Беларускія правацэнтрысты патлумачылі, чаму «замарозілі» свае праймэрыз

Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Павал Севярынец

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду», вырашыла адкласьці вызначэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі.

Удзельнікі кааліцыі вернуцца да гэтага толькі пасьля завяршэньня выбараў у Палату прадстаўнікоў, паведаміў «Свабодзе» 24 ліпеня старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

«Мы дамаўляліся абраць адзінага кандыдата праз праймэрыз яшчэ тады, калі ня ведалі, якія выбары пройдуць першымі — прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія. Але пасьля таго як стала вядома, што спачатку абяруць дэпутатаў, усе пагадзіліся, што трэба ўзяць паўзу да завяршэньня гэтых выбараў. Усё ж за гэты час сёе-тое можа зьмяніцца, і больш правільна будзе спачатку паглядзець, хто і як справіўся з гэтай кампаніяй. Тайм-аўт выглядае проста неабходным».

Што такое праймэрыз?

Паняцьце «праймэрыз» (primaries, «першасныя») мае дзьве трактоўкі.

Па-першае, гэта такое галасаваньне, калі выбарнікі вызначаюць адзінага кандыдата ад палітычнага абʼяднаньня (як правіла, партыі) для акругі рангам ніжэйшай, чым тая, у якой гэты кандыдат пойдзе на выбары на наступным этапе. Напрыклад, чалавек, які перамог у праймэрыз у сваёй муніцыпальнай акрузе (частцы гораду), можа затым стаць кандыдатам на выбарах мэра гораду.

Па-другое, гэта папярэдняе, «рэпэтыцыйнае» галасаваньне, якое ня лічыцца афіцыйным. Але яно можа вызначыць фаварытаў сапраўднага галасаваньня.

Ад трох названых структураў пра свой удзел у праймэрыз ужо заявілі Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Павал Севярынец. Але ўсе тры субʼекты пагаджаюцца, што конкурс павінен быць адкрыты. То бок да праймэрыз могуць далучыцца і тыя, хто падзяляе агульныя каштоўнасьці правацэнтрыстаў.

Хто яшчэ зьбіраецца ў прэзыдэнты?

Пра свой намер удзельнічаць у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі ўжо заявілі:

  • Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў,
  • Алег Гайдукевіч — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі,
  • Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — кандыдата назавуць пазьней,
  • Аляксандар Лукашэнка — першы і дагэтуль адзіны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь,
  • Сяргей Скрабец — былы палітвязень і дэпутат,
  • Мікола Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу,
  • Аляксей Янукевіч — прадстаўнік партыі БНФ (і ягоны дублёр Юрась Зяньковіч) — абодва вылучаныя зьездам БНФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як правацэнтрысты будуць праводзіць праймэрыз да прэзыдэнцкіх выбараў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правацэнтрысты заявілі, што «праймэрыз» да прэзыдэнцкіх выбараў будуць адкрытымі