Анкета на лета. Данута Бічэль-Загнетава: «Калі б я была багатая, тады не пісала б вершаў...»

  • ВА

Беларуская паэтка Данута Бічэль-Загнетава

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — паэтка Данута Бічэль-Загнетава.

Хто гэта?

Вядомая беларуская паэтка, аўтарка кніг «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты — гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасьцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палесьсі» (1990), «Божа, мой Божа» (1992), «Нядзелька» (1998), «Снапок» (1999), «На белых аблоках сноў» (2002), «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» (2004), «Нараджэньне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы» (2005), «Ойча наш...» (2008), «Іду сьцяжынаю да Бога» (2012), «Выбраныя творы» (2016), «Дайсьці да Каложы» (2017), шматлікіх твораў для дзяцей, нарысаў, мэмуараў і эсэ.

Стваральніца і загадчыца Дома-музэя Максіма Багдановіча ў Горадні, адна з ініцыятараў выпуску самвыдавецкай газэты «Рэанімова», якая мела на мэце папулярызацыю клясычнага правапісу беларускай мовы.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

У дзяцінстве, калі тата насіў мяне на руках. Калі я вылезла з палатнянай калысачкі і пайшла ножкамі, і склала свой першы верш: «Акунь-дакунь-кунь-кунь-кунь». Ня ведаю, на якой гэта мове.

2. Які ваш найбольшы страх?

Калі сын не прыходзіць дадому і яго мабільнік адключаецца на цэлую ноч. Гэта бывае надта часта. За яго хвалююся, бо ён самы слабы і побач.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мяне, маленькую, тата з мамай бралі да сябе ў пасьцель, я засынала, а пасьля прачыналася ад холаду ля сьцяны...

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Я ня ўмею лічыць грошы, яны ў мяне канчаюцца неспадзявана і нечакана.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Мне не падабаецца тое, што яны лічаць сябе рускімі. Або палякамі. Усё астатняе можна неяк стрываць. Але і тую загану я асабліва не адчуваю, бо цяпер я жыву ў сваёй кватэры, кантакты трымаю толькі з тымі, хто мяне любіць і каго люблю я.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Гэта калі Эрык падаў на развод, нічога мне не сказаўшы, пайшлі ў ЗАГС і нас разьвялі. А пасьля мы жылі далей, робячы выгляд, што нічога не адбылося — я не хацела непакоіць маіх дзяцей і бацькоў.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Жыцьцё. Здароўе. Маё і маіх дзяцей, унукаў, сёстраў, сяброў, коцікаў і варонкі Сьветкі, якую я ў мінулым годзе падабрала на сьцежцы і прынесла ў кватэру.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Я веру ў Бога. Таму такіх жаданьняў у мяне няма. Што Бог даў. Вядома, я вучылася ў вясковай школе, у Горадзенскім пэдынстытуце. З усіх месцаў маёй вучобы найболей ведаў я атрымала ў Лідзкай пэдвучэльні. Практычна, што я ўмею, атрымала самаадукацыяй. Я змарнавала шмат часу на таптаньне на месцы і не змагла выкарыстаць свае прыродныя здольнасьці на поўную сілу...

9. Што робіць вас няшчаснай?

Я шчасьлівая. Бог даў мне дзяцей і траіх прыгожых унукаў!

У вёсцы Біскупцы і ў Першамайску жывуць тры стрыечныя сястры, у Дворышчы пляменьніца Галька, а ў яе дзеці, унукі. Шмат у мяне пляменьнікаў, сяброў і добрых людзей. Яшчэ ёсьць часопісы «Наша вера» і «Ave Maria», якія зьмяшчаюць тое, што ім пасылаю. Я цяпер уклала кніжачку вершаў «Гускі вяртаюцца», дасьць Бог, дзе-кольвечы я яе выдам. Бывае, што грошы зьяўляюцца нечакана. Я шчасьлівая: Кастусь Цьвірка ўключыў і выдаў маю творчасьць у «Беларускім кнігазборы» пад нумарам 88. Я лічу гэта знакавым лікам. Я дапамагаю аўтарам асьмеліцца і выдаць свае вершы. Апошні такі праект — гэта кніга Валянціны Навасельскай «Дарога ў Вільню», да якой я напісала ўступнае слова. Раней дапамагла Веры Вайцюль са Смаргоні выдаць томік «А музыка гучала». Былі і іншыя праекты.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Ня спаць па начах, хадзіць па калідоры, піць каву, выходзіць на вуліцу, абыйсьці навакольле, а ў суседнім пакоі прачынаецца сын. Размаўляць уголас. Мне самой ужо цяжка прыбірацца ў кватэры.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Апроч вершаскладаньня, я кармлю катоў з усёй Пярэселкі, варонаў і бяздомных сабак.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Я прашу прабачэньня ў Бога за змарнаванае грэшнае жыцьцё.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

У таго мужчыны яшчэ могуць быць пацалункі з маладзейшымі жанчынамі. Няхай сабе цалуецца.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

У дзевяностыя гады нацыянальная інтэлігенцыя ня здолела выкарыстаць той момант, каб дапамагчы Беларусі адарвацца ад суседа, стаць незалежнай не юрыдычна, але фактычна: палітычна, эканамічна, маральна, духоўна, няхай сабе паесьці заціркі.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Я ведаю, што маім жыцьцём кіруе Нехта, Невідочны. А для Краіны — я хацела б, каб гэта было Вялікае Княства Літоўскае, але бяз польскіх каралёў і расейскіх цароў. Толькі гэта ўжо не жыцьцё, а фантазія.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Не магла б і не хацела б. Я пастараюся вытрываць тут, куды я трапіла, так, як ёсьць.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

У дзяцінстве па нас стралялі немцы, а мы зь цёткай Броняй беглі напрасткі праз поле ў Глінішчы. У маладосьці: я паплыла па Гаўі і трапіла ў вірок, пра які ня ведала, нікога на лузе не было, а плавала дрэнна.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Каб сын меў нармальныя заробкі, бо работу сталяра ён любіць. Грошай не хапае. І прыходзіцца ўвесь час жабраваць у сяброў, а найчасьцей у дачкі Вікторыі. Толькі калі б я была багатая, тады я не пісала б вершаў. І ня ведаю, чым бы я кампэнсавала гэтае захапленьне.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Музэй Максіма Багдановіча, які я сабрала, адчыніла. Стварыла там атмасфэру гасьціннасьці і любові. А пасьля мяне адправілі на пэнсію і перастварылі, перарабілі ўсё, як ім трэба было.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Калі не баліць галава і не адмірае левая рука... я па начах пішу вершы. 12 красавіка, у дзень сьмерці мамы, я напісала тры вершы з цыклю «Нябёсы Каложы»...

...

«На Каложы стыкуюцца ўсе стагодзьдзі,
як брат да брата, прыходзяць —
адно неба шэрае, а другое карае:
такія нябёсы стагодзьдзяў,
як вочы ў Караткевіча Валодзі...»

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

У мяне няма такіх патрабаваньняў. Я толькі хачу, каб мяне пахавалі на могілках у Біскупцах, каля Эрыка Загнетава, каб усім было добра. Астатняе — гэта не мая справа, няхай людзі разьбіраюцца самі, каго ім памятаць, а каго ня памятаць.