Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце сьмерці магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. Пра гэта сказаў Свабодзе бацька — Уладзімер Патаповіч.
Паводле яго, вынесена пастанова аб спыненьні папярэдняга расьсьледаваньня справы на падставе таго, што адсутнічае «грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прадугледжанае крымінальным законам».
«Яны не напісалі наўпрост пра суіцыд, сфармулявалі такім чынам, што супраць сына не было ўчынена небясьпечнага дзеяньня, таму расьсьледаваньне завершана», — тлумачыць сваё разуменьне адказу са Сьледчага камітэту Ўладзімер Патаповіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У эксгумацыі адмовілі. Бацька загінулага супрацоўніка ДАІ з Магілёва напісаў ЛукашэнкуПаколькі Ўладзімер Патаповіч не прызнаны пацярпелай асобай па справе, то паводле закону ён ня мае права знаёміцца зь яе матэрыяламі. Усё ж ён напісаў заяву з просьбай даць яму такую магчымасьць.
Раней Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт не знайшлі падставаў, каб задаволіць зварот Патаповіча з просьбай правесьці эксгумацыю цела сына. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта. Адказу адтуль пакуль няма. Кажа, што з адміністрацыі разасланыя запыты ў сьледчыя органы.
Уладзімер Патаповіч ня верыць у самагубства сына і настойвае, што яго забілі. Пакуль ён не гатовы зьвязваць Яўгенаву сьмерць з прафэсійнай дзейнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сына зьняславілі». Чаму бацькі міліцыянта Патаповіча ня вераць у суіцыдНі ён, ні былая жонка не былі на апазнаньні ў моргу. Ён кажа, што агледзець цела сына жаданьне было, але яго пераканалі, што рабіць гэтага ня варта з «этычных меркаваньняў, каб не палохаць пашкоджаньнямі на целе». Цяпер Уладзімер Патаповіч называе адмову ад удзелу ў працэдуры апазнаньня памылкай.
Яўген Патаповіч быў адзіным сынам у сям’і. Паводле бацькі, калегі па працы не забываюць свайго калегу, які загадкава загінуў. Выказваюць падтрымку. Уладзімер Патаповіч сам у мінулым супрацоўнік ДАІ. Цяпер жыве ў райцэнтры Кіраўску. Зь Яўгенавай маці ў разводзе. Яна жыве ў Магілёве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з афіцыйнай вэрсіяй пра самагубства міліцыянта? Пяць нестыковак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянтаСьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?
- 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
- 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
- 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
- 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
- 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.
- Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
- 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
- 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».