Лукашэнка Эўразьвязу: «У нас агульная бяда — Украіна»

Аляксандар Лукашэнка ў Кіеве, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 22 ліпеня сустрэўся ў Менску з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Ён расказаў ёй пра сваё спачуваньне ўкраінскаму народу, піша БелТА.

«У нас ёсьць з вамі агульная праблема, можна сказаць, бяда — Украіна, — казаў Лукашэнка Віктарын. — Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ і ўсё тое, што сёньня адбываецца ва Ўкраіне, гэты народ таго не заслужыў».

Што менавіта ня так з Украінай, ён не ўдакладніў, але адразу пасьля гэтых словаў стаў гаварыць не пра вайну на Данбасе, а аб прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах.

«Гэты нарыў, гэты галаўны боль для Эўрапейскага зьвязу трэба як мага хутчэй ліквідаваць», — дадаў Лукашэнка, так і не ўдакладніўшы, у чым праблема. Але ён заклікаў, «зьяжджаючы ў іншую краіну, перадаць гэты сыгнал Эўрапейскаму зьвязу: Украіна мае патрэбу ў падтрымцы».

Паводле Лукашэнкі, Эўразьвяз раней «даў шмат абнадзейлівых сыгналаў» Украіне, якая цяпер «арыентуецца на Эўропу, напэўна, больш, чым на Расею, Беларусь, ЭАЭС». І калі «Эўразьвяз сказаў А, мусіць сказаць Б» і «дапамагчы ўкраінскаму народу».

Беларусь жа, адзначыў ён, гатовая да дыялёгу з Эўразьвязам «ня толькі ў эканамічных, але і ў палітычных пытаньнях», «не чакаючы ці то парлямэнцкіх, ці то прэзыдэнцкіх выбараў».