Афіцыйны прававы партал Pravo.by паведаміў 8 жніўня, што Аляксандар Лукашэнка яшчэ 26 ліпеня падпісаў указ «Аб некаторых пытаньнях разьвіцьця прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай». Сам указ не публікуецца.
Абноўлена: Указ быў апублікаваны 9 жніўня і набыў моц.
З Pravo.by вядома, што:
- плошча Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку зьменшаная — выключаныя ўчасткі «некаторых землекарыстальнікаў, разьмешчаныя ў яго межах, мэтавае прызначэньне якіх не адпавядае прыродаахоўным мэтам»;
- не зразумела адназначна, на колькі зьменшылі плошчу запаведніку: на Pravo.by сьцьвярджаецца, што «агульная плошча гэтых земляў складае 1404,2 га (раней — 1920,8 га)», і гэта можа значыць, што з запаведніку выключылі толькі 516,6 га (яго агульная плошча складала раней 85 192 га);
- агульная плошча Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» зьменшылася на 276,97 га і цяпер складае 64 216,33 га, і зь яе таксама выключылі ўчасткі «некаторых землекарыстальнікаў, размешчаныя ў яго межах, мэтавае прызначэньне якіх не адпавядае прыродаахоўным мэтам»;
- плошча запаведнай зоны «Браслаўскіх азёраў» павялічаная на 1,2 га за кошт земляў ляснога фонду і цяпер складае 3407,2 га;
- для параўнаньня: плошча футбольнага поля — каля 0,7 га.
Невядома, што за землекарыстальнікі закранутыя ўказам і чаму землі ў межах паркаў «не адпавядалі прыродаахоўным мэтам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад прапанаў абмежаваць будаўніцтва ў менскім заказьніку. Раней там дазваляў будаваць Лукашэнка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самі вінаватыя. Ці могуць людзі нешта зрабіць, калі новабудоўля закрывае ім белы сьвет?