Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы неўзабаве адкрые юбілейны 100-ы сэзон. Афіцыйным днём народзінаў Купалаўскага лічыцца 14 верасьня 1920 году. Ягоная сцэна памятае Мэерхольда і Камісаржэўскую.
Тут праходзіў Першы Ўсебеларускі зьезд. Купалаўскі — адзіны беларускі тэатар, які наведаў Аляксандар Лукашэнка, прычым двойчы. Знакамітая прыбіральня каля тэатру стала гарадзкой легендай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да свайго стагодзьдзя Купалаўскі тэатар паставіць спэктакль пра Менск часоў БНРСвабода сабрала 10 фактаў пра Купалаўскі тэатар.
1. На менскай сцэне ставіў «Балаганчык» Блока Ўсевалад Мэерхольд, грала Вера Камісаржэўская
У 1887 годзе з ініцыятывы тагачаснага менскага губэрнатара князя Трубяцкога гарадзкая Дума прыняла рашэньне пабудаваць на месцы пагарэлага новы тэатар. Архітэктарамі праекту сталі Караль Казлоўскі і Канстанцін Увядзенскі. Будынак урачыста заклалі 26 чэрвеня 1888 году.
Менская сцэна ў той час прымала найлепшыя пецярбурскія і маскоўскія трупы: тут гралі В. Камісаржэўская, М. Савіна, вучаніца М. Шчэпкіна Г. Фядотава, В. Далматаў, К. Варламаў, М. Пэтыпа.
Знакаміты рэжысэр Усевалад Мэерхольд у 1908 годзе паставіў на сцэне губэранскага тэатру «Балаганчык» Аляксандра Блока.
2. Цяперашнія касы — гэта легендарная прыбіральня, дакладная копія палаца сквапнага багацея
Побач з будынкам тэатру ў 1914 годзе зьявілася першая грамадзкая прыбіральня на тэрыторыі Беларусі. Паводле гарадзкой легенды, прыбіральня была копіяй палацу, гаспадар якога, заможны чалавек з Ігуменскага павету, не заплаціў архітэктару за працу (іншая вэрсія — той атрымаў сымбалічную суму). Так творца адпомсьціў сквапнаму багацею.
Пасьля рэканструкцыі Купалаўскага тэатру з 2013 году ў гэтым будынку разьмяшчаецца тэатральная каса.
3. У 1917 годзе ў будынку тэатру адбыўся Першы Ўсебеларускі зьезд
1 траўня 1917 года артысты «Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі», створанага акторам і рэжысэрам Флярыянам Ждановічам, упершыню паказалі на сцэне губэранскага тэатру «Паўлінку» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад нацыянальным сьцягам і гербам «Пагоня». 10 фактаў пра Першы Ўсебеларускі кангрэсЗ 18 па 31 сьнежня 1917 году ў будынку тэатру адбыўся Першы Ўсебеларускі зьезд, які абвесьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама на прыняцьце дэмакратычнай формы ўраду.
4. Афіцыйны дзень народзінаў тэатру — 14 верасьня 1920 году
Афіцыйнай датай заснаваньня Беларускага дзяржаўнага тэатру лічыцца 14 верасьня 1920 году. У праграме адкрыцьця першага тэатральнага сэзону — інсцэнізацыя аповесьці Э. Ажэшкі «Рысь» у выкананьні беларускай трупы, п’еса Шолам-Алейхема «Людзі» (габрэйская трупа), «Вясельле» А. Чэхава (расейская трупа). Да 1927 году ў склад тэатру ўваходзілі хор, балетная трупа і сымфанічны аркестар. Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць.
5. Імя Янкі Купалы тэатру надалі ў эвакуацыі ў 1944 годзе
У 1921 годзе ўрад БССР надаў маладому тэатру званьне акадэмічнага, каб узьняць прэстыж беларускай культуры. З 1926 году ён стаў называцца БДТ-1 (беларускія дзяржаўныя тэатры таксама былі адкрытыя ў Віцебску — БДТ-2, у Гомлі — БДТ-3).
Калі пачалася вайна, калектыў быў на гастролях у Адэсе. Адтуль трупе давялося, не вяртаючыся ў Менск, ехаць у Томск.
Менавіта там у 1944 годзе рэжысэр Леў Літвінаў паставіў славутую «Паўлінку» Янкі Купалы, якая стала візытоўкай тэатру. У тым жа годзе тэатру надаецца імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 годзе — званьне акадэмічнага.
6. Цягам 36 гадоў мастацкім кіраўніком тэатра быў Валеры Раеўскі
Галоўнымі рэжысэрамі і мастацкімі кіраўнікамі тэатру ў розныя гады былі Флярыян Ждановіч, Еўсьцігней Міровіч, Леанід Рахленка, Глеб Глебаў, Канстанцін Саньнікаў, Барыс Платонаў, Барыс Ерын.
Цягам 36 гадоў галоўным рэжысэрам і мастацкім кіраўніком Купалаўскага быў Валеры Раеўскі (з 1973 па 2009 гады). 10 апошніх гадоў мастацкім кіраўніком Купалаўскага працуе Мікалай Пінігін. Дырэктарам тэатру сёлета прызначаны былы міністар культуры і амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.
7. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Тутэйшыя» трапілі ў няласку
Адным з самых знакавых спэктакляў тэатру сталі «Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы (рэжысэр Мікалай Пінігін). У канцы спэктаклю на сцэне ўздымалі бел-чырвона-белы сьцяг. У 1992 годзе спэктакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Тутэйшыя» трапілі ў няласку. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году паўтара года спэктакль быў фактычна забаронены. 7 ліпеня 2002 году Мікалай Пінігін аднавіў «Тутэйшых». А потым спэктакль ізноў зьнік на пэўны час з рэпэртуару. Да 125-годзьдзя Янкі Купалы 5 ліпеня 2007 году п’еса была паказаная ізноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тутэйшыя» вернуцца на сцэну Купалаўскага тэатруУ траўні 2010 году было абвешчана, што «Тутэйшыя» зьнятыя з рэпэртуару. Афіцыйная прычына — састарэлі дэкарацыі.
8. Купалаўскі тэатар двойчы наведаў Аляксандар Лукашэнка. У іншыя тэатры ён не хадзіў
Першы раз у 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка прыйшоў на спэктакль «Князь Вітаўт». Дарэчы, з нагоды ягонага візыту ўпершыню сэзон у Купалаўскім адкрывалі не «Паўлінкай», а «Князем Вітаўтам». Разам з Лукашэнкам тэатар наведалі тагачасныя міністры культуры Леанід Гуляка, абароны — Леанід Мальцаў, начальнік службы аховы прэзыдэнта Андрэй Уцюрын.
Галоўную ролю князя Вітаўта выконваў тагачасны актор, а цяпер сябра Савету рэспублікі і кіраўнік праўладнай «Белай Русі» Генадзь Давыдзька. Пасьля заканчэньня спэктаклю Лукашэнка выйшаў на сцэну і падзяліўся ўражаньнямі
Другі раз Лукашэнка разам з малодшым сынам Колем наведаў Купалаўскі ў сакавіку 2013 году — пасьля рэканструкцыі тэатру. Гэтым разам паказвалі «Паўлінку».
9. У 2013 годзе завершылася рэканструкцыя тэатру, яму вярнулі аблічча 1890 году
У 1949 годзе ў тэатры прайшла рэканструкцыя інтэр'ераў паводле праекту Георгія Заборскага, а ў 1958 годзе быў рэканструяваны галоўны фасад паводле праекту архітэктара Абрама Духана: надбудаваныя бакавыя крылы да другога паверха і пераплянаваныя некаторыя памяшканьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэканструкцыя Купалаўскага: вынікіАпошняя рэканструкцыя доўжылася з 2010 па 2013 гады. Не абышлося і без скандалу. Была заведзеная крымінальная справа аб крадзяжы сродкаў, накіраваных на рэканструкцыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Тагачасны міністар культуры Павал Латушка і намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін атрымалі вымовы.
10. У трупе Купалаўскага — адзіны ў Беларусі народны артыст СССР
Цяпер у Купалаўскім працуе 8 народных артыстаў Беларусі (Галіна Арлова, Генадзь Аўсяньнікаў, Зоя Белахвосьцік, Марыя Захарэвіч, Зінаіда Зубкова, Віктар Манаеў, Арнольд Памазан, Галіна Талкачова), 9 заслужаных артыстыў Беларусі.
Менавіта ў трупе Купалаўскага застаўся адзіны ў Беларусі народны артыст СССР Генадзь Аўсяньнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 спэктакляў па беларускай клясыцы ў Менску і ня толькі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы спэктакль Купалаўскага — пра страх перад акупацыяй Беларусі Расеяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Купалаўскім тэатры паказалі «Вешальнікаў». Фота