З моманту стварэньня праваслаўнай царквы Ўкраіны ў сьнежні 2018 году да яе далучыліся больш за 500 парафій маскоўскага патрыярхату. Пра гэта паведаміў кіраўнік ПЦУ, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній на брыфінгу ў Кіеве з нагоды 1031-й гадавіны хрышчэньня Русі.
Паводле словаў Эпіфанія, працэс далучэньня парафій да ПЦУ цяпер запаволіўся — у сувязі зь нядаўнімі прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне, але ў найбліжэйшы час, як лічыць мітрапаліт, дынаміка пераходаў зноў ўзрасьце, паколькі «людзі супакояцца».
Эпіфаній адзначыў, што «не адчувае канкурэнцыі з Расейскай праваслаўнай царквой, якая таксама шануе князя Ўладзіміра Вялікага і, у прыватнасьці, асьвячала яму помнік, усталяваны ў 2016 годзе ў Маскве».
На думку кіраўніка ПЦУ, казаць пра тое, што князь Уладзімір хрысьціў ўсе рускія землі — няправільна.
«Калі ўкраінская царква абароніць свае карані, то РПЦ пачне сваю гісторыю ці з 14, ці з 15 стагодьдзяў, і гэта вельмі балюча як для Расейскай праваслаўнай царквы, так і для расейскай дзяржавы ў цэлым», — заявіў Эпіфаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквы