Госьця Свабоды — ураджэнка Віцебску, фатограф Таша Арлова, якая вучыцца ў каралеўская акадэміі мастацтваў у Гаазе. Яе фотапраект пра суседзяў «My neighbours» атрымаў шэраг прызоў і быў апублікаваны ў шэрагу нідэрляндзкіх СМІ.
«Фотажурналістка перажывае складаны пэрыяд»
— Таша, вам цяпер 28 гадоў, і вы ўжо шмат пасьпелі зрабіць — год падарожнічалі па Паўднёва-Усходняй Азіі, вучыліся ў Санкт-Пецярбускім унівэрсытэце і працавалі ў Расеі, цяпер вучыцеся ў Нідэрляндах на факультэце фатаграфіі ў Каралеўскай акадэміі мастацтваў у Гаазе. Як вы лічыце, ці вы ўрэшце знайшлі сябе, усьвядомілі хто вы і што вы і дзеля чаго?
— Урэшце я знайшла тое, што доўга шукала. Гэта быў доўгі шлях, каб знайсьці сябе. Цяпер я на сваім месцы. Няважна нават, чым я буду займацца, у мяне зьявілася закончаная карціна. Пры дапамозе фота, відэа і сацыяльнай актыўнасьці я хачу выказвацца і нешта мяняць у грамадзтве.
— Ці гэта рэальна, што ваша фотатворчасьць стане і добрым заробкам на ўсё жыцьцё?
— Гэта складана. Тут таксама вялікая канкурэнцыя і шмат фатографаў. Гэта невялікі шанец, але я зьбіраюся яго выкарыстаць. Зразумела, што трэба займацца і камэрцыйнай фатаграфіяй. Цяпер з прыходам мабільнай фатаграфіі фотажурналістка перажывае складаны пэрыяд. Няма ўжо тых бюджэтаў, што былі раней для нейкіх дасьледаваньняў. Але ў мяне ёсьць упэўненасьць, што калі робіш добрыя праекты і шмат працуеш, то гэта магчыма.
«Цяпер усе праекты здымаем, не выходзячы са свайго пакою»
— Мне вельмі падабаецца ваш фотацыкль пра суседзяў, які вы раней публікавалі на вашай старонцы ў Фэйсбуку. Ці вы згодныя, што самыя цікавыя рэчы, насамрэч знаходзяцца побач з намі, і галоўнае пабачыць і зафіксаваць іх праз пэўны ракурс?
— Калі я жыла ў Беларусі, мне падавалася, што цікавей здымаць за мяжой. А цяпер я максымальна спрабую выкарыстаць тое, што ёсьць вакол мяне. Цікавыя тэмы ёсьць паўсюль. Мы ўсе праекты здымаем, не выходзячы са свайго пакою. Такое заданьне я маю цяпер па адным з прадметаў у Акадэміі мастацтваў. Калі ёсьць цікавасьць, то зьяўляюцца і магчымасьці.
Калі я здымала суседзяў, адразу зьяўляліся новыя знаёмствы, адно ішло за другім.
Суседзі з мульцікультурнай вуліцы
— Раскажыце пра вашых суседзяў у Гаазе? Чым яны цікавыя? Як яны адрэагавалі на свае фотаздымкі?
— Я жыву на вельмі мультыкультурнай вуліцы. На ёй жывуць як эмігранты, так карэнныя галяндцы. Адзін з маіх суседзяў Эндзі — уладальнік тату-салёну.
Я заўсёды баялася туды зайсьці, бо там былі малюнкі, якія мяне крыху палохалі, пэўная музыка, цемра, было не камфортна туды заходзіць. Аказалася, што гэта найдабрэйшы чалавек, які 20 гадоў таму адкрыў тату-салён. Ён мае інданэзійскія карані, але нарадзіўся і жыве ў Галяндыі.
Я фатаграфавала ўладальнікаў невялікіх крамаў. Для многіх гэта шматгадовы сямейны бізнэс. Адна сямʼя трымае рыбную краму ўжо 35 гадоў. Насупраць — фруктовая лаўка, яна існуе каля 60 гадоў. І за прылаўкам могуць стаяць сын, бацька ці дзядзька.
Адзін з суседзяў мае невялікі бар. Ён — курд, ягоная сямʼя жыве ў Турэччыне, а сам ён прыехаў у Галяндыю 12 гадоў таму. Уладальнік невялікай рэстарацыі індыйскай кухні — ураджэнец Банглядэш.
— Якое жыцьцё атрымаў ваш фотацыкль пра суседзяў?
— Насамрэч вельмі актыўнае. Я не чакала такой рэакцыі. Спачатку я апублікавала фотаздымкі ў Фэйсбуку ў групе экспатаў у Гаазе і атрымала каля 600 лайкаў і больш за 100 камэнтаў ад людзей, якім гэта вельмі спадабалася.
Яны казалі, што нам патрэбны такія праекты ў кожным раёне, што гэта цудоўная ідэя — даведацца пра сваіх суседзяў, бо мы іх звычайна ня ведаем. Потым да мяне зьвярнулася журналістка з гааскай газэты Den Haag Centraal і апублікавала артыкул пра гэты цыкль.
У мяне зьявілася ідэя запрасіць усіх людзей са сваёй вуліцы на выставу ў доме, дзе я здымаю пакой. Я зрабіла экспазыцыю ў акне на першым паверсе і запрасіла ўсіх, хто захоча прыйсьці, а таксама да абвестку ў Фэйсбуку. Прыйшло каля 30 чалавек. Вельмі многім спадабалася ідэя суседзкіх, больш сяброўскіх адносінаў.
Потым я падала гэты праект на конкурс у Ратэрдаме, ён атрымаў падтрымку, і цяпер я буду рабіць падобны праект пра суседзяў у Ратэрдаме.
— А калі б вы рабілі фотацыкль пра сваіх суседзяў у родным Віцебску, якім быў беларускі варыянт нідэрляндзкага праекту? Бо там ня так шмат маленькіх прыватных крамаў на вуліцах, як у Нідэрляндах...
— На маёй вуліцы двух-трохпавярховыя невялікія дамкі. Але я бы ўзяла адзін шматпавярховік, і зрабіла бы фотапраект пра суседзяў аднаго дома. Я ўжо думала пра гэта. ʼ
«Мяне натхнялі беларускія фатографы»
— Каго вы лічыце найлепшым беларускім фатографам? Ці можна ўвогуле прафэсійна навучыцца фотамастацтву ў Беларусі? І на каго з галяндзкіх і сусьветных фатографаў вы арыентуецеся?
— У Беларусі я пачынала фатаграфаваць. У нас няма вышэйшай адукацыі па фатаграфіі. Я вучылася ў фатографаў Ягора Вайнова і Аляксандра Веледзімовіча. Можна і самастойна вучыцца, але гэта патрабуе часу, настойлівасьці, ведаў ангельскай мовы, каб арыентавацца на сусьветны ўзровень фатаграфіі. Гэта складана, але магчыма.
Мяне натхнялі беларускія фатографы Каця Смурага і Аляксандар Веледзімовіч, дарэчы ўраджэнцы Віцебску. З сусьветных мне цікавыя пэўныя праекты з фатаграфіямі. Нядаўна была моцна ўражаная кнігай амэрыканскага фатографа Ніны Берман «An Autobiography of Miss Wish». Яна здымала жанчыну цягам 27 гадоў. Гэта была складаная тэма — сэксуальны гвалт, наркотыкі і гэтак далей. Атрымаўся вельмі моцны праект. Сучасны амэрыканскі фатограф Тарын Сімон зрабіла фотадасьледаваньне «The Innocents» пра людзей, якія былі зьняволеныя за злачынствы, якія не ўчынялі. Яна фатаграфавала іх на месцы злачынства. У яе філязофскі падыход, у гэтым выпадку фатограф як філёзаф дасьледуе праблемы ўлады і дзяржавы. І фатаграфія тут як фінальны прадукт.
Мне вельмі цікавы праект «Mathieu Asselin — investigation — Monsanto: A Photographic Investigation», які дасьледуе дзейнасьць глябальнай карпарацыі Monsanto, якая мае ня вельмі добрую гісторыю. І фотаздымкі тут выкарыстоўваюцца і як доказы, і як частка расьсьледаваньня.
Падарожжа ў Азію: «Мне патрэбная была поўная перазагрузка»
— Давайце згадаем той год, калі вы падарожнічалі па Паўднёва-Усходняй Азіі. Што вас пацягнула ў гэты рэгіён? Што сталася асноўным выпрабаваньнем і галоўным дасягненьнем у часе падарожжа?
— Я працавала ў Санкт-Пецярбургу, але не адчувала задаволенасьці ад таго, што я рабіла. Мне патрэбная была поўная перазагрузка, я хацела сысьці з офісу, перастаць машынальна выконваць сваю працу і пераасэнсаваць жыцьцё. Таму вырашыла паехаць у гэты рэгіён без зваротнага квітку.
Перад гэтым я ўжо была ў Азіі, мяне прыцягвалі гэтая культура і новыя магчымасьці. Да таго ж гэты рэгіён больш-менш даступны па фінансах. Я захапляюся сёрфінгам і хацела больш заняцца спортам, а таксама есьці сьвежыя фрукты і жыць ня вельмі дорага.
Спачатку я паўгоду пражыла ў Віетнаме. Потым мела падарожжа аўтастопам — праехала праз увесь Віетнам з поўдня на поўнач, падарожнічала па Кітаю, далей паляцела на Балі ў Інданэзію. Была ў Камбоджы і Малайзіі.
— Як вы там зараблялі на жыцьцё?
— Я адкладала грошы на гэтае падарожжа цягам году. А там ужо падпрацоўвала фатографам неафіцыйна.
— Ці вы цяпер хочаце застацца жыць у Нідэрляндах? Альбо інстынкт падарожніка можа накіраваць вас зусім у іншым кірунку?
— Цяпер я на адным месцы. Мне ўжо ня так цікава падарожнічаць. Хочацца ўкладваць у працу, каб быў добры праект, і каб зрабіць яго, трэба быць на адным месцы, здымаць адну і тую ж тэму і працаваць над ёй. У падарожжы гэта складана. Але я не загадваю. Магчыма, далей паеду туды, дзе будуць магчымасьці рэалізоўвацца і працаваць.
«Бачу пэўную недарэпрэзэнтацыю Беларусі ў замежных СМІ»
— Ці вы зьбіраецеся вяртацца ў Беларусь? Што вас зьвязвае цяпер з радзімай?
— Я зьбіраюся рэгулярна прыяжджаць у Беларусь. Каб працягваць вучыцца ў Галяндыі, трэба атрымаць стыпэндыю. Усё гэта ня проста. Вучоба тут каштуе дорага. Спадзяюся, што атрымаецца давучыцца. Я хачу рабіць праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю, бо бачу пэўную недарэпрэзэнтацыю Беларусі ў замежных СМІ. Заходнія журналісты паказваюць Беларусь праз беднасьць, савецкія перажыткі, вёску, палітыку і суцэльны нэгатыў. Я ня згодная, мне хочацца сказаць, што ёсьць нешта яшчэ. У Беларусі моладзь імкнецца выглядаць па-эўрапейску і недзе нівэляваць сваю ідэнтычнасьць, таму часам не адрозьніш менскага хлопца ад бэрлінскага. Але тое, што я бачу ў Беларусі, журналістам не цікава — гэта зьмена ідэнтычнасьці людзей.
— Калі б вам трэба было ў трох фотках паказаць Беларусь заходняму чалавеку, што было бы на іх?
— На першым фота — сямʼя і блізкія дачыненьні паміж людзьмі, на другой — чыстая прырода, сасновы бор, возера ці рэчка, і на трэцім — нешта з архітэктуры, каб была бачная сумесь стыляў савецкай і сучаснай архітэктуры.