Пракат ровараў Kolobike 19 ліпеня вырашыў зьвярнуцца да праваахоўнікаў у сувязі з вандалізмам і крадзяжамі. Як расказаў Tut.by кіраўнік кампаніі, яны зьвярнуліся ў міліцыю, у выніку заведзена шэсьць крымінальных справаў.
Адзін ровар зьвезьлі зь Менску на электрычцы ў Смалявічы і сьпілавалі замок, другі адвезьлі ў Міханавічы і зьбілі замок, трэці везьлі на машыне, але злачынцу перахапілі ў Стоўпцах. Таксама крымінальныя справы распачалі за псаваньне арэндных ровараў у Шабанах і Серабранцы.
Як расказвае міліцыя, аднаго зламысьніка ў Менску злавілі на дробным крадзяжы, а ён спрабаваў «адкупіцца» ад міліцыянтаў новым роварам — і той аказаўся арэндным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як менчукі сустрэлі «жоўтыя ровары» і што зь імі робяцьСхема працы Kolobike адрозьніваецца ад звычайных пракатаў. Ровары ня трэба браць у офісе кампаніі, а браць найбліжэйшы знойдзены праз мабільную праграму, і можна пакідаць дзе заўгодна ў грамадзкім месцы ў межах Менску. Але двухколавыя машыны нельга звозіць з гораду або забіраць сабе ў дом. Цэны ўдвая ніжэйшыя за іншыя пракаты, але прапануюць толькі адну мадэль гарадзкога ровара (спартовых, горных ці дзіцячых няма).
З вандалізмам і крадзяжамі сутыкаецца і другая кампанія, якая працуе паводле такой схемы — пракату самакатаў Eleven пракуратура нават загадала зрабіць на тэхніцы налепкі з папярэджаньнем пра адказнасьць за парушэньне закону, бо «крадзяжы фіксаваліся сыстэматычна». Такога загаду да Kolobike не паступала, але яны і самі сабраліся павесіць на ровары папярэджаньні.
Але кіраўнік Kolobike Вадзім Осіпчык кажа, што спадзяецца на лепшае: маўляў, пасьля некалькіх гучных крымінальных справаў усё спыніцца, ды й ламаць ровары ўжо перасталі, бо «надакучыла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы міністар унутраных справаў расказаў, што нельга рабіць з «царскім гарадавым»