У сямʼі гарадзенца Ўладзімера Аплевіча захавалася вялікая скрыня з дакумэнтамі і фатаздымкамі ягонага прадзеда, таксама Ўладзімера Аплевіча. Сярод іх — дамавая кніга, якую запаўнялі то на польскай, то на расейскай мове, у залежнасьці ад улады.
Меў прапарцыянальны нос, быў непісьменны
Прадзед Уладзімер Аплевіч нарадзіўся ў 1887 годзе ў вёсцы Рыдзялі́ пад Горадняй. Як значыцца ў ягоным польскім пашпарце, выдадзеным у 1923 годзе, нарадзіўся ён у Беластоцкім ваяводзтве, Горадзенскім павеце.
З апісаньня ў дакумэнце вядома пра ягоны зьнешні выгляд: сярэдні рост, блакітныя вочы, прапарцыянальныя вусны і нос, авальная форма твару, колер валасоў — шатэн. Да таго ж у пашпарце запісана, што прадзед ня ўмеў чытаць і пісаць, але ведаў польскую і расейскую мовы. Вызнаваў праваслаўе.
Мужчына двойчы быў жанаты. Першы раз з Антанінай, зь якой меў двух сыноў — Аляксандра і Пятра. Другі раз — з Марыяй. Чаму прадзед ажаніўся другі раз, невядома. З другой жонкай Уладзімер меў аднаго сына Ўладзімера — гэта і ёсьць дзед маладзёна Ўладзя.
Бачыў Леніна, езьдзіў на заробкі ў Амэрыку
Сямʼя Аплевічаў была заможная. Пра гэта сьведчыць тое, што прадзед валодаў двума дамамі. Першы, драўляны, двухпавярховы дом месьціўся на былой Грандзіцкай вуліцы, 37. Цяпер гэта вуліца Горкага, што непадалёк ад цэнтральнай Савецкай вуліцы. У доме было 8 кватэраў. Самі Аплевічы жылі ў першай, астатнія кватэры здавалі.
Прадзед рабіў цесьляром, майстраваў мэблю. Засталося пасьведчаньне, у якім ён лічыцца таксама конюхам пры гарадзкім шпіталі. У сямʼі дагэтуль захавалася шафа, зробленая ягонымі рукамі. Родныя ведаюць, што ён езьдзіў на заробкі ў Пецярбург, дзе ўжывую бачыў, як выступае Ленін. Нічога болей пра тую «сустрэчу» прадзеда з правадыром сваякі ня памятаюць.
Наступнае прадзедава падарожжа было яшчэ далей — на заробкі ў Амэрыку. Ці там Уладзімер шукаў золата, ці займаўся сваім звыклым рамяством — у сямейных аповедах не захавалася. Як і тое, колькі часу ён правёў за акіянам.
Дахаты ён вярнуўся багатым чалавекам. І набыў другі дом — камяніцу на набярэжнай Нёмна, паблізу Калоскай царквы.
У дамавой кнізе запісы на розных мовах у залежнасьці ад улады
Болей пра жытло можна даведацца з дамавой кнігі рэгістрацыі, якую пачалі весьці ў 1931 годзе. У кнізе пакватэрна пазначалі, хто і калі заяжджаў і выяжджаў з дома. Пра кожнага жыхара запісвалі ягоныя імя і прозьвішча, імёны бацькоў, прафэсію, грамадзянства, веравызнаньне, адкуль пераехаў і куды выехаў. Да прыкладу, суседзямі тут былі рыма-каталічка Зофʼя з Горадні, праваслаўны Яўхім з Горадні і Абрам з Расеі, «майсеевага» веравызнаньня.
Дом № 37 на Грандзіцкай вуліцы нават меў у горадзе сваю народную назву — Залатая Горка, што асацыявалася з заможным раёнам.
Дарэчы, сама сямʼя Аплевічаў пераехала ў дом на Грандзіцкай вуліцы з дома № 13 на вуліцы Кляшторнай, якая месьцілася побач з самай старой у горадзе вуліцай Замкавай і на сёньня цалкам зьнішчаная.
Цікава, што да 1939 году ўсе запісы ў дамавой кнізе рэгістрацыі вяліся па-польску. Аднак ужо ў 1940 годзе зьяўляюцца запісы на расейскай мове, як у выпадку «Падеревской Софии».
У 1939 годзе «прыйшлі саветы і ўсіх ад усяго вызвалілі», як казала бабуля Ўладзя. У Аплевічаў забралі абодва дамы, але дазволілі сямʼі карыстацца той жа кватэрай № 1 на Грандзіцкай, 37. Яны жылі ў гэтым доме да 2006 году, ажно дом зьнесьлі.
Кватэру ў новым доме, якую далі ўзамен за зьнесенае жытло, сямʼя Аплевічаў прыватызавала за свае грошы. Дом на набярэжнай быў зруйнаваны ў вайну, у 1941 годзе.
Першая жонка прадзеда Антаніна з двума дзецьмі «не захацелі жыць у краіне саветаў» і зьехалі ў польскі горад Торунь, калі прыйшлі бальшавікі.
Прадзед Уладзімер Аплевіч памёр ва ўзросьце 85 гадоў у Горадні.
Раскажыце гісторыю сваіх рэчаў!
Калі ў вашай сямʼі ёсьць рэчы з даваеннай Беларусі і вы хочаце расказаць зьвязаную зь імі гісторыю, пішыце на rferl.minsk@gmail.com з тэмай ліста «Рэчы з гісторыяй».