Людзі, якія працуюць дыстанцыйна і шмат вандруюць, складаюць на сайце NomadList рэйтынг гарадоў сьвету. Менск аказаўся ў рэйтынгу між аргентынскай Кардобай і польскімі Катавіцамі.
На рэйтынг зьвярнуў увагу IT-партал Dev.by, але складаюць яго ня толькі праграмісты — гарады на NomadList можа ацаніць любы, хто працуе ў розных гарадах сьвету і мае з чым параўноўваць. Асноўныя паказьнікі — цэны, клімат і хуткасьць інтэрнэту, але гэтыя парамэтры не адзіныя. Ды рэйтынг складаецца з суб’ектыўных уражаньняў, дакладнасьць водгукаў не кантралюецца.
Менск у рэйтынгу атрымаў 3,46 бала зь 5 магчымых пры 211 водгуках. «Качэўнікі» адзначаюць наступныя асаблівасьці гораду.
Добрыя:
- цана на пражываньне (1145 даляраў на месяц);
- хуткасьць інтэрнэту (у сярэднім мелі 14 Мбіт/с);
- бясьпека;
- магчымасьць прайсьціся па горадзе;
- месцы для працы;
- наяўнасьць ацяпленьня і кандыцыянэраў;
- ветлівасьць да замежнікаў;
- прастора і нешматлюднасьць;
- лёгкасьць вядзеньня бізнэсу;
- высокая якасьць адукацыі.
Нармальныя:
- якасьць жыцьця;
- мір;
- забавы;
- начное жыцьцё;
- шчасьлівасьць мясцовых;
- бясплатны WiFi у горадзе.
Кепскія:
- ахова здароўя;
- валоданьне ангельскай мовай сярод мясцовых;
- бясьпека для жанчынаў;
- ветлівасьць да ЛГБТ-супольнасьці;
- рэйтынг стартапаў;
- разнастайнасьць забаваў;
- холад зімой;
- магчымасьць завесьці сяброў;
- дэмакратычнасьць;
- курэньне сярод мясцовых.
Некаторыя пункты неадназначныя. Так, якасьць паветра цяпер пазначаная як добрая, але адзначаецца як мінус «пагаршэньне якасьці паветра цягам году». Па балах бясьпека на дарогах, вільготнасьць і свабода слова ў Менску вышлі на сярэднія пазыцыі ў сьвеце, але першае пазначана як плюс, другое і трэцяе — як мінус гораду.
Топ-5 гарадоў у рэйтынгу — Чангу (Балі), Бангкок (Тайлянд), Варшава (Польшча), Сэул (Паўднёвая Карэя) і Бэрлін (Нямеччына).
На момант публікацыі Менск на 32-м месцы. Побач Лос-Анджэлес (29 месца), востраў Тэнэрыфэ (30) і Кардоба (31); Катовіцы (33), Тбілісі (34) і Кішынэў (35).
У топ-100 акрамя Варшавы ўвайшлі і іншыя гарады краінаў-суседзяў Беларусі: Гданьск (11), Кіеў (15), Кракаў (16), Вільня (25), Лодзь (26), Талін (27), Катовіцы (33), Люблін (45), Львоў (47), Санкт-Пецярбург (50), Познань (57), Уроцлаў (71), Коўна (75), Шчэцін (91) і Рыга (99). Па-за топ-100 аказалася Масква (127).
Менск у рэйтынгу аказаўся вышэй за, напрыклад, Манрэаль (38), Вену (40), Амстэрдам (43), Порту (54) ці Нью-Ёрк (55).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск зноў назвалі найгоршым з буйных гарадоў Эўропы паводле якасьці жыцьця ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Менску дагнаць Варшаву. Раіць польскі дасьледнік будучыні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN назваў Менск адным з найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы. Але ёсьць нюанс