозе здараецца шмат небясьпечных сытуацый:
— У Аўстраліі мяне ўкусіў павук, у выніку моцна прыхапіла сэрца, было вельмі дрэнна, ванітавала. Праз некалькі дзён інтаксыкацыя прайшла. Там жа я зьбіла маленькага кенгуру валабі. Ён выскачыў наўпрост пад мае колы, а наперадзе ехала вялікая фура. У выніку адарвала пярэдняе крыло ў матацыкла. Напэўна, жывёла загінула, але я нічога не магла зрабіць.
Побач з Маямі адбылася сурʼёзная дарожная аварыя. У сьпіну мне фактычна ляцела машына, якая стаяла на рэбры. Яна перакулілася як у галівудзкім фільме, ехала наўпрост на мяне. Я пасьпела пабачыць у люстэрка і газануць, у выніку машына спыніўся ў мэтры за маёй сьпіной. Вельмі экстрэмальна, канечне.
Крадзяжы для мяне — паўсядзённасьць. Цяпер я еду па бедным краінам, і там гэта здараецца часта. Я ўсё звонку прыбрала з матацыкла, але ўсё роўна нешта крадуць. Нядаўна скралі рознакаляровы капялюш, плюшавую цацку, торбачку, некалькі каністраў. Ня самыя каштоўныя рэчы, але бяруць усё, што бачаць. Стараюся ўсё закрываць унутры ў алюмініевай скрыні матацыкла.
Я стараюся шукаць Wi-Fi і быць на сувязі. Пішу кожны дзень. Бацькі, канечне, перажываюць, хвалююцца. Муж давярае, ведае, што я — адказная кіроўца і ня буду рабіць глупства. Я імкнуся заўсёды быць акуратнай. У мяне няма права на памылку, я еду адна. У дарозе магу разьлічваць толькі на сябе.