«Мая ангельская дае магчымасьці працаўладкаваньня ў 54 краінах»

Ілюстрацыя ©Shutterstock

Адукацыя за мяжой як магчымасьць далейшай рэалізацыі ў Беларусі альбо шлях да эміграцыі — у падкасьце «Бацькі і дзеці» абмяркоўваюць аналітык Свабоды Віталь Цыганкоў, крэатыўны дырэктар Свабоды Франак Вячорка, які скончыў магістратуру American University у Вашынгтоне і студэнтка Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту ў Празе Кацярына Яроміч.

Сьцісла

  • Кацярына Яроміч: Ніколі і не разглядала варыянт застацца ў Беларусі. Прагу выбрала таму, што ў маім унівэрсытэце ёсьць магчымасьць атрымаць двайны дыплём — амэрыканскі і эўрапейскі.
  • Віталь Цыганкоў: Як лібэральны, свабодалюбівы чалавек будзе вучыцца на факультэтах, дзе вывучаюць ідэалёгію беларускай дзяржавы і прамовы Лукашэнкі? Любая сытуацыя можа прывесьці да выключэньня.
  • Франак Вячорка: Будзе запатрабавана ўсё, зьвязанае з біяінжынэрыяй, геннай інжынэрыяй і штучным інтэлектам. Усё, што зьвязана з камунікацыяй, будзе вечна актуальна.

Слухаць дыскусію цалкам

Прапануем фрагмэнты абмеркаваньня

«У маёй сям’і рашэньне адправіць мяне за мяжу адбылося, калі я была яшчэ немаўля»

Ганна Соўсь: Кацярына, ты — студэнтка 2 курсу факультэту мэдыя ў Празе. Як прымалася рашэньне — бацькі параілі, самой моцна хацелася іншага досьведу? Што для цябе самае істотнае ў магчымасьці атрымаць адукацыю за мяжой?

Кацярына Яроміч

Кацярына Яроміч: Часам мне здаецца, што ў маёй сям’і рашэньне адправіць мяне за мяжу адбылося, калі я была яшчэ немаўля. Я заўсёды жартаўліва пытаюся, чаму ад мяне так хацелі пазбавіцца? Але разумею, што гэта было прадыктавала найлепшымі памкненьнямі. У шэсьць гадоў зь ініцыятывы маці я пачала ўзмоцнена вывучаць ангельскую мову з рэпэтытарам. Гэта цяпер я ёй за гэта неверагодна ўдзячная, а тады падчас заняткаў у маёй галаве круцілася адзінае пытаньне: навошта мяне так мучаць?!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паўплывае закон аб адтэрміноўках на ўцёкі беларускіх мазгоў за мяжу?

Таму я ніколі нават і не разглядала варыянт застацца ў Беларусі. А Прагу выбрала таму, што ў маім унівэрсытэце ёсьць магчымасьць атрымаць двайны дыплём — амэрыканскі і эўрапейскі, што значна пашырае магчымасьці працаўладкаваньня. Таксама вялізарнай перавагай зьяўляецца прафэсарскі склад. Большасьць зь іх мае шмат досьведу ў сфэрах, яны яна выкладаюць. І гэтага вельмі не хапае ў беларускіх ВНУ, дзе настаўнікі, якія ня маюць ніякага практычнага досьведу, пераважна вучаць тэорыі і прымушаюць яе зазубрываць. У амэрыканскіх унівэрсытэтах прафэсары выкладаюць прадметы ў свабодны ад справы час, і яны самі часта гавораць аб тым, што для іх настаўніцтва — гэта хобі і падыходзяць яны да яго з душой.

«Калі чалавек хоча быць рэжысэрам, арыентуецца на міжнародны посьпех і творчую свабоду, лепш вучыцца не ў Беларусі»

Ганна Соўсь: Віталь, а калі ў вашай сям’і было прынятае рашэньне, што твой сын будзе вучыцца за мяжой?

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў: У маёй сям’і ўсё адбывалася зусім наадварот, чым у Кацярыны. У маёй сыстэме жыцьця, сыстэме выхаваньня ніводным бокам не магло быць такога, каб я нешта «загадваў» свайму сыну. Калі б мой сын сказаў, што хоча вучыцца на сьлесара ў беларускім каледжы, ці сказаў бы, што хоча вучыцца на айцішніка ў беларускім ВНУ, ці сказаў бы, што хоча вучыцца за мяжой — любое ягонае рашэньне было б прынятае, бо гэта ягонае рашэньне. Адзінае, чаму я яго зь дзяцінства вучу — максымальнай самастойнасьці і незалежнасьці, умоўна кажучы, «ніколі ня слухайся бацькоў, а слухайся толькі сабе».

Ганна Соўсь: А ты сам хацеў бы, каб ён вучыўся за мяжой?

Віталь Цыганкоў: Даволі рана, гадоў у 14-15, высьветлілася, што ён хоча зьвязаць сваё жыцьцё з кіно, стаць рэжысэрам. Таму і быў узяты курс на паступленьне ў кінашколу ў Лодзі. Бо ў Беларусі, калі ты хочаш стаць айцішнікам ці матэматыкам, магчыма, можна вучыцца і ў беларускіх унівэрсытэтах. Бо, як кажуць, не такі кепскі ўзровень у гэтых галінах, да таго ж гэта мала зьвязана з ідэалёгіяй. Але калі ты хочаш вучыцца гуманітарным навукам? Як вы ўяўляеце сабе, што чалавек лібэральны, свабодалюбівы, яшчэ і з адпаведным прозьвішчам, будзе вучыцца на такіх факультэтах, дзе вывучаюць ідэалёгію беларускай дзяржавы, прамовы Лукашэнкі і гэтак далей? Любая сытуацыя — адзене ён сьцяжок, не захоча ісьці на нейкае мерапрыемства, пойдзе на апазыцыйны мітынг — можа прывесьці да выключэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сьвята — «мордай у асфальт»

Да таго ж і ўзровень гуманітарных навукаў у Беларусі, як усе сьведчаць, ня надта высокі. Таму вучыцца ў Беларусі на гуманітарных навуках для творчага чалавека, які мае пэўныя, даволі высокія прафэсійныя мары, ня мае вялікага сэнсу. Бо гэта вучоба — ідэалягізаваная, ня вельмі добрага ўзроўню, не зьвязаная зь міжнароднымі тэндэнцыямі. Калі чалавек хоча быць рэжысэрам і арыентуецца на міжнародны посьпех і творчую свабоду, яму, канешне, лепш вучыцца не ў Беларусі.

У чым галоўная розьніца заходняй адукацыі ад савецкай і беларускай

Ганна Соўсь: Франак, у свой час цябе выключылі з факультэту журналістыкі БДУ праз палітычную актыўнасьць. Але ты пасьпяхова працягнуў адукацыю спачатку ў Польшчы па бакаляўрскай праграме, а потым у ЗША ў магістратуры. І маеш магчымасьць параўнаць розныя сыстэмы адукацыі і іх эфэктыўнасьць. У чым іх асноўнае адрозьненьне?

Франак Вячорка

Франак Вячорка: У мяне проста не было выбару — заставацца ці зьехаць. Мне стварылі такія ўмовы, пры якіх застацца ў Беларусі было немагчыма, спачатку выключыўшы з унівэрсытэту, потым забраўшы ў войска. Але я ведаю шмат людзей, якія нават не спрабуюць вучыцца ў Беларусі, адразу настройваюцца на навучаньне за мяжой. Я ніколі іх не асуджаю, наадварот лічу, што ў глябалістычным, лічбавым сьвеце, у сьвеце інтэрнэту межы ня маюць такога значэньня. Што тычыцца якасьці адукацыі, то гэта дзьве розныя рэальнасьці. У Беларусі нам выкладалі тэарэтыкі, якія ніколі не былі журналістамі ў справе, бальшыня выкладчыкаў БДУ не рэдагавала газэты, не кіравала радыёстанцыямі, а пры гэтым выкладалі радыёжурналістыку і рэдактуру СМІ. У Штатах, дзе адукацыя больш прагрэсіўная, нам давалі мадэлі, якія можна прымяніць як для Беларусі, так і для ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Модна быць «батанікам» — Львова, Любакова і Чарняўская пра адукацыю ў Беларусі і за мяжой

Нам праграмавалі ня тое, што сьветапогляд, а думаньне, шлях, як думаць, як у самых складаных сытуацыях, калі няма вырашэньня, можна пакапацца ў сваіх мазгах і збудаваць мадэль, якая, магчыма, нават ня тычыцца прадмету, які вывучаеш. Напрыклад, я вывучаў міжкультурную камунікацыю, чытаў кнігі Тодарава пра асваеньне Амэрыкі, а потым я гэтыя веды прымяняў ужо ў сваіх трэнінгах для маладых журналістаў у Беларусі. Альбо ў школе мэнэджмэнту ў ЗША нас вучылі, як камунікаваць з падначаленымі і з начальнікамі. Потым я гэтыя трэнінгі ўжываў падчас працы на Радыё Свабода, калі нам трэба было будаваць стратэгію на Фэйсбуку і на Інстаграме. Гэта здольнасьць прымяняць мадэлі ў практыцы на перасячэньні розных навукаў, у гэтым і палягае галоўная розьніца заходняй адукацыі ад савецкай, якая дае лінейны падыход.

«Калі маладыя людзі мараць пра нешта большае, ім лепш арыентавацца на заходнія ўнівэрсытэты»

Ганна Соўсь: Віталь, памятаю тваю рэпліку ў Фэйсбуку два гады таму, калі толькі пачаліся рэформы адукацыі пры міністры Карпенку, калі пачалі ліквідаваць гімназіі, гаварылі пра неабходнасьць скарачэньня тэрміну навучаньня ў ВНУ. Ты тады напісаў, што адзінае, пра што цяпер павінны думаць бацькі, як найхутчэй выправіць сваіх дзяцей вучыцца за мяжу. Ці твая пазыцыя не зьмянілася за гэты час?

Ілюстрацыйнае фота

Віталь Цыганкоў: Забаўна, што я сам не памятаю гэтую сваю рэпліку ў Фэйсбуку. Але, вядома, гэта быў такі публіцыстычны допіс, з перабольшваньнем, з жаданьнем прыцягнуць увагу да праблемы. А праблема ў тым, што апошнія гады ў беларускай адукацыі адбываюцца працэсы, накіраваныя на тое, каб быў «парадак», чысьценька і сярэдненька, каб не было вялікай розьніцы. Таму я сапраўды лічу, што калі маладыя людзі хочуць атрымаць не сярэдні ўзровень вышэйшай адукацыі, мараць пра нешта большае, то ім лепш арыентавацца на заходнія ўнівэрсытэты.

Дарэчы, можна прыгадаць і сусьветныя тэндэнцыі. Калі паглядзець на найлепшыя ўнівэрсытэты сьвету, то гэта будуць пераважна амэрыканскія, ангельскія, апошнія гады туды дадаюцца і азіяцкія. Эўрапейскіх там вельмі мала. І гэта сярод іншага, тлумачыцца тым, што ў многіх краінах Эўропы (Нямеччына, Польшча, Чэхія, што нам бліжэй) вышэйшая адукацыя бясплатная. І яна можа даць даволі добры сярэдні ўзровень, аднак калі ты хочаш атрымаць адукацыю найвышэйшага ўзроўню, то гэта ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтам alma mater Лукашэнкі можна стаць, здаўшы ЦТ на 7 балаў. Топ самых-самых спэцыяльнасьцяў у ВНУ

Для многіх беларусаў, якія паступаюць у ВНУ, гэта проста жаданьне атрымаць адпаведную «корачку». Цяпер ужо звыш 40 працэнтаў моладзі, якая заканчвае школу, паступае ў ВНУ. Цяпер у Беларусі вучыцца каля 280 тысяч студэнтаў, а за мяжой вучыцца 26 тысяч студэнтаў зь Беларусі. І паказальна, што калі раней пераважная большасьць зь іх вучылася ў Расеі, то цяпер — толькі крыху больш за палову, 15 тысяч чалавек. У той ж час вельмі хутка расьце колькасьць беларусаў, якія вучацца ў Польшчы, зараз ужо каля 5 тысяч.

«Мая ангельская мова адкрывае магчымасьці працаўладкаваньня ў як мінімум 54 краінах»

Ганна Соўсь: Каця, ці ёсьць у цябе яснае бачаньне сваёй прафэсійнай будучыні?ты хочаш, атрымаўшы адукацыю ў Чэхіі, інтэгравацца, замацавацца, уладкавацца тут, ці не выключаеш, што з гэтымі ведамі, досьведам будзеш запатрабаваная на Радзіме? Бо навучаньне адбываецца па-ангельску, а асноўныя СМІ ў Чэхіі — на чэскай мове, дык пытаньне працаўладкаваньня выглядае ня самым простым.

Кацярына Яроміч: Гэта мае самыя патаемныя асьцярогі. Мне здаецца амаль перад кожным студэнтам, які ўехаў за мяжу, рана ці позна ўстае пытаньне: «І што потым?» У мэдыя сфэры веданьне мовы на ўзроўні носьбітаў мовы абавязковае. На шчасьце, мая ангельская мова адкрывае магчымасьці працаўладкаваньня ў як мінімум 54 краінах (краіны, дзе ангельская мова зьяўляецца афіцыйнай) таму я не адчайваюся. Але я зусім не выключаю магчымасьць вяртаньня на Радзіму, зусім наадварот — я нацэленая вярнуцца. Але мне хочацца вярнуцца тады, калі ў мяне зьявіцца дастаткова ведаў і вопыту, каб прыўнесьці нешта станоўчае ў родную краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі пернікамі завабіць выпускнікоў замежных ВНУ на радзіму?

Ганна Соўсь: Дарэчы, наконт грошай. Гэта пакуль клопат тваіх бацькоў ці ты спрабуеш узяць частку выдаткаў на сябе?

Кацярына Яроміч: Яшчэ калі я вучылася ў школе, усьвядоміла, што мне сумленьне не дазволіць, каб вялізарныя выдаткі ішлі на маю адукацыю і пражываньне за мяжой. Таму я пачала шукаць спосабы зьніжэньня кошту навучаньня. Падала на, мабыць, 20 усялякіх грантаў. У выніку, атрымала два эўрапейскіх гранта, таксама здала дадатковыя экзамэны па ангельскай мове і матэматыцы, за якія належала скідка за навучаньне. Акрамя таго, кожны сэмэстар даецца стыпэндыя за добрую пасьпяховасьць. У выніку, кошт маёй замежнай адукацыі значна зьнізіўся.

«На Захадзе ва ўнівэрсытэтах папулярныя праграмы, якія сам фармуеш»

Ганна Соўсь: Франак, з твайго досьведу, якія спэцыяльнасьці цяпер найбольш пэрспэктыўныя? Ці гэта ня мае вялікага значэньня, бо — галоўнае досьвед навучаньня, уменьне думаць, аналізаваць, сувязі, кантакты?

Франак Вячорка: У адрозьненьне ад беларускіх унівэрсытэтаў заходнія перабудоўваюць праграмы, яны даюць тыя курсы, якія актуальныя, якія будуць патрэбная праз тры, пяць і дваццаць гадоў. Я думаю, што будзе запатрабавана ўсё, што зьвязанае з біяінжынэрыяй, геннай інжынэрыяй, што на дастаткова нізкім узроўні ў Беларусі; што зьвязана са штучным інтэлектам і дазваляе будаваць складаныя праграмы і вырашае розныя задачы. Таксама, усё, што зьвязана з камунікацыяй будзе вечна актуальна. Лягічна, што сьвет глябалізуецца і кожны чалавек — гэта мэдыум, але павінны быць фасілітатары ў гэтай камунікацыі — тут ідзе гаворка і пра журналістаў, і пра медыа-мэнэджэраў, і пра бізнэс-кіраўнікоў.

На Захадзе папулярныя праграмы, якія сам фармуеш. У нас, напрыклад, на журфаку даюць 20 прадметаў, якія ты павінны прайсьці. А ў Штатах у мяне была праграма адна, але я ўзяў сабе праграм з розных школаў, і, такім чынам, сам сфармаваў сабе прафэсію. Я лічу, што за такой адукацыяй будучыня, калі чалавек сам вызначае чаго не хапае, і якія прагалы ёсьць у яго ведах, і як ён можа іх папоўніць пры дапамозе ўнівэрсытэцкай адукацыі.