Ва ўкраінскім горадзе Чарнігаў сёньня пачаўся форум беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі ў падтрымку стварэньня незалежнай праваслаўнай царквы ў Беларусі.
У форуме бяруць удзел больш за 100 дэлегатаў зь Беларусі і Ўкраіны.
Кіраўнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіяпіскап Сьвятаслаў Логін мяркуе, што форум дапаможа беларускім грамадзянам асэнсаваць неабходнасьць зьменаў у рэлігійным жыцьці краіны:
«Гэта пэўны штуршок для людзей, каб яны пабачылі, што патрэбна нешта мяняць і што можна нешта зьмяніць. Галоўнае, каб людзі мелі больш інфармацыі пра царкву і рэлігію ў Беларусі — гістарычную і кананічную, і што можна ствараць грамады, і гэта законна», — сказаў Свабодзе архіяпіскап Сьвятаслаў Логін.
Герарх дадаў, што беларуская нацыянальная царква можа атрымаць аўтакефалію ад Канстантынопалю толькі ў тым выпадку, калі яе прызнае дзяржава, а ўлады Беларусі стала адмаўляюць Беларускай аўтакефальнай царкве ў рэгістрацыі. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць усяго некалькі прыходаў БАПЦ.
«Але ёсьць такія асяродкі падтрыманьня нашай царквы, якія, я мяркую, могуць перарасьці ў рэлігійныя грамады», — сказаў архіяпіскап.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі архіяпіскап: Адсутнасьць у Беларусі аўтакефаліі парушае апостальскія каноныПаводле архіяпіскапа Логіна, рух за стварэньне незалежнай нацыянальнай царквы ў Беларусі можа быць даволі хуткім:
«Галоўнае, каб наша царква легальна існавала, і тады мы можам данесьці слова людзям. Нават у меншасьці яна будзе хутка разбудоўвацца. Я бачу, як цяпер шмат людзей і асабліва моладзі прыходзіць на беларускамоўныя службы ў парафіях Маскоўскага патрыярхату, хаця ўсё робіцца для таго, каб іх не наведвалі — іх ладзяць а 7-й раніцы па суботах».
Архіяпіскап Логін сьцьвярджае, што для стварэньня нацыянальнай царквы маюцца і кананічныя падставы:
«Ужо створаная і кананічная база для гэтага — цяпер мы маем рашэньне Канстантынопальскага сабору герархаў, у якім дакладна адзначаецца, што Беларусь ёсьць кананічнай тэрыторыяй Канстантынопальскага патрыярхату».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквыАрхіяпіскап Сьвятаслаў Логін паведаміў, што Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква мае шчыльныя дачыненьні з Праваслаўнай царквой Украіны, якая падтрымлівае жаданьне БАПЦ атрымаць стус кананічнай нацыянальнай царквы. У прыватнасьці, беларускія сьвятары бясплатна атрымліваюць адукацыю ў духоўных сэмінарыях Украіны.
«Апроч таго, украінская царква дае нам магчымасьць служыць у іхных храмах, пасьвячаць сьвятароў, рабіць хіратоніі», — дадаў ён.
Кіраўнік БАПЦ не выключае, што пасьля прызнаньня Канстантынопалем незалежнай беларускай царквы да яе могуць далучыцца і сьвятары зь беларускіх япархіяў Маскоўскага патрыярхату, як гэта адбываецца і ва Ўкраіне:
«Наколькі я ведаю настроі сьвятароў, вялікая іх частка хацела б быць у беларускай царкве. Некалькі гадоў таму адбыўся сход сьвятарства Менскай япархіі, і на ім была ўхвалена пастанова, каб надаць беларускаму Экзархату статус аўтаномнай царквы. Гэта значна б пашырыла правы: беларуская царква магла б абіраць свайго мітрапаліта (цяпер яго прызначае Масква), вырашаць пытаньні кананізацыі сьвятых, абрадавыя і моўныя пытаньні. Але, зразумела, што Масква баіцца надаваць аўтаномію беларускай царкве і яна засталася адзінай, якая ня мае ні аўтаноміі, ні аўтакефаліі», кажа архіяпіскап Логін.
Сьвятаслаў Логін падкрэсьліў, што згодна з апостальскімі канонамі, кожны народ павінен мець першгерарха, а ў Беларусі ёсьць экзарх — прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату.
«Вернікі і царква ў Беларусі ўшчэмленыя ў духоўным пытаньні. Але мне падаецца, што кожны народ мусіць адстойваць свае правы».
Форум у Чарнігаве арганізаваны Рухам салідарнасьці «Разам».
У выніку дыскусіі яго ўдзельнікі ўхваляць заявы аб безумоўным праве беларускага народу на ўласную дзяржаўнасьць і неабходнасьці рэгістрацыі БАПЦ у Беларусі.
На форуме беларускія і ўкраінскія актывісты зь Кіева перадалі арганізатарам форуму 8-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг, на якім у часе акцыі ў Кіеве 27 ліпеня ўкраінцы напісалі свае пажаданьні беларускаму народу. Яго плянуюць неўзабаве прэзэнтаваць на адной з акцый у Менску.
Алена Талстая, адна з арганізатараў форуму, паведаміла Свабодзе, што двух удзельнікаў форуму ня прапусьцілі праз мяжу зь Беларусі. Паводле яе, яны маюць забарону на выезд праз сваю грамадзянскую актыўнасьць.
«Адзін зь іх — Яўген Парчынскі з Наваполацку, які павінен быў выступіць з дакладам на форуме», — удакладніла Алена Талстая.
18 жніўня, у нядзелю ў Кацярыненскай царкве ў Чарнігаве адбудзецца служба за Беларусь.
Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна
6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.
Што гэта азначае
- Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
- Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.
Найноўшая перадгісторыя
- У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
- 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
- 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
- 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).
Рэакцыя Масквы
- Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
- Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
- 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.
Становішча ў сусьветным праваслаўі
Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:
- Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
- Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
- Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
- Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
- Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
- Грузінская (4 млн чалавек)
- Сэрбская (10 млн чалавек)
- Румынская (16 млн чалавек)
- Баўгарская (8 млн чалавек)
- Кіпрская (420 тыс. чалавек)
- Элядзкая (8 млн чалавек)
- Альбанская (700 тыс. чалавек)
- Польская (500 тыс. чалавек)
- Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)
Прыклады наданьня томасаў:
- 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
- 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
- 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
- 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
- 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.