Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прапанаў абмежаваць будаўніцтва ў менскім заказьніку «Лебядзіны». Раней там дазваляў будаваць Лукашэнка


Заказьнік Лебядзіны восеньню 2018 году
Заказьнік Лебядзіны восеньню 2018 году

На сайце беларускага Прававога форуму пачалося абмеркаваньне праекту пастановы ўраду наконт заказьніка «Лебядзіны», што на паўночным захадзе Менску побач з вадасховішчам «Дразды».

Арганізатар грамадзкага абмеркаваньня — Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя Беларусі.

«Лебядзіны» прапануюць

  • пераўтварыць з рэспубліканскага біялягічнага заказьніка ў проста рэспубліканскі заказьнік (бо паводле новых правілаў заказьнікі ня дзеляць на віды);
  • забараніць у ім практычна любое будаўніцтва;
  • дазволіць будаўніцтва толькі аб’ектаў ўпарадкаваньня і экатурызму: экасьцежкі, аглядальныя пляцоўкі і вышкі, альтанкі, павеці, памосты, лаўкі;
  • забараніць выгул свойскіх жывёлаў;
  • забараніць выкарыстаньне піратэхнікі з 15 лютага да 15 жніўня кожнага году.

Камэнтары на форуме неабавязкова ўлічаць пры прыняцьці праекту, але яны могуць быць разгледжаныя адказнымі асобамі.

Там усё роўна будуюць — проста выводзяць землі з тэрыторыі заказьніка

Ад «Лебядзінага» пачалі адразаць зямлю яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зьменшылі на 8 гектараў.​

У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай.

Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў — вуліц Браслаўскай і Ціміразева). Тамсама паўстала і лядовая арэна, на якой гуляе ў хакей Лукашэнка і каманды аматарскай лігі прэзыдэнцкага спартовага клюбу.

Спартовы комплекс з катком «Алімпік-парк»
Спартовы комплекс з катком «Алімпік-парк»

Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, яму таксама далі розныя льготы. Сярод іншага Лукашэнка дазволіў «выдаляць аб’екты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак» і «ажыцьцяўляць зьняцьце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.

Калі ў канцы 2018 году высьветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказьніка, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зьменшыў межы «Лебядзінага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG