Пасьля пастаноўкі «Шляхціца Завальні» ў Купалаўскім па хрэстаматыйным тэксьце Яна Баршчэўскага можна зьвярнуцца і да іншых спэктакляў паводле клясычных літаратурных твораў.
Паўлінка
Беларускі дзяржаўны тэатар імя Янкі Купалы
Самая неўміручая клясыка са сьпісу неўміручай клясыкі — найстарэйшы спэктакль Купалаўскага. Першы раз на сцэне тэатру Паўлінка зьявілася яшчэ ў 1920 годзе, праўда тады тэатар называўся БДТ-1: Купалаўскім ён стаў толькі пасьля вайны. А ў 1943-м зьявілася і адаптацыя рэжысэра Льва Літвінава, у якой спэктакль ідзе дагэтуль. А яшчэ за гэты час зьмянілася больш за дваццаць Паўлінак! Спэктакль адметны сваёй мовай — гэта аўтэнтычныя гаворкі з навакольных вёсак на радзіме Купалы.
Наступныя паказы — 16 і 29 ліпеня.
Жоўты пясочак
Магілёўскі драматычны тэатар
Плач для шасьці галасоў паводле апавяданьня Васіля Быкава. Гэта дэбютны спэктакль Камілі Хусаінавай, эскіз якога нарадзіўся падчас фэстывалю «М@рт.кантакт» у 2018 годзе. Простай мовай перадаць трагізм сытуацыі — гэта мэта маладой рэжысэркі. Задача няпростая, бо героі твору — сьмяротнікі, якіх вязуць на расстрэл з турмы НКВД як «выкрытых ворагаў народу». Далучыцца да плачу можна 17 ліпеня.
Дзікае паляваньне караля Стаха
Беларускі дзяржаўны тэатар юнага гледача
«Дарослы» псыхалягічны дэтэктыў паводле самай папулярнай аповесьці Ўладзімера Караткевіча ў пастаноўцы Ўладзімера Савіцкага. Збольшага гэта перанос гіта пятнаццацігадовай даўнасьці са сцэны Купалаўскага на сцэну ТЮГа. Спэктакль-візытоўка, спэктакль-міт. Адзначаецца акуратным стаўленьнем да арыгінальнага тэксту, за што карыстаецца асаблівай папулярнасьцю сярод школьнікаў: аповесьць пасьля прагляду можна ўжо й не чытаць. Новы сэзон у Тэатры юнага гледача адкрыецца ў верасьні.
Людзі на балоце
Беларускі дзяржаўны тэатар імя Янкі Купалы
Палескі эпас Івана Мележа ідзе ў тэатры з 2012 году. Паставіў спэктакль Аляксандар Гарцуеў: «Людзі на балоце» сталіся для яго «якасным эстэтычным ударам». Ці мае спэктакль той жа эфэкт? Праверце самі: наступны паказ 18 ліпеня.
Хто сьмяецца апошнім?
Тэатар-студыя кінаактора
Намінант «Нацыянальнай тэатральнай прэміі» ў 2016 годзе, рэжысэр — Алег Кірэеў. Спэктакль пастаўлены па адным з найлепшых сатырычных твораў — аднайменнай п’есе Кандрата Крапівы. Паіранізаваць з баязьлівасьці, прыстасаванства ды іншага падобнага можна 11 ліпеня.