29 жніўня Гомельскі абласны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу Гомельскага хімзаводу. Іхны супрацоўнік — ратавальнік Кірыла Раманаў загінуў у 2017 годзе пры аўральных працах перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі. Бацькі спаганялі з хімзаводу маральную шкоду.
Суд Савецкага раёну ўвесну пастанавіў спагнаць з хімзаводу 50 тысяч рублёў маральнай шкоды на карысьць бацькоў Кірылы. Хімзавод палічыў, што гэта зашмат, і прасіў абласны суд перагледзець рашэньне і спагнаць з прадпрыемства ў пяць разоў менш — 10 тысяч.
33-гадовы жыхар Гомля Кірыла Раманаў загінуў на аўрале перад прыездам кіраўніка Беларусі. Ён працаваў кіроўцам ратавальнага атраду Гомельскага хімзаводу. У дзень сьмерці Кірылу і ягоных калегаў адправілі мыць кароўнікі, бо меўся прыехаць Аляксандар Лукашэнка.
Гаспадарка «Марозавічы-агра» — структурнае падразьдзяленьне Гомельскага хімзаводу. Мыць дах кароўніка ў абавязкі Кірылы Раманава, кіроўцы ратавальнага атраду, не ўваходзіла. Але кіраўніцтва загадала. Ратавальнікі хімзаводу чысьцілі на тым даху сьветлавыя ліхтары — праёмы, закрытыя полікарбанатам. Кірыла наступіў на полікарбанат і ўпаў з вышыні 6,6 мэтра на бэтонную падлогу. Ён загінуў на месцы. Удавой засталася маладая жонка з двума малымі дзецьмі — трох і шасьці гадоў на той момант.
Маці і бацька Кірыла страцілі здароўе па сьмерці сына — перанесьлі сардэчныя хваробы і гіпэртанічныя крызы. Бацька, Іван Раманаў, атрымаў інваліднасьць праз хваробу сэрца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Пінскдрэва» да «Інтэграла»: 9 трагедый на беларускіх прадпрыемствах апошніх гадоў«Сям’я загінулага — гэта жонка і дзеці»
Апэляцыю разглядала судовая калегія пад старшынствам Сяргея Шыцікава. Пазыцыю хімзаводу ў судзе адстойвала начальнік юрыдычнага аддзелу ААТ «Гомельскі хімзавод» Алена Памазкова. Яна зазначыла, што прадпрыемства просіць суд зьменшыць памер кампэнсацыі маральнай шкоды з 50 да 10 тысяч рублёў, бо
- парушэньні аховы працы, выяўленыя пры праверцы пасьля сьмерці Кірылы Раманава, наўпрост не зьвязаныя зь яго гібельлю;
- кіроўца ратавальнага атраду сам вінаваты ў сваёй сьмерці, бо парушыў правілы бясьпекі;
- хімзавод сплаціў жонцы і малалетнім дзецям грошы, прадугледжаныя ў такіх выпадках заканадаўствам і калектыўнай дамовай.
«Мы ня лічым правільным казаць, што гэта была сям’я. Для нас сям’я — гэта жонка і дзеці Раманава. Канечне, ёсьць бацькі, але яны вядуць асобную гаспадарку, асобна жывуць, сын іх ня ўтрымліваў. Калі казаць пра сям’ю настолькі пашырана, то можна ўзгадаць і бабулю, і дзядулю, і цётак, якія таксама маюць права прыйсьці і патрабаваць маральную шкоду. Але, прабачце, ёсьць закон, які абмяжоўвае сям’ю загінулага яго жонкай і малалетнімі дзецьмі», — сказала прадстаўніца прадпрыемства.
Калега Алены Памазковай — супрацоўнік юрыдычнай службы заводу дадаў, што «інструмэнт спагнаньня маральнай шкоды ў судовым парадку павінен служыць мэтам аднаўленьня парушаных правоў, кампэнсацыі маральных пакут, а ня спосабам заработку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнікам цукровага заводу вынесьлі прысуд за выбух, які прывёў да сьмерці работніц«Мы вам аддадзім усе грошы — толькі вярніце нам жывога сына!»
Маці нябожчыка Ганну Раманаву абурылі выступы прадстаўнікоў заводу ў судзе.
«Калі тут выказаліся, што мы зарабляем на сьмерці сына — то гэта проста блюзьнерства. Мы вам аддадзім усе грошы — толькі вярніце нам жывога сына! Як можна наогул так казаць? Што такое пахаваць сваё дзіця, адзінага сына, надзею на падтрымку ў старасьці...» — сказала Ганна Раманава.
Яна ўпэўненая: пра бясьпеку сваіх падначаленых хімзавод не клапаціўся, страховачных прыстасаваньняў пры працы на даху Кірыла і яго калегі ня мелі, арганізацыя працы была «ніякая» — адны работнікі мылі дах, іншыя насустрач ім тут жа яго фарбавалі.
Інтарэсы бацькі загінулага Івана Раманава ў судзе прадстаўляў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.
«Адказчык кажа пра прынцыпы разумнасьці і справядлівасьці — кожны можа разумець іх па-свойму. Я зьвяртаю ўвагу на той факт, што бацькі страцілі адзінага сына. Любому чалавеку зразумела, што такую страту нічым не кампэнсаваць. Бацькі страцілі здароўе, дзеці засталіся бяз таты», — падкрэсьліў прававы інспэктар.
Суд пастанавіў пакінуць скаргу хімзаводу без задавальненьня, рашэньне суду Савецкага раёну пакінуць правамоцным. Гэта значыць, што памер кампэнсацыі маральнай шкоды будзе такі, які вызначыў суд першай інстанцыі, — 50 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам да Лукашэнкі ісьці?» Дзясяткі расейскіх рабочых зь БелАЭС сьцьвярджаюць, што ім не заплацілі. ФОТА, ВІДЭАПасьля суду маці Кірыла Раманава сказала, што «паводзіны адказчыка былі агідныя, такое адчуваньне, што мы ім нешта вінаватыя засталіся, а не яны нам».
«Мы памерлі разам з сынам. У нас больш няма ні сьвятаў, ні радасьці. Нікому такога не пажадаю. Кірыла быў вельмі добры і надзвычай добрасумленны і чэсны. Мы ўсе сілы аддалі на яго выхаваньне. Цяпер яго дзеці растуць бяз бацькі, а мы на леках жывём», — дадала Ганна Раманава.
Леанід Судаленка лічыць, што калі бацькі засталіся задаволеныя рашэньнем сёньняшняга суду — то гэта і ёсьць тыя прынцыпы разумнасьці і справядлівасьці, пра якія гаварылася на паседжаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загінуў за паказуху перад Лукашэнкам. Гомельскі хімзавод ацаніў страту бацькамі сына ў 10 тысяч рублёў