15 ліпеня ў адной зь лякарняў Гомля знайшлі нованароджаную дзяўчынку. Побач знаходзіўся пакет зь дзіцячымі рэчамі і запіска, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі ў сацыяльных сетках.
Як мяркуецца, запіску напісала маці дзяўчынкі, якая падкінула дзіця. Цяпер сьледчыя УСК Гомельскай вобласьці шукаюць яе. Дзіця жывое, зь ім усё ў парадку.
У Беларусі створаная мапа бясплатных паслуг для цяжарных у крызіснай сытуацыі. У ёй пералічаныя ўсе адрасы, дзе цяжарныя жанчыны могуць атрымаць неабходную мэдыцынскую, псыхалягічную, сацыяльную і юрыдычную падтрымку.
У 2016 годзе пасьлячарговай навіны пра маці, якая выкінула сваю толькі народжаную дачку ў сьмецьцеправод, дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што новае скліканьне Палаты прадстаўнікоў гатовае разгледзець ідэю «бэбі-боксаў»: месцаў, дзе жанчыны могуць ананімна пакінуць непажаданых нованароджаных дзяцей. Аднак дасюль няма ніякіх рэальных зрухаў у вырашэньні гэтага пытаньня, і пакуль бэбі-боксы ў Беларусі не дазволеныя.
Бэбі-боксы (іх яшчэ называюць «вокнамі жыцьця») ствараюцца каля мэдыцынскіх ці рэлігійных установаў у шмат якіх краінах Эўропы, у тым ліку ў суседніх зь Беларусьсю Польшчы, Латвіі, Украіне, Расеі (у апошняй асобныя дэпутаты прапануюць іх забараніць).