Чачэнскі праваабаронца Aюб Ціціеў, асуджаны паводле «наркатычнага» артыкулу, выйшаў з калёніі месяц таму. У інтэрвію «Настоящему времени» ён расказаў пра свае назіраньні ў СІЗА і паводзіны супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, пра знаёмства з Натальляй Эстэміравай і яе гібель, а таксама пра асаблівасьці праваабароны ў Чачэніі ў гады зачыстак і пры Рамзану Кадыраву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа Бяляцкага» па-чачэнску. Судзяць праваабаронцу, які заступаўся за ЛГБТ-супольнасьцьСярод іншага Аюб Ціціеў расказаў пра адну з тэндэнцый апошняга часу ў Чачэніі — шматлікія публічныя прабачэньні.
— На мінулым тыдні 16-гадовы хлопчык 46 хвілін у этэры грозьненскай тэлевізіі прасіў прабачэньня за тое, што ён у сацыяльных сетках выказаўся пра ўлады Чачэніі. Гэта адкуль наогул зьявілася?
— Ня ведаю. Гэта ненармальна, гэта наогул выходзіць за ўсе межы. Гэта падтрыманьне страху, толькі і ўсяго. Каб людзі баяліся, каб ніхто не наважваўся лаяць уладу.
— Да вас не зьвярталіся з такімі выпадкамі?
— Ня толькі да нас, ні да кога не зьвяртаюцца людзі пасьля такіх выпадкаў. Людзі баяцца, іх запалохваюць. Таму яны імкнуцца пакінуць гэта ўсё ў таямніцы, не афішуюць гэта.
— Як гэта адбываецца? Чалавек што-небудзь напісаў у сацсетках — далей да яго хто прыходзіць?
— Гэта звычайная практыка. Калі чалавек напісаў нешта ў сацсетках, яго выявілі — яго забіраюць сілавікі і далей катуюць, зьбіваюць, прымушаюць гаварыць.
— Яны зусім не перажываюць за законнасьць? Ну напісаў чалавек у сацсетках што заўгодна, за гэта ж нельга затрымліваць. Яны ж не распачынаюць ніякіх справаў?
— Вядома не. Ніхто ня сочыць за гэтым — ні пракуратура, ні Сьледчы камітэт, яны не працуюць практычна, ніхто не кантралюе, нікому справы няма да гэтага. Пакуль білі — чалавек папрасіў прабачэньня. Адно тое, што ён там плача, просіць прабачэньня, яго ўсе бачаць... Але ніводзін сьледчы орган, я ўпэўнены, яго нават не дапытаў: чаму ты гэта рабіў, як цябе прымусілі? Нікому да гэтага справы няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чачэніі вызвалілі праваабаронца, які заступіўся за ЛГБТ-супольнасьць— Вам не прапаноўвалі зрабіць тое самае пасьля таго, як затрымалі з марыхуанай?
— Са мной ніхто не гаварыў. Нават калі б гаварылі, я б не пагадзіўся, мне няма за што прасіць прабачэньня, я ніякага злачынства не ўчыняў і нікога не абражаў. Я працаваў, калі людзі да нас зьвярталіся, спрабаваў дапамагчы гэтым людзям. Усё.
— Вы можаце патлумачыць, як людзі рэагуюць на гэтыя публічныя прабачэньні? Як гэта абмяркоўваецца, умоўна, на кухні?
— Ніхто не падтрымлівае гэтага, ніхто, нават самі сілавікі. Але публічна яны ніколі гэтага ня скажуць.
Цалкам інтэрвію можна прачытаць на сайце «Настоящего времени».