20 жніўня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выступіў з гучным дакладам пра дзейнасьць праваахоўных органаў Беларусі. Ён расказаў пра супрацьзаконныя мэтады вядзеньня сьледзтва, фальсыфікацыі доказаў віны, злоўжываньне ўладай, арышты невінаватых, падкіданьне наркотыкаў і іншыя злачынствы супрацоўнікаў міліцыі і Сьледчага камітэту. Большая частка нарады прайшла за зачыненымі дзьвярыма.
Свабода зьвярнулася да старшыні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, які раней служыў у праваахоўных органах, мае званьне генэрал-лейтэнанта.
Чаму менавіта цяпер Аляксандар Лукашэнка выступіў з крытыкай праваахоўных органаў?
«У міністэрстве аказаліся людзі, якія спрабавалі выкарыстаць сваё становішча дзеля прасоўваньня па службе»
Паводле Мікалая Чаргінца, у Аляксандра Лукашэнкі «няма ніякіх сумневаў, што парадак у краіне забясьпечаны», але «прэзыдэнт глядзіць наперад».
«Мяняецца сытуацыя ў эканоміцы, у сацыяльным жыцьці краіны, а затрымалася на ранейшым узроўні сыстэма Міністэрства ўнутраных спраў. Міністар Шуневіч яўна не выконваў таго, што яму належала. На бяду, у ягоным міністэрстве аказаліся людзі, якія спрабавалі выкарыстаць сваё становішча дзеля прасоўваньня па службе, каб дагадзіць уласным амбіцыям, але супраць людзей, якія часта былі зусім не вінаватыя. Адносна іх праводзіліся незаконныя праверкі, праслухоўваньні, сачэньне».
«Ёсьць шэраг супрацоўнікаў, якія лічаць, што ім усё дазволена»
Паводле Мікалая Чаргінца, найбольш гэта было характэрна для ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.
«Там ёсьць шэраг супрацоўнікаў, якія лічаць, што ім усё дазволена. Прэзыдэнта такія факты заклапацілі. Той жа факт з галоўным інжынэрам заводу колавых цягачоў, якога пратрымалі працяглы час пад арыштам, а аказалася, што ён зусім невінаваты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апраўдальны прысуд галоўнаму інжынэру МЗКЦ пакінулі бязь зьменаўМікалай Чаргінец разглядае праведзеную нараду «як магчымасьць прасунуць інтарэсы дзяржавы, грамадзтва і кожнага чалавека на вышыню, якая дазволіць яму спакойна працаваць». Але разам з тым настроіць увагу праваахоўных органаў на прафіляктыку правапарушэньняў.
«Пры расьсьледаваньні спраў зыходзіць найперш з таго, што перад табой чалавек, а не жывая істота, над якой можна паглуміцца, пазьдзекавацца і папагражаць. У мяне таксама ёсьць факты, калі выклікалі ў АБАЗ (аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС. — РС) і крычалі: „Мы цябе зараз пасадзім“, і не саромеліся спасылацца на прэзыдэнта, што гэта яго каманда. Такіх камандаў і блізка прэзыдэнт не даваў. Гэта людзі, якія выйшлі з-пад кантролю, а зь іншага боку — выпадковыя ў сыстэме МУС».
«Сьледчы камітэт — гэта цэх гатовай прадукцыі»
Мікалай Чаргінец таксама выказаўся аб прэтэнзіях старшыні Вярхоўнага суду да Сьледчага камітэту, які, маўляў, «ціснуў на судзьдзяў».
«Але Сьледчы камітэт — гэта цэх гатовай прадукцыі. Ён выпускае прадукцыю, па якой можна меркаваць пра якасьць працы. Зусім магчыма, што былі нейкія памылкі і пралікі. Праца сьледчых тонкая. Але ў цэлым Сьледчы камітэт спраўляецца са сваімі абавязкамі. І сьледчыя менш дапускаюць парушэньняў законнасьці, чым службы, якія займаюцца непасрэдна пошукам злачынцаў. Што самае сумнае, атрымаўшы інфармацыю пра чалавека, часта ўспрымаюць гэта як чыстую манэту. Накідваюцца на чалавека і давай яго, кажучы міліцэйскай мовай, „калоць“. А аказваецца, што чалавек ні пры чым».
«Прэзыдэнт проста настройваў іх на будучыню»
Паводле Мікалая Чаргінца, прэзыдэнт клапоціцца, «каб не цярпелі невінаватыя людзі, каб любы чалавек у дзяржаўнай форме з зоркамі на пагонах бачыў перад сабой найперш не злачынцу, а чалавека».
«Гэтыя пытаньні найбольш клапацілі прэзыдэнта, і каб на будучыню праваахоўная сыстэма не адстала ад бурнага жыцьця і разьвіцьця грамадзтва, ад разьвіцьця эканомікі і вырашэньня пытаньняў правоў грамадзян. Тут прэзыдэнт проста настройваў іх на будучыню».
Мікалай Чаргінец згадаў пра парушэньні пры былым міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, які адпраўлены ў адстаўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарадзіўся ў Асэтыі, кіраваў спэцназам. Што вядома пра новага міністра ўнутраных спраўА цяпер, пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі, нехта павінен пайсьці ў адстаўку?
«Я ня ведаю, гэта справа прэзыдэнта. Могуць быць абноўленыя штаты. Я лічу, што трэба падумаць пра скарачэньне некаторых арганізацый у гэтай сыстэме. Не зусім правільна, што той жа АБАЗ ёсьць ва ўсіх падразьдзяленьнях праваахоўнай сыстэмы. У нас ёсьць АБАЗ, а ёсьць упраўленьне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Тут трэба падумаць, бо яны паралельна вырашаюць адны і тыя ж задачы. Ці будзе нехта адпраўлены ў адстаўку, мне цяжка сказаць. Можа, хто дапрацаваў да пэнсіі і яму час пайсьці».
Паводле Мікалая Чаргінца, найменш заўвагаў у Аляксандра Лукашэнкі да органаў дзяржбясьпекі.
«Здавалася б, яны павінны найбольш апэратыўна рэагаваць на зло. Але там адбываецца аналітычная праца. І радзей сустрэнеш, што парушаныя правы чалавека».
«Прэзыдэнт надаваў адказным па задніцы, каб працавалі лепш»
Ці мог быць зьвязаны выступ Аляксандра Лукашэнкі з будучымі выбарамі?
«Аляксандар Лукашэнка ў дадзенай сытуацыі ня зьвязвае гэтую справу з выбарамі. А з абавязкам прэзыдэнта трымаць руку на пульсе падзей і на пульце дзейнасьці ўсіх органаў дзяржаўнага кіраваньня. Разабраліся ў сыстэме ахове здароўя, колькі было парушэньняў, і, я думаю, гэтым ня скончыцца. Чаму лекі даражэюць, чаму такая вялікая колькасьць аптэк? Гэта сьведчыць пра тое, што некаторыя дзялкі знайшлі лазейку, каб нажывацца за кошт народу. Праверка ўсёй сыстэмы павінна працягвацца. Была праведзена праца па жывёлагадоўлі, знайшлі праколы, у летні час дапушчаны падзеж жывёлы ад голаду. Прэзыдэнт надаваў адказным за жывёлагадоўлю па задніцы, каб працавалі лепш. Дайшла чарга да праваахоўнай сыстэмы. Дойдзе чарга да ўсіх кірункаў жыцьцядзейнасьці дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ, Савет бясьпекі ці Натальля Качанава? Хто расказаў Лукашэнку пра парушэньні ў праваахоўных органахПаводле Мікалая Чаргінца, кіраўнікам праваахоўных органаў трэба часьцей зьвяртаць увагу на прафіляктыку правапарушэньняў у сваіх шэрагах.
«Але паддавацца паніцы, што адбылася такая эпахальная падзея... Гэта не эпахальная. Гэта нармальная жыцьцядзейнасьць дзяржавы. Такія факты мы можам знайсьці ў любой краіне. Ну што ж зробіш. Нават вельмі высокапастаўленыя людзі ў іншых дзяржавах выкрываюцца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў», — кажа Мікалай Чаргінец.
Мікалай Чаргінец мяркуе, што інфармацыю пра парушэньні ў праваахоўнай сыстэме Аляксандру Лукашэнку маглі падаць Савет бясьпекі альбо Адміністрацыя прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прынцып адзін і той жа: ня важна, хто абгадзіўся, каровы ці сілавікі». Праваабаронца пра сакрэтны даклад