«На занятках слухаем NRM і Nizkiz». Як дзяўчына з Полацку выкладае беларускую мову ў Кітаі

Вольга Прыгун

Апошнім часам Беларусь і Кітай вельмі актыўна супрацоўнічаюць. Кітайская мова зьяўляецца ў публічных месцах беларускіх гарадоў, а студэнты абедзьвюх краін езьдзяць вучыцца па абмене. Свабода пагаварыла з Вольгай Прыгун, якая выкладае беларускую мову ва ўнівэрсытэце кітайскага гораду Сіань, пра «беларускіх дух» у Паднябеснай, абмежаваны інтэрнэт і любоў студэнтаў да беларускай музыкі.

Чырвоны дыплём і шмат папер — як трапіць на працу ў Кітай?

Вольга Прыгун нарадзілася ў Полацку. У Менску навучалася ў БДПУ на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Філялёгія ёй падабалася, і дзяўчына хацела займацца навукай далей: скончыла магістратуру, паступіла ў асьпірантуру. Паралельна працавала па разьмеркаваньні ў гімназіі ў Менскім раёне. Але пляны нечакана зьмяніліся.

«Навуковы кіраўнік прапанаваў мне паехаць выкладаць беларускую мову ў Сіаньскім унівэрсытэце замежных моваў. Гэта было нечакана: трапіць на працу ў Кітай можа ня кожны магістрант. Мне дапамаглі чырвоны дыплём, навуковыя публікацыі і чатырохгадовы досьвед працы ў гімназіі», — кажа яна.

Падрыхтоўка даведак і мэдычных дакумэнтаў для афармленьня працоўнай візы заняла каля двух месяцаў. На працу ў Кітай Вольга трапіла ў жніўні 2018-га, акурат перад пачаткам навучальнага году.

Калектыў у Сіаньскім унівэрсытэце шматнацыянальны. Апроч яе, там працуюць украінцы, казахі, расейцы, палякі, румыны, немцы, гішпанцы, амэрыканцы. Вольга — адзіная беларуска.

Гістарычны цэнтар Сіаня

Як выкладаць беларускую мову кітайцам

Сіань — у самым цэнтры Кітаю. Там пачалася кітайская дзяржаўнасьць, таму горад вельмі гістарычны, са шматлікімі паркамі, пагадамі і старымі будынкамі.

У Сіаньскім унівэрсытэце толькі пачалі рыхтаваць перакладчыкаў зь беларускай мовы. Вольга працуе з самай першай групай па гэтай спэцыяльнасьці, дзе навучаецца 19 чалавек.

«Узровень маіх студэнтаў быў нулявы. Частка зь іх нават ня ведала, дзе знаходзіцца Беларусь, ня мела досьведу вывучэньня замежных моваў, — кажа Вольга. — «Я тлумачыла ім альфабэт, распавядала пра склады... Было няпроста».

Сваім студэнтам Вольга адразу дала беларускія імёны: Алесь, Антось, Цімох, Віктар... Выкладчыца кажа, што новыя імёны студэнтам падабаюцца і яны карыстаюцца імі паміж сабой.

Студэнты Вольгі

Вольга не гаворыць па-кітайску, таму напачатку выкладаць мусіла па-ангельску. Не хапала і навучальных матэрыялаў: некаторыя падручнікі ёй далі выкладчыкі на катэдры ва ўнівэрсытэце і амбасада Беларусі ў Кітаі. Але збольшага праграму заняткаў Вольга складала па падручніку расейскай мовы, які распрацавалі спэцыялісты Пэкінскага ўнівэрсытэту.

Дзяўчына кажа, што добрыя падручнікі беларускай мовы як замежнай існуюць, але не для кітайцаў. Таму праца вымагала крэатыўнасьці. На занятках Вольга часта ўключала беларускую музыку. Песьні дапамагаюць забіць двух зайцоў: студэнты знаёмяцца зь беларускай культурай і чуюць вымаўленьне.

На занятках беларускай мовы

«Мы слухалі песьню „Небясьпечна“ гурту Nizkiz і адказвалі на розныя пытаньні, устаўлялі прапушчаныя словы. Уключала студэнтам песьню NRM „Простыя словы“. Але больш за ўсё мае студэнты любяць Naviband».

У кітайскіх лінгвістычных унівэрсытэтах навучаньне цягнецца чатыры гады. На трэцім курсе студэнты Вольгі адправяцца ў Беларусь. Там яны будуць удасканальваць беларускую мову і вывучаць расейскую.

«У нашай краіне складанае моўнае пытаньне. Мае студэнты вучацца на перакладчыкаў зь беларускай мовы, але, каб знайсьці працу, ім трэба ведаць і расейскую. Звычайна ў Кітаі беларускую мову вывучаюць факультатыўна пасьля расейскай. А мае студэнты, наадварот, расейскую вывучаць пасьля беларускай».

Падарунак Вользе ад яе студэнтаў

Крамы зь беларускай ежай, помнікі Купалу і Коласу, суполкі беларусаў у WeChat

Сёньня беларуска-кітайскае супрацоўніцтва актыўна разьвіваецца. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы актыўнасьці беларускай амбасады ў Кітаі і яе кіраўніку Кірылу Рудаму, кажа Вольга Прыгун. Сёньня па ўсім Кітаі працуе дзевяць цэнтраў беларускай мовы і культуры. Восеньню 2018 году зьявіўся помнік Якубу Коласу ў Тʼяньцзіні, а сёлета ў Сіані адкрылі помнік Янку Купалу.

Студэнты каля помніка Янку Купалу

«Падчас адкрыцьця помніка Купалу наша амбасада арганізавала дэгустацыю беларускай ежы каля студэнцкай сталоўкі. Можна было пакаштаваць беларускае марозіва, печыва, розныя дзіцячыя пюрэ. Ім вельмі спадабалася. Тут увогуле папулярныя крамы беларускай ежы і прадуктаў».

Праекты, якія студэнты рабілі напрыканцы навучальнага году

Вольга ведае ў Сіані толькі двух беларусаў — яны працуюць настаўнікам ангельскай мовы і мадэльлю. Звычайна для працы беларусы абіраюць іншыя буйныя гарады: Пэкін, Шанхай, Гуанчжоў. Сувязь паміж сабой беларуская дыяспара падтрымлівае праз папулярны кітайскі мэсэнджэр WeChat.

Вольга разам са сваёй сяброўкай зь Сіаня

«Там у нас ёсьць суполка, дзе мы вырашаем побытавыя пытаньні: спраўджваем назвы лекаў па-кітайску, просім перадаць рэчы ў Беларусь і рознае іншае», — кажа Вольга.

Яна прагназуе, што праз 5 гадоў беларусаў у Кітаі будзе значна больш. Прычына — вышэйшыя заробкі і спрыяльныя абставіны. Напрыклад, яна зарабляе значна болей, чым у Беларусі. Хапае ня толькі на жыцьцё ў вялікім горадзе, але й на сукенкі ды квіткі дадому.

Суразмоўца кажа, што кошты ў Сіані вельмі даступныя. Апроч кітайскіх крамаў, ёсьць і міжнародныя гандлёвыя сеткі: Metro, Walmart. Там можна купіць звыклыя беларусам сыр ці масла, праўда, па завышаных коштах. Адзеньне ўсе купляюць праз інтэрнэт. І не на папулярным у Беларусі AliExpress, а на TaoBao. Замовы даходзяць літаральна празь дзень.

Вельмі ветлівыя, гавораць ціха, трымаюцца за свае месцы

Кітайцы, паводле Вольгі, людзі вельмі ветлівыя. Кажа, што ёй было вельмі ўтульна ў Сіані зь першых дзён. Але ёсьць рэчы, якія эўрапейцу складана зразумець. Напрыклад, мясцовыя жыхары могуць схадзіць па патрэбе ў бутэльку нават у гандлёвым цэнтры.

Вольга зазначае, што кітайцы больш сьціплыя на эмоцыі. Гавораць ціха, амаль не жэстыкулююць пры размове. Ад іх ніколі не пачуеш: «Мы самая лепшая нацыя». Наадварот, шчыра радуюцца дробязям.

Мясцовы парк

«А яшчэ тут існуе вялікая працоўная канкурэнцыя. Людзей шмат, усе трымаюцца за свае месцы, кожны намагаецца выканаць працу як мага лепей», — кажа Вольга.

Кітайцы вельмі любяць расейскую музыку. Гадоў дзесяць таму ў Кітаі быў вельмі папулярны сьпявак Вітас. Цяпер у трэндзе гурт «Любэ» і сьпявачка Паліна Гагарына. Музыка — вялікая частка мясцовай культуры. Там старэнькія бабулькі кажуць: «У маладосьці я працавала, а ў дарослым веку магу й адпачыць». Надзяюць прыгожыя сукенкі ды танцуюць пад любімыя гіты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнтам мае быць чалавек кшталту Дашкевіча» — каліфарнійская беларуска, якая «зьехала, а не ўцякла»

Праз год жыцьця ў Кітаі Вольга ацэньвае свой узровень валоданьня мовай як «побытавы нулявы». Яна можа сказаць базавыя фразы ў краме, дамовіцца з таксістамі, замовіць ежу ў кавярні. Са сваімі калегамі Вольга размаўляе па-ангельску ці па-расейску.

Як і шмат дзе ва Ўсходняй Азіі, у Кітаі эўрапейцы ў прывілеяваным становішчы. Калі ў Сіані адкрываецца новая кавярня ці клюб, то ў абвестцы можа быць напісана: «Прывядзі двух замежнікаў і атрымай бонус».

Кітайскія стравы

Цэнзура ў Кітаі: свой інтэрнэт і няспыннае назіраньне

Інтэрнэт у Кітаі выглядае нязвыкла для беларусаў. Там забароненыя заходнія сэрвісы накшталт Google, Facebook, YouTube. Напрыклад, з навучальнай групы Вольгі толькі 2 чалавекі ведалі, што такое YouTube. Калі хочаш зайсьці ў «замежны» інтэрнэт — патрэбны VPN, але ён у Кітаі забаронены, і карыстаюцца ім збольшага толькі замежнікі.

Усе ходзяць на мясцовыя аналягі — Baidu (пашукавік), Maps (сэрвіс мапаў), а ўжо ўзгаданы вышэй WeChat — самая папулярная сацыяльная сетка і мэсэнджэр. Празь яго можна ня толькі камунікаваць зь сябрамі, але і набыць квіткі на самалёт, выклікаць таксоўку, аплаціць пакупкі ў краме, перавесьці грошы.

«У Кітаі вельмі разьвіты ўнутраны рынак. Таму мне трохі шкада маіх студэнтаў: яны могуць нечага дасягнуць толькі тут», — кажа Вольга.

Апроч інтэрнэт-цэнзуры, у Кітаі нельга абмяркоўваць палітычныя пытаньні ці асабістае жыцьцё чыноўнікаў. Ніхто не выказваецца наконт камуністычнай партыі Кітаю. У гарадах паўсюль камэры. З аднаго боку, гэта павялічвае ўзровень бясьпекі, але зь іншага — прыходзіцца жыць пад няспынным назіраньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьехаць за мяжу лічылася вялікім зашкварам». Гісторыя беларускі, якая вучылася і выкладала на трох кантынэнтах

«Я абавязкова вярнуся ў Беларусь»

Хоць праца ў Кітаі Вользе падабаецца, яна прызнаецца, што вельмі сумуе па радзіме. Асабліва цяжка разьвітвацца з блізкімі ў аэрапорце. Падтрымліваць сувязь таксама няпроста — перашкаджае розьніца ў часе ў 5 гадзін.

«Бывае, мае сябры вяртаюцца дадому з бараў, а я ўжо зьбіраюся на працу», — жартам абураецца дзяўчына.

Праца выкладчыцай дапамагла ёй лепей зразумець свае пляны на навуковую карʼеру. Вольга хоча падрыхтаваць дапаможнік для выкладаньня беларускай мовы кітайцам. Практыка ўжо ёсьць, таму з тэорыяй праблемаў ня будзе, перакананая яна.

Навучальная група Вольгі

Дзяўчына хоча распавесьці пра сваё жыцьцё ў Кітаі як мага большай колькасьці людзей. Некалі Вольга вяла блог, але цяпер да яго не даходзяць рукі. Думае пра Telegram-канал.

«Я цяпер разумею, што гэта вельмі карысны досьвед. Але я не хачу заставацца ў Кітаі, абавязкова вярнуся ў Беларусь. А там пабачым, як жыцьцё складзецца: магчыма, буду працаваць з замежнымі студэнтамі, а можа, буду дасьледчыцай».

Сіань — вельмі прамысловы горад, вакол горы і зусім няма ветру. Гэтыя чыньнікі спрыяюць заўсёднаму смогу. Паветра часам бывае настолькі забруджана, што жыхароў гораду просяць не выходзіць з хаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тут і там. Чаму беларуска паехала вучыцца ў Кітай, а кітаец прыехаў у Беларусь