У Слоніме адкрылі помнік Льву Сапегу. Гэта стала адной з галоўных падзеяў Дня беларускага пісьменства, які праходзіць у горадзе, паведамляе БелТА.
Вышыня бронзавай статуі разам з гранітным пастамэнтам — больш як 4 мэтры.
«Легендарныя гістарычныя асобы вяртаюцца ў сучасную Беларусь у кнігах, помніках, артэфактах. Гэтых сымбаляў не было б бяз творчай думкі, натхненьня нашых мастакоў і пісьменьнікаў», — сказаў падчас цырымоніі адкрыцьця міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч.
Леў Сапега — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданьні Трэцяга Статуту ВКЛ 1588 году.
У 1586 годзе Сапега атрымаў у кіраваньне Слонім. Па яго просьбе ў 1591 годзе гораду надалі магдэбурскае права і падаравалі герб, на якім намаляваны леў, які трымае залатую стралу. За час кіраваньня Сапегі Слонім стаў разьвітым цэнтрам рамёстваў і гандлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надзіманая бібліятэка, зубар-нацыяналіст і «халі-галі». Якую Беларусь паказалі Пуціну на закрыцьці Эўрапэйскіх гульняў. ФОТА