Аляксандар Лукашэнка 24 ліпеня падпісаў рэзанансны закон «Аб зьменах законаў у пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы», які скарачае магчымасьці для адтэрміноўкі ад войска. Цяпер закон апублікаваны.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў.
Сам сьпіс адтэрміновак застаецца нязьменным.
Паводле закону, адтэрміноўка ад войска для атрыманьня прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі цяпер даецца толькі адзін раз. Выключэньне робяць толькі для тых, каго высылаюць на навучаньне за мяжу з накіраваньнем у межах дзяржаўных праграмаў. Адтэрміноўка дзейнічае «да страты падставаў для яе даваньня».
У гэтым годзе залічэньне на платнае аддзяленьне заканчваецца да 4 жніўня — да пачатку дзеяньня закону. Гэта значыць, што ў войска да канца вучобы такія студэнты і магістранты прызывацца ня будуць — адтэрміноўка на адукацыю будзе дзейнічаць па старым законе.
Калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву або не выконваў абавязкаў вайсковага ўліку, ад чаго было «немагчымае апавяшчэньне аб неабходнасьці яўкі на мерапрыемствы па прызыве», прызыўная камісія або суд могуць прызнаць чалавека тым, хто «не прайшоў вайсковую службу без законных падставаў». Тады чалавека ня змогуць прыняць на службу ў органы ўнутраных справаў, фінансавых расьсьледаваньняў, надзвычайных сытуацыяў, Сьледчы камітэт, Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў. Тых, каму ўжо споўнілася 27 гадоў на дзень набыцьця моцы законам, прызнаваць «не прайшоўшымі службу без законных падставаў» ня будуць.
Калі чалавека «належным чынам апавясьцілі» пра яўку на прызыў, а той не зьявіўся або зрабіў «немагчымым» сваё апавяшчэньне, да яўкі яму забараняецца выезд з краіны.
Выпускнікі, якіх накіроўваюць на працу па разьмеркаваньні, могуць замест гэтага пайсьці працаваць па кантракце ва Ўзброеныя сілы на той жа тэрмін, што была праца па разьмеркаваньні.
Савету міністраў закон загадвае цягам трох месяцаў зрабіць захады для рэалізацыі палажэньняў закону.
Ідэю са скарачэньнем адтэрміновак нямала крытыкавалі за тое, што гэта можа перашкодзіць маладым людзям атрымаць адукацыю і схіліць беларусаў да вучобы за мяжой, а мо і эміграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паўплывае закон аб адтэрміноўках на ўцёкі беларускіх мазгоў за мяжу? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: замест магістратуры ў войска трапяць прыкладна 700 чалавек«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.