У хаце 89-гадовай Ядзьвігі Балінскай застаўся стогадовы стары куфар, куды яна склала свой пасаг, як ішла замуж, і цёмная шафа з мужавага дома, якую цяпер схавалі ў каморы. Захаваліся і чорна-белыя фатаздымкі старэйшага брата Чэслава, які ў маладосьці трапіў на Ўрал, потым у Амэрыку, а адтуль ужо ніколі ня змог перасекчы мяжу, каб хоць вокам паглядзець на родную вёску.
«Ды дзе там?!»
«Дзе тамака?!», — махае рукой бабуля Ядзьвіга на пытаньне, ці любілі ў вёсцы бальшавікоў.
«Ды дзе там?!» — паўтарае яна зноўку, адказваючы, ці хацелі вяскоўцы ўступаць у калгас.
Тры вёскі Горадзенскага раёну — Келба́скі (так значыцца на шыльдзе), Лойкі і Васара́бы — выглядаюць як адна доўгая-доўгая вуліца. І калі б ня шыльды з назвамі, ніхто б не здагадаўся, што вёскі зьмяняюць адна адну.
Бабуля Ядзьвіга жыве адна ў самым канцы гэтай вуліцы, хоць па нумарацыі дом лічыцца першым у вёсцы Васарабы. Да яе накіроўваюць усе сустрэтыя жыхары.
На двары шмат кветак, стаяць арэлі, дагледжаная тэрыторыя. Бабе Ядзі дагэтуль належыць больш як гектар зямлі.
«Сын кажа: „Навошта вам цяпер столькі зямлі?“ А куды ж яе падзену? Тут харошае месца», — пераказвае пані Ядзьвіга.
Словы пра тое, што яна тут самая старэйшая, бабулю крыўдзяць. Ёсьць яшчэ пані Ванда, якая нарадзілася на некалькі месяцаў раней за яе.
Сама Ядзьвіга нарадзілася і жыла ў Келбасках, ажно пакуль ня выйшла замуж 65 гадоў таму. Тады і пераехала ў Васарабы.
«Хадзіла тры лет да польскай клясы»
Пані Ядзьвіга нарадзілася ў 1929 годзе. Засьпела час «за палякамі», «за немцамі» і бальшавікоў. Дзявочае прозьвішча — Рэкець. Бацькоў звалі Юзаф і Ганна. У сямʼі выхоўвалася пяцёра дзяцей, Ядзя — самая малодшая.
«Як Польска (Польшча) была, я хадзіла тры лет да польскай клясы. Школа была ў Лойках. Цяпер вы лайгіды (гультаі), жыцьцё маеце. Я хадзіла да школы мо два кілямэтры пешшу, у кажушку і абіяках драўляных. Такія мой бацька рабіў», — яна гаворыць на трасянцы і ўжывае шмат польскіх словаў.
Сямʼя лічылася заможнай, мела шмат зямлі. Аднак вопраткі ўсё роўна не хапала. Разам зь сястрой яны мелі адну на дваіх «ясёнку» — паліто на восень.
Па ўспамінах бабулі Ядзі, у школе выхоўвалі сувора. Калі вучань ня слухаўся, то настаўнік мог яго ўдарыць цэпам.
«Цяпер бы ў суд за гэта падалі», — мяркуе жанчына.
Да таго ж у дзяцінстве трэба было багата працаваць.
«Як лета было, то я ўсе снапы з поля перавязу. І навоз падавала. А снапы тыя цяжкія. Мне было гадоў 12. У возе бацька мяне пасадзіць, сам ідзе пешкі. Што вы цяпер робіце? На працу і целявізар. Вось я працавала. Яшчэ і даяркаю была», — распавядае пра дзяцінства бабуля.
Поле ў сямʼі было вялікае. Сеялі жыта, пшаніцу, ячмень. Мясіць цеста і пячы хлеб таксама было цяжка.
«У печ улезе 8 бляхаў. Тых булак больш як на тыдзень хопіць. Але ён ня чэрсьцьвеў так, быў смачны. Ідзем са школы, дзе ў каго хлеб пякуць, пахне ажно на дарозе. Так хочацца сьвежага хлеба! Раней бацькі паедуць у Горадню, прывязуць маленькую булачку-кайзэрачку. А цяпер тартоў якіх хочаш!» — кажа яна.
«Напхана абы-чаго. Ламаўя ўсялякага»
У бабулі Ядзі хата вялікая. Унутры парадак. На сьценах вышыўка. Мясцовы ксёндз кажа, што ў яе найпрыгажэй сярод усіх парафіянаў.
Самыя старыя рэчы ў хаце — гэта куфар і шафа. Праўда, стаяць яны ў самым далёкім пакоі, у каморы, дзе цяжка праціснуцца ад завалу. Імі ўжо амаль не карыстаюцца.
«Напхана абы-чаго. Ламаўя ўсялякага», — пані Ядзьвіга рэдка калі адчыняе цяжкую карычневую шафу, што засталася па мужу.
А вось куфар яна беражэ. Нават сястры не аддала, калі тая прасіла.
«Ён у мяне такі схронны. Тут мыша не залезе, нічога», — ганарыцца гаспадыня.
Яна распавядае, што як ішла замуж, трэба было мець поўны куфар вырабаў. У яе было 4 пуховыя падушкі, 50 саматканых дываноў, абрусы, вышываныя ручнікі, сурвэткі. Яна лічылася багатай нявестай.
«Цяпер нікому гэтыя дываны не патрэбныя», — шкадуе яна.
«У калгасе марна плацілі»
Суразмоўніца памятае, як бальшавікі пачалі раскулачваць тых, хто багацейшы, вывозілі іх у Казахстан у вагонах для жывёлы.
Ейнага бацьку таксама папрасілі паказаць зямлю, абмералі. Сямʼя першай запісалася ў калгас, каб уратавацца. Бяднейшых не чапалі. Для тых, хто ўвайшоў у калгас, меркавалася сваё пакараньне на вёсцы.
«На нас, на дзяўке (на дзевак), казалі, што на забавах ня будуць браць танцаваць. О дзе мелі бяду! Але танцаваць бралі потым», — усьміхаецца жанчына.
Працаваць у калгасе не любілі.
«У калгасе марна плацілі. Заробіш — колькі быў той працадзень — кілю ці дзьве збожжа, а грошай ні капейкі», — кажа Ядзьвіга.
Да таго ж бальшавікі спаганялі натуральны падатак збожжам, патрабавалі плаціць грошы.
«Мой бацька ня ўмеў сварыцца. Схаваецца за адрыну, выглядае, як прыедуць бальшавікі ўсялякія. То мама ўсё адгрызалася, а тата нават не паказваўся. Чаго прыходзілі? Трэба было даваць „кантэгент“ збожжа, так гэта называлася, і грошы. „Па пазыцы“ называлася», — распавядае пра тагачасныя парадкі вяскоўка.
Пры немцах яна зарабляла тым, што шыла і вязала адзеньне: швэдры, хусткі, спадніцы, кажухі. Швэдар каштаваў 10 марак.
«Немцы былі люцыпры (люцыфэры). Яны хадзілі „па чысьціні“, каб чыста было па хатах. Немец меў такую палачку і правяраў бэльку пад стольлю, ці там пылу няма. А як пылу ня будзе? Будзе! Як кажуць: „Немцы ідуць“. То ўсе ўжо падлогі кашавараць. Едзем да касьцёла, а конь у лайне. Немец ушпарыць нагайкай па гаспадару і дасьць штраф 5 марак», — абураецца паводзінамі немцаў бабуля.
«Хацеў перад сьмерцю хоць вокам на родную вёску паглядзець»
Напрыканцы жанчына расказвае сваю, бадай што, самую любімую гісторыю пра роднага брата Чэслава, які ў маладосьці зьехаў зь вёскі зь нічым і больш так і ня трапіў у родную хату.
На вясковых танцах у нядзелю Чэслаў пабіўся з брыгадзірам. Назаўтра адбыўся суд у Сапоцкіне, юнака прызналі вінаватым і асудзілі на год за хуліганства. Завезьлі на Ўрал, у Камсамольскую вобласьць.
Пасьля нейкім чынам брат апынуўся ў Амэрыцы, як — Ядзьвіга ня памятае. Можа, пасьля вайны ў межах рэпатрыяцыі трапіў у Польшчу, а ўжо адтуль паехаў у Амэрыку.
Тэарэтычна Чэслаў мог бы вярнуцца з Польшчы ў Савецкі Саюз. Але, хутчэй за ўсё, на радзіме яго чакаў бы суд і новая ссылка, калі не расстрэл.
«Ён там усё жыцьцё пражыў, там і памёр. Бачыце, які лёс. Усе яго сябры, якія тут жылі, пайшлі на вайну, і іх пазабівалі», — пераказвае Ядзьвіга.
Спачатку сямʼя нічога ня ведала пра лёс Чэслава. Потым ён пачаў пісаць дахаты лісты. Прыяжджаў у Польшчу, а маці і сястра езьдзілі на сустрэчу зь ім.
У Амэрыцы Чэслаў ажаніўся з полькай Марысяй з Чанстаховы, нарадзілі дваіх дзяцей.
Адтуль ён дасылаў фатаздымкі. У падарунак родным прысылаў шалёўкі (хусты), чырвоны і ружовы крэпдэшын на сукенкі.
Чым брат займаўся і дзе менавіта жыў, пані Ядзьвіга ня ведае. Але пісаў, што яму там добра. Пражыў Чэслаў гадоў 70-80. Пасьля ягонай сьмерці ўнучка бабулі Ядзі спрабавала знайсьці сьляды амэрыканскіх сваякоў. Аднак з гэтых спробаў нічога ня выйшла.
«Пісаў, што хоча перад сьмерцю хоць вокам на родную вёску паглядзець. Але нельга было. Калі б цяпер, то прыехаў бы. Але памёр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паміж беларусамі і палякамі не было сымпатыі». Што захавалася ў даваенным куфры сямʼі з-пад Шчучына ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Як выглядала дамавая кніга гарадзенца «за польскім часам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Гарадзенец сабраў унікальную калекцыю стогадовых артэфактаў сваёй сям'і ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Як абраз перажыў ссылку беларускай сямʼі ў Сыбір пасьля вайны