Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея «ня ўгледзела падставаў» для прапанаванага Беларусьсю падаражэньня транзыту нафты


Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

Беларуская кампанія «Гомельтранснафта», як стала вядома днём 11 чэрвеня, прапанавала расейскай «Транснефти» павысіць тарыф на транспартаваньне расейскай нафты на 21,7%, каб кампэнсаваць страты ад бруднай нафты з Расеі. Пад вечар расейскі бок фактычна адказаў адмовай.

Афіцыйны прадстаўнік «Транснефти» Ігар Дзёмін заявіў, што кампанія атрымала прапанову, але ня ўгледзела падставаў пагадзіцца, піша ТАСС .

Ён дадаў, што «ня лічыць магчымым» узгадніць прапанаванае падвышэньне, бо няма зьвестак, каб зрабіць «карэктную ацэнку» стратаў Беларусі і «ўзгадніць справядлівы памер падвышэньня тарыфаў».

«Хацеў бы адразу адзначыць, што яно [падвышэньне тарыфаў. — РС] фактычна ўяўляе сабой трэцюю спробу ў 2019 годзе зьмяніць сытуацыю з тарыфамі на паслугі па транспартаваньні нафты па магістральных нафтаправодах, — адзначыў Дзёмін. — Што да звароту ад 1 лiпеня 2019 году, то на сёньня адсутнічаюць як выніковыя зьвесткі пра памеры дадаткова атрыманай ад „Транснефти“ тарыфнай выручкі па апэрацыях замяшчэньня, так і зацьверджаны графік транспартаваньня нафты на чацьвёрты квартал 2019 году».

Няплянавае павелічэньне тарыфаў цяпер мае абмяркоўвацца «ўпаўнаважанымі органамі Расеі і Беларусі ў галіне тарыфнага рэгуляваньня», дадаў ён.

Урад Беларусі раней дапускаў, што можа зьвярнуцца ў суд, калі Расея адмовіцца кампэнсаваць выгаду, страчаную праз пастаўкі бруднай нафты.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG