Рада дырэктараў расейскай кампаніі «Транснефть» паведаміла пра разгляд пытаньня аб некандыцыйнай нафце, што ў красавіку трапіла ў нафтаправод «Дружба».
Парадак выплатаў зацьвердзілі, але падрабязнага апісаньня не далі і агульнай сумы не назвалі: вядома толькі, што «максымальны памер выплатаў грузаадпраўніка па дамовах аб аказаньні паслугаў па транспартаваньні нафты» вызначылі роўным 15 доларам ЗША за 1 барэль некандыцыйнай нафты.
Каб трымаць кампэнсацыю, пацярпелыя павінны дакумэнтальна пацьвердзіць свае страты. Дарадца кіраўніка «Транснафты» заявіў расейскаму выданьню РБК, што пакуль ніхто не выстаўляў афіцыйных патрабаваньняў па кампэнсацыях.
Беларускі бок раней ацэньваў аб’ёмы забруджанай нафты ў прыблізна 35 млн барэляў — выходзіць, кампэнсацыі могуць дасягнуць паўмільярда даляраў пры найлепшым для беларускага боку сцэнары. «Белнафтахім» жа разьлічыў, што праз пастаўкі бруднай нафты з Расеі зьнізіў экспарт прадукцыі на 800 млн даляраў.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту