Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не рабіце так! Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі езьдзілі на роварах не па правілах


У суботу, 1 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка і ягоны малодшы сын Мікалай у суправаджэньні групы мужчын і жанчын каталіся на роварах каля Воршы. У суполцы «Народныя навіны Віцебску» зьявілася фота і кароткае відэа зь імі ў Балбасаве.

Error rendering VK.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант пацьвердзіла Tut.by, што неанансаваны заезд быў і Лукашэнкі заехалі ня толькі ў Балбасава, а праехалі каля 35 км і завіталі ў некалькі вёсак. У Балбасаве, кажа Эйсмант, Лукашэнка размаўляў зь мясцовымі ўладамі пра леташнія даручэньні, купіў у мястэчку марозіва і кефір, пасьля завітаў на будаўніцтва ўзьлётна-пасадачнай паласы.

Афіцыйных фота ці відэа з паездкі не публікавалася, але на неафіцыйным фота відаць, што група раварыстаў знаходзіцца на праезнай частцы, хоць побач ёсьць ходнікі — а такое забараняюць правілы дарожнага руху.

Правілы (пункт 148) дазваляюць выяжджаць на аўтамабільныя дарогі толькі ў выпадку адсутнасьці роварнай дарожкі, узбочыны, ходніка ці пешаходнай дарожкі, пры тым выяжджаць далей за 1 м ад правага краю можна толькі каб аб’ехаць перашкоду ці павярнуць (а група расьцягнулася на дзьве паласы).

У 2015 годзе дзяржаўныя СМІ паказалі, што Аляксандар Лукашэнка ехаў на машыне, не зашпіліўшы рамень бясьпекі. Але МУС спачатку не пабачыла парушэньня, а пасьля растлумачыла, што ня стала яго штрафаваць, бо паводле Канстытуцыі ён мае недатыкальнасьць. Таксама афіцыйныя СМІ паказвалі, як Мікалай Лукашэнка ў 2017 годзе кіраваў камбайнам, хоць у такім узросьце ня меў права. Адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася паведаміць, на якой падставе яго пусьцілі за стырно.

Балбасава — мястэчка пад Воршай, недалёка ад Александрыі (малой радзімы Лукашэнкі). Летась Лукашэнка наведваў яго і загадаў завяршыць добраўпарадкаваньне. У мястэчку стаіць Аршанскі авіярамонтны завод, які належаў на 60% украінцам, але летась быў нацыяналізаваны на загад Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG