На мінулым тыдні былі зьнятыя будаўнічыя полагі з Купалаўскага тэатру. Агаліўся фасад, бачнымі сталі сьцены, пілястры, балясіны і вокны. Час падвесьці вынікі ды высьветліць, ці варта было чапаць нацыянальны набытак.
Калі ў адукаванага чалавека запытацца, якія 50 зьяў ён асацыюе зь Беларусьсю, беларускай мовай і культурай, Купалаўскі ў гэты сьпіс абавязкова трапіць. Схаваны ў старасьвецкім парку будынак тэатру лунаў у нацыянальнай сьвядомасьці недзе побач з выявай Багушэвіча ды «Паўлінкай». Таму, калі стала вядома, што тэатар зьбіраюцца рэстаўраваць, усім дасьведчаным людзям зрабілася млосна. Бо ўжо быў вопыт.
Апошнім часам у рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў у Беларусі паўстае свой «вялікі стыль».
Існаваньне кожнай вялікай культуры адзначалася зьяўленьнем свайго стылю ў архітэктуры. Італьянскае «кватрачэнта» прынесла нам Рэнэсанс, напалеонаўская Францыя нарадзіла «ампір». Дык вось, за апошнія гады існаваньня «моцнай і квітнеючай Беларусі» зьявіўся пэўны стыль у разбурэньні. Падобна таму, як крытыкі архітэктуры знаходзяць усё новыя дасьціпныя характарыстыкі для азначэньня тых новабудоўляў, што паўстаюць у беларускіх гарадах (узгадваецца тэрмін «аграгламур»), трэба знайсьці слоўца і для сукупнасьці дзеяньняў дзяржавы і «органаў кіраваньня культурай» па руйнаваньні помнікаў. Бо ўсе яны адзначаюцца пэўнымі агульнымі рысамі, набываюць нават нейкі нацыянальны калярыт.
Я б назваў гэты «вялікі стыль» руйнаваньня «трэшчына-Армагедон».
Усё заўсёды пачынаецца з абяцаньняў, што рэстаўрацыя будзе цалкам празрыстая для грамадзкасьці. Людзям паказваюць прыгожы праект, робяць выгляд, што прыслухоўваюцца да крытыкі. Потым пачынаецца ўласна праца над праектам. Потым абавязкова здараецца нейкая неспадзяванка — і «па будынку ідуць трэшчыны». У выніку чаго яго даводзіцца цалкам ці часткова зносіць, каб на ягоным месцы паўстаў навабуд.
Самае знакамітае разбурэньне ў стылістыцы «трэшчына-Армагедон» — палац у Нясьвіжы. Там з-за «неспадзяваных» трэшчын проста развалілі пралёт левага крыла, адбудаваўшы яго ад пачатку (бо так таньней). Але трэба разумець, што гэта — менавіта стыль, што так і выключна так робіцца значная большасьць прац на гістарычных аб’ектах. Ці ня тое адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Менску? Таксама «трэшчыны», «аварыйны стан» і г. д. Дакладна так — з абяцаньнямі ўсё зрабіць «годна», «так, як і было», — руйнаваўся знакаміты «жоўты дом» ля станцыі мэтро «Няміга». Паглядзіце, што там зараз, і супастаўце з тым, што было…
З Купалаўскім усё адбывалася ў строгай адпаведнасьці з гэтым «анты-архітэктурным» стылем. Спачатку быў абраны праект. Добры праект. Былі значна больш дзікія — з надбудовай над Купалаўскім нейкай дзівацкай канструкцыі (гэты праект зараз ужо не выглядае такім дрэнным, бо, можа, захаваў бы гістарычныя сьцены). З абраным праектам, дарэчы, пагадзіўся нават Антон Астаповіч — галоўны абаронца помнікаў архітэктуры ў Беларусі. Праект зацьвердзіла навукова-мэтадычная рада. Пачалася праца.
І вось — раптам! — у выніку рыцьця катлавана (!) па будынку «пайшлі» «трэшчыны»! І зь нейкіх цьмяных прычын праект быў зьменены па ходзе, бяз тых узгадненьняў з радай, гісторыкамі, абаронцамі помнікаў, якія прайшоў першапачатковы праект.
Я ня ведаю, што імі рухала. Ці то сьпяшаліся выканаць у тэрмін? Ці то «трэшчыны» «пайшлі» занадта хутка? Усё астатняе чытачы незалежных сайтаў ведаюць: побач з нацыянальным набыткам, скарбонкай беларускага духу, зьявіліся «калупатары» Hitachi, якія хуценька зьнесьлі ўвесь заднік тэатра і частку бакавой сьцяны.
«Рэстаўратары» сьцьвярджаюць, што зьнесьлі выключна сьцены, надбудаваныя падчас перабудовы тэатру ў 1950 годзе. Аднак я ў гэта ня веру, бо на ўласныя вочы бачыў колер цэглы, якую скалупвалі тыя Hitachi. Астаповіч кажа, што зруйнаваная была аўтэнтычная сцэнічная каробка. Прадстаўнікі тэатру сьведчаць, што «дзякуючы замене старой цаглянай кладкі шырынёй каля 1,5 мэтра жалезабэтоннай сьцяной да 30 сантымэтраў» ім «удасца павялічыць сцэну». Відавочна, што ў 1950-х сьцены таўшчынёй у 1,5 м. не будаваліся…
У словах усіх, хто мае дачыненьне да гэтай «рэстаўрацыі з рэканструкцыяй», шмат супярэчнасьцяў. Напрыклад, яны кажуць, што «старая «каробка» не ўтрымала б новае сцэнічнае абсталяваньне коштам 6 мільёнаў эўра і вагой 10 тон. Дык калі зацьвярджалі праект — ужо ведалі пра тое абсталяваньне? Ужо ведалі, што «каробку» трэба будзе зьнішчаць?
Але будзьма аб’ектыўнымі. Фасад будынка выглядае файна. Прынамсі, значна лепей, чым было. Супастаўленьне яго з фатаздымкамі пачатку веку выяўляе, што гістарычны выгляд узноўлены дасканала. Мы бачым тыя самыя пілястры з вэртыкальнымі канэлюрамі на другім паверсе, мы бачым балюстраду з пухлявымі балясінкамі, мы бачым картуш з барэльефам на атыку.
Адзіная недасканаласьць, якую выявіў вельмі пільны агляд фасаду, — круглявыя разэткі па баках. На гістарычных фатаздымках добра відаць, што ў іх месьціліся мармуровыя бюсты, зараз там — вазы. Дарэчы, падобна да таго, што статуі з фасадавых «круглякоў» былі страчаныя яшчэ да рэстаўрацыі 1950-х гадоў: на фота з Бундэсархіву (Менск, 1943 год) бачна, што круглыя нішы ўжо пустыя, бюстаў у іх няма.
Але наколькі добра выглядае фасад, настолькі спрэчнай недарэчнасьцю выглядае рашэньне бакавых крылаў будынка. Нягледзячы на тое, што яны вытрыманыя ў плястычнай парадыгме клясыцызму, збоку тэатар хутчэй нагадвае казарму. Тут добра бачна істотнае павялічэньне аб’ёму, якое ўдалося прыхаваць у фасаднай частцы.
Не пабудавалі запраўку ці паркінг. Ці гандлёвы цэнтар. Калі гарадзкія ўлады пачалі сыстэматычна наракаць на аварыйны стан Купалаўскага, можна было чакаць найгоршага. Зьнесьлі ж «халодную сынагогу» на Нямізе. Зараз там нейкі двухпавярховы гандлёвы цэнтар «пад клясыцызм». Нешта кшталту гэтага магло здарыцца і з Купалаўскім. Купалаўскі ж захаваўся. Хай сабе і ў «гіпсакардонным» выглядзе.
Праца над праектам вялася ў дастаткова адкрытым рэжыме. Грамадзкасьці дэманстравалі «3D мадэлі», ладзіліся «віртуальныя экскурсіі» па інтэр’ерах. Карацей, PR-суправаджэньне было вельмі годнае. Тое, што ўрэшце гэта прывяло да таго, да чаго прывяло, — ну дык а як інакш?
Падабаецца трупе. Нараканьняў з боку тэатралаў не чутно. Наадварот, тыя людзі, якія выказваюцца наконт разбурэньня сьцен архітэктурнага помніка ў прэсе, цалкам задаволеныя. Маўляў, болей прасторы, зручней працаваць. Урэшце, яны прафэсіяналы, уладары сцэны, мы — гледачы.
Добры выгляд фасаду. Раней нацыянальны тэатар быў падобны да нейкай савецкай даміны. Зараз выглядае какетліва і прыгожа, так, як яго і плянаваў Караль Казлоўскі.
Задача павялічэньня аб’ёмаў вырашана ці не найгоршым чынам. Калі б вакол даўнейшай сцэнічнай «каробкі» ўзьвялі новыя муры, было б значна лепей: стары тэатар быў бы «накрыты» новым.
Добра, што падабаецца трупе, аднак адно пакаленьне актораў сыходзіць, іншае — прыходзіць. Купалаўскі ж у нас — адзін. Уявіце сабе, калі б заля Венскай опэры падалася цяперашняму дырыжору занадта маленькай (а яна сапраўды — надта маленькая!) і дзеля павелічэньня аб’ёмаў будынак разьнесьлі б экскаватарамі Hitachi.
Бакавыя сьцены, якія не пасуюць да фасаду: з боку праспэкту Незалежнасьці тэатар нагадвае Генштаб ці залю афіцыйных паседжаньняў. Выйшла другая рэзыдэнцыя, прабачце.
І самае галоўнае: незваротнасьць таго, што адбылося. Палотны Шагала ці Жака яшчэ можна выкупіць. Абавязкова надыдзе час, калі на культуру тут будзе выдаткоўвацца болей, чым на міліцыю ці спорт. І тады шмат якія памылкі, дапушчаныя ў нашы цёмныя ды дзіўныя часы, выправяцца. Але гістарычных сьцен Купалаўскага ня ўзновіш: яны адышлі назаўсёды.
Ведаеце, што здарылася з апошнім творам Караля Казлоўскага? З вытанчанай Варшаўскай філярмоніяй на 2 тысячы месцаў? Яна была разбураная падчас вайны і савецкая ўлада вырашыла яе не ўзнаўляць паводле праекту Казлоўскага: занадта какетліва. Там зьмясьцілі новы будынак філярмоніі, строгі, як патрабавала пралетарская эстэтыка. І калі савецкія часы скончыліся, узнавіць філярмонію Казлоўскага не ўдалося — з-за таго, што на яе месцы ўжо грувасьцілася іншая, савецкая, філярмонія. Тое ж будзе і з Купалаўскім: узнавіць яго ня выпадзе, бо ў нас ужо ёсьць Купалаўскі. Новы. Агромністы ды «гіпсакардонны».
Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, гэтым разам замест нашага традыцыйнага рэйтынгу я прапаную некалькі пажаданьняў да людзей, адказных за культуру і рэстаўрацыю ў Беларусі.
Апублікаваць арыгінальны праект Караля Казлоўскага з фонду нумар адзін Нацыянальнага гістарычнага архіву. Той самы праект, якім нібыта кіраваліся рэстаўратары. У прыватнасьці, было б добра прадэманстраваць грамадзтву, як выглядалі бакавыя часткі будынка, колькі паверхаў мелі, наколькі яны падобныя да таго, што атрымалася.
Агучыць імёны і прозьвішчы людзей, якія прынялі рашэньне працягваць рэстаўрацыю тады, калі выкананьне зацьверджанага навукова-мэтадычнай радай праекту сталася немагчымым. Гісторыя павінна ведаць герояў гэтай рэстаўрацыі.
Па магчымасьці скасаваць праграму «Замкі Беларусі»: прынамсі, замарозіць яе да тых часоў, калі за дзеяньнямі бульдазэрыстаў змогуць назіраць гісторыкі архітэктуры.
«Вялікі стыль» у разбурэньні

Ахвяра схемы

Фасад

Плюсы і мінусы гэтай рэстаўрацыі
Плюсы:

Мінусы: