Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе патлумачыла, чаму яна вырашыла выставіць у сацсеткі запіску маці, які пакінула немаўля ў гомельскім шпіталі, а таксама пра рэакцыю на гэта сваёй 8-гадовай дачкі. Юлія Ганчарова распавяла пра найбольш гучныя выпадкі забойства немаўлятак у найноўшай гісторыі Беларусі, а таксама выказалася наконт мэтазгоднасьці стварэньня інстытуту бэбі-боксаў ці «вокнаў жыцьця».
Сьцісла
- Дзетазабойства паводле 140-га артыкулу КК — гэта забойства пры зьмякчаючых віну абставінах толькі таму, што гэта адбываецца ў працэсе родаў ці адразу пасьля родаў, бо гэта своеасаблівы фізычны і псыхічны стан.
- У сваёй інфармацыйнай практыцы я двойчы сутыкалася з выпадкамі, калі дзіця пакідалі жывым і падкідвалі. У астатніх выпадках жанчыны забівалі халаднакроўна.
- Такія жанчыны ня пойдуць шукаць бэбі-бокс, каб пакласьці туды дзіця. Калі жанчыны хацелі захаваць жыцьцё дзіцяці, яны гэта зрабілі і бяз бэбі-боксаў.
- У ідэальным сьвеце любое захаваньне жыцьця вельмі важнае. Трэба зрабіць эфэктыўны мэханізм.
«У гомельскім выпадку няма відавочных прыкметаў цяжкага злачынства»
Напачатку размовы Юлія Ганчарова паведаміла Свабодзе апошнюю інфармацыю пра расьсьледаваньне выпадку ў Гомельскім абласным шпіталі, дзе 15 ліпеня знайшлі нованароджаную дзяўчынку, побач зь якой знаходзіўся пакет зь дзіцячымі рэчамі і запіска.
— Сьледзтва вывучыла ўсе матэрыялы. Калі знайшлі немаўля, паводле артыкулу 174-га Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, Сьледчы камітэт распачаў праверку, каб высьветліць, ці дзіця было пакінутае ў небясьпецы. Вывучаліся дадзеныя пра яго фізычны стан. Высьветлілася, што, на шчасьце, зь дзіцём усё добра. Паводле сьледчых, маці зрабіла ўсё дзеля таго, каб дзіця засталося ў бясьпецы. Яно ляжала ў рукамыйніку такім чынам, каб нікуды не вываліцца. Дзіця пакінулі ў мэдычнай установе дзеля таго, каб адразу ж можна было аказаць дапамогу. Сьлядоў ад прышчэпак не было, таму можна меркаваць, што яно было народжанае не ў мэдычнай установе. Сьледчыя сумесна з супрацоўнікамі міліцыі высьвятлялі, ці ёсьць жанчына, якая нядаўна нарадзіла ва ўстанове аховы здароўя Гомеля, у якой цяпер няма дзіця ў наяўнасьці. У сувязі з тым, што дадзеная сытуацыя ня зьяўляецца выключнай кампэтэнцыяй Сьледчага камітэту і няма відавочных прыкметаў цяжкага злачынства ці пакіданьня ў небясьпецы (зь дзіцём усё добра), матэрыялы праверкі перададзеныя ў органы ўнутраных справаў для далейшага разьбіральніцтва.
«Я была ініцыятаркай таго, каб разьмясьціць гэтую запіску ў сацсетках»
— Вы асабіста выставілі ў сацсеткі фотаздымак запіскі, якую жанчына пакінула разам зь дзіцём у шпіталі. Там і памылка граматычная была. Што вы адчувалі як жанчына, як маці, калі гэта пабачылі?
— Ня буду хаваць, што я была ініцыятаркай таго, каб разьмясьціць гэтую запіску ў сацсетках. Сьледчы — вельмі складаная прафэсія. Ён разьбіраецца ў вельмі непрыемных сытуацыях, у справах, зьвязаных з гвалтам, справах у дачыненьні да непаўнагадовых. Гэта складана, бо ты перажываеш чужую трагедыю. Больш за тое, ты павінен абстрагавана ў гэтым разабрацца і без эмоцый раскласьці ўсё на факты. Так было і ў гэтым выпадку. Што адчуваеш? Ёсьць дэталі, якія нават бывалых людзей, якія расьсьледуюць жорсткія забойствы, прымушаюць задумацца пра жыцьцё. Гэтая запіска — з гэтай катэгорыі. Мы вырашылі ўсім гэта паказаць. Ёсьць вельмі тонкія моманты, якія кранаюць пачуцьці кожнага чалавека недатычна да прафэсіі... Маёй дачцэ 8 гадоў, яна вучыцца ў школе.
— Ці яна ведае пра гэтую гісторыю?
— Скажам так, яна актыўная карыстальніца сацыяльных сетак, як усе сучасныя дзеці. Мы не забаранялі гаджэты. Усё дазволена. У меру, канечне. Гэтую гісторыю яна ў Інстаграме пабачыла.
— Як адрэагавала?
— Запыталася, чаму кінулі дзяўчынку. Натуральна, ва ўсе падрабязнасьці ўводзіць ня будзеш, але Інстаграм — адкрытая крыніца. У паведамленьнях Сьледчага камітэту мы кіруемся тым, каб не расьпісваць непрыемныя падрабязнасьці, бо гэта могуць прачытаць уразьлівыя людзі. Мы звычайна даем агульныя фармулёўкі кшталту «нанесеныя фізычная пашкоджаньні» без тлумачэньня, якія менавіта. Што да апошняга выпадку ў Гомелі... Калі дзяўчынку знайшлі, яна ня плакала. Плюс запіска, пакет зь дзіцячымі рэчамі.
— І гэта можна значыць, што зь ёй нармальна абыходзіліся?
— Так. Кажуць, што, калі дзіця ня плача, то зь ім усё нармальна. Сьледчыя патлумачылі, што дзіця пакінулі ў дзіцячым корпусе ў памяшканьні, дзе ўвесь час ходзяць людзі. Мяркуючы па паводзінах і вонкавым выглядзе, дзіця было накормленае. І той, хто яго так пакінуў, разьлічваў, што яго хутка знойдуць. Мы кажам пра маці, што хутчэй за ўсё, але розныя бываюць абставіны. Пакінуць мог хто заўгодна, можна было зь кімсьці дамовіцца падкласьці. Усё яшчэ трэба высьветляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі шукаюць маці, якая падкінула немаўля ў лякарню. Фота запіскі«Дзетазабойства — забойства пры зьмякчаючых віну абставінах, бо гэта адбываюцца ў працэсе родаў ці адразу пасьля родаў»
— З вашага досьведу наколькі часта такія выпадкі здараюцца? Наколькі гэта звыклая зьява для Беларусі?
— Я буду казаць ня ў цэлым пра сьледчую практыку, а буду абапірацца на сваю інфармацыйную практыку. Такія выпадкі, як правіла, хутка атрымліваюць грамадзкі розгалас. Мы часта чуем, што знойдзенае дзіця на сьметніцы, як правіла, ужо без прыкметаў жыцьця. І гэта ўжо выключная справа нашага ведамства. На кожны такі выпадак выяжджае сьледча-апэратыўная група, якая ўсталёўвае абставіны гібелі, як правіла, нованароджанага.
У нас ёсьць 140-ы артыкул у Крымінальным кодэксе «Забойства маткай нованароджанага дзіцяці», калі жанчына дзейнічае ва ўмовах псыхатраўміруючай сытуацыі, выкліканай родамі, і непасрэдна пасьля родаў і забівае нованароджанага. Дзетазабойства паводле 140-га артыкулу КК — гэта забойства пры зьмякчаючых віну абставінах толькі таму, што гэтыя паводзіны адбываюцца ў працэсе родаў ці адразу пасьля родаў, бо пасьля родаў своеасаблівы фізычны і псыхічны стан. Праводзіцца спэцыяльная экспэртыза ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы. Часам здараюцца выпадкі, калі маці ня можа ў поўнай ступені ўсьведамляць значэньне сваіх дзеяньняў ці кіраваць імі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты не адна». Як у Беларусі дапамагаюць маці ў крызісеМагу распавесьці пра выпадак апошніх дзён. Жанчына нарадзіла дзіця ў лесе, разам зь ёй быў яе сужыцель, меркаваны бацька. Мужчына панёс дзіця дадому, а жанчына пайшла ўжываць сьпіртовыя напоі. Праз некаторы час дзіця памерла. Мы яшчэ чакаем вынікаў экспэртызы, таму што дзіця было невялікіх памераў, і ёсьць меркаваньне, што яно нарадзілася датэрмінова, значна раней за належны тэрмін. Жанчына не была на ўліку ў жаночай кансультацыі і вяла асацыяльны лад жыцьця.
Крымінальных справаў, заведзеных паводле 140-га артыкулу, насамрэч вельмі мала. Сёлета не было распачата ніводнай справы.
- У 2018 годзе была заведзеная адна справа. У Бабруйску жанчына дома нарадзіла хлопчыка і выкінула яго ў кусты. Людзі выклікалі «хуткую». Хлопчыка знайшла фэльчарка хуткай дапамогі. Спачатку справа была заведзеная па 140-м артыкуле, а потым, улічваючы моцны стан алькагольнага ап’яненьня і высновы экспэртаў, што жанчына не была ў стане пасьляродавага псыхозу і, дзіця, на шчасьце, выжыла, сьледзтва перакваліфікавала справу. Яе судзілі за замах на забойства заведама малалетняга. Магілёўскі абласны суд асудзіў жанчыну да 17 гадоў пазбаўленьня волі.
- У 2017 годзе была заведзеная адна крымінальная справы па 140-м артыкуле. У 2016 годзе падобных выпадкаў не было. Наша правапрымяняльная практыка сьведчыць пра тое, што ў нас забойства нованароджаных часьцей кваліфікуецца як звычайнае забойства, чым як дзеяньні жанчыны ў псыхатраўміруючай сытуацыі, бо ёсьць намер на забойства.
«Жанчыны пазбаўляліся ад дзяцей дастаткова халаднакроўна, у стане алькагольнага апʼяненьня дзейнічалі проста абыякава»
— У выпадку ў Гомелі відавочна, што жанчына хацела, каб зь дзіцём усё было ў парадку. Яна з пэўных прычынаў не магла пра яго паклапаціцца, і мы ня ведаем гэтыя прычыны. У сацсетках пішуць, што гэта быў фактычна варыянт бэбі-бокса, «вакна жыцьця». Як вы ставіцеся да такой практыкі? Ці мэтазгодна ўводзіць іх? Якія плюсы і мінусы? Ці патрэбная яны ў Беларусі?
— Гэта праблема з пэўнай пэрыядычнасьцю абмяркоўваецца ў СМІ пасьля абнародаваньня чарговага выпадку дзіцячай гібелі. У сваёй практыцы я двойчы сутыкалася з выпадкамі, калі дзіця пакідалі жывым і падкідвалі ці да людзей, ці, як тут, у шпіталь. Быў выпадак, калі бацькі пайшлі валацужнічаць, і ў іх нарадзілася яшчэ адно дзіця. Іншыя іх дзеці жылі з бабуляй. Яны падкінулі нованароджанага на ганак кватэры. Людзі адкрылі дзьверы, пабачылі дзіця і зьвярнуліся ў мэдычную ўстанову. Немаўля выжыла.
Ва ўсіх астатніх выпадках жанчыны пазбаўляліся ад дзяцей дастаткова халаднакроўна, яны мелі намер пазбавіць жыцьця дзіця. У некаторых выпадках, як у Бабруйску, калі жанчына знаходзілася ў стане моцнага алькагольнага апʼяненьня, яны ставіліся абыякава да наступстваў, проста выкідалі дзяцей у кусты, у прыбіральню. Некалькі гадоў таму ў Гомелі была заведзеная крымінальная справа, калі было знойдзенае муміфікаванае цела нованароджанага дзіцяці. У 2015 годзе ў Баранавічах было знойдзена на сьметніцы цела нованароджанага дзіцяці. Празь некаторы час мы знайшлі маці. Такія жанчыны ня пойдуць шукаць бэбі-бокс, каб пакласьці туды дзіця. Гэта маё асабістае меркаваньне як маці і як жанчыны. У тых выпадках, калі жанчыны хацелі захаваць жыцьцё, яны гэта зрабілі і без бэбі-боксаў.
«Алімэнтныя артыкулы цяпер дамінуюць»
— Кал паглядзець на статыстыку злачынстваў супраць непаўнагадовых, то якія справы цяпер пераважаюць і якое месца займаюць крымінальныя справы, заведзеныя за кінутых ці забітых дзяцей?
— Ёсьць яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога бацькоў караюць за ўхіленьне ад утрыманьня дзяцей. У справе злачынстваў у дачыненьні да непаўнагадовых гэтая кваліфікацыя займае першае месца. Такіх крымінальных справаў заведзена значна болей, чым справаў за гвалтоўныя дзеяньні да непаўнагадовых, у тым ліку і сэксуальнага характару. Менавіта алімэнтныя артыкулы цяпер дамінуюць. Таму магчыма, што для людзей, якія знаходзяцца ў складанай сытуацыі, будзе пэўным стымулам адмаўляцца ад дзяцей без абавязаньняў нешта рабіць. Гэта прасьцей, няма адказнасьці, можна аддаць дзіця і забыць пра яго. Пры гэтым, наколькі я ведаю, у маці існуе магчымасьць напісаць юрыдычную адмову ў радзільні.
— І ўсё ж ці лічыце вы практыку бэбі-боксаў мэтазгоднай? Якая ваша пазыцыя не як афіцыйнай прадстаўніцы Сьледчага камітэту, а як жанчыны, калі гэта дапамагло б гэта хаця б некалькі жыцьця выратаваць?
— У ідэальным сьвеце любое захаваньне жыцьця вельмі важнае і з дэмаграфічнага пункту гледжаньня, і з сацыяльнага. Гэта гуманна — даць чалавеку магчымасьць жыць. Але гэта пытаньне ня сьледчай практыкі, таму што, каб гэта рэалізаваць, трэба глядзець эканамічныя і сацыяльныя магчымасьці. Важна зрабіць эфэктыўны мэханізм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэбі-бокс як шанец на жыцьцёКалі казаць пра сьледчую практыку, то з апошніх 20 выпадкаў толькі ў адным ці двух, магчыма, данесьлі б немаўля да бэбі-бокса. Я гэта гавару як чалавек, які чытаў паказаньні. Я ўжо згадала выпадак, калі ў 2015 годзе ў Баранавічах было знойдзена дзіця на сьметніцы. Маці спачатку ня выявілі. У дзіцяці ўзялі геном і паставілі на ўлік спэцыяльных узораў. Праз некаторы час адбылося супадзеньне зь геномам мужчыны, ягоным меркаваным бацькам, якога паставілі на ўлік, як падазраванага ў рабаваньні. Мужчыну дапыталі, ён расказаў, што ў пэўны пэрыяд жыў з жанчынай 1981 году нараджэньня. Пагаварылі з жанчынай, яе затрымалі, у выніку кваліфікавалі справу як забойства заведама малалетняга. Пра цяжарнасьць яна нікому не распавядала, жывата не было бачна. Хадзіла, потым усьвядоміла, што пачаліся схваткі. Гэта ў яе было ўжо ня першае, і не другое, і не трэцяе дзіця. І ад таго ж мужчыны, што і папярэднія дзеці. Яна ціха нарадзіла ў сябе дома. Патлумачыла, што дзіця практычна не крычала. Завярнула ў сваё адзеньне і аднесла на сьметніцу ў пакеце. Чула, як дзіця крахтала, дыхала, але пайшла.
Праз некалькі гадоў жанчына кажа, што цяпер дзейнічала б інакш. Як правіла, такія паказаньні даюцца тады, калі ўжо выветрылася сьпіртное з арганізму пасьля знаходжаньня ў СІЗА, таму складана зрабіць адназначную выснову. Кажуць, што раскайваюцца ў тым, што зрабілі. Але гэта хутчэй юрыдычны момант, чым чалавечы і жаночы.