Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на выбарах у Вярхоўную Раду перамаглі партыі Зяленскага і Парашэнкі


Выбарчая камісія ўчастку на выбарах парлямэнту Ўкраіны, які разьмяшчаецца ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, падвяла вынікі галасаваньня.

Партыя цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» набрала 40,5 адсотка галасоў і стала пераможцай. На другім месцы партыя былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» з 18 адсоткамі галасоў.

У пяцёрку таксама трапляюць партыя журналіста Анатоля Шарыя — 12,2 %, партыя музыкі Сьвятаслава Вакарчука «Голас» — 9,2 %, партыя «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!» кума Пуціна Віктара Медзьведчука — 7,7 %.

Яўка на ўчастку ў Менску склала 8 % выбарнікаў, прыйшлі 595 украінскіх грамадзян з 7335 унесеных у сьпісы. На прэзыдэнцкіх выбарах сёлета ў красавіку яўка складала 12 %.

Выбары праходзяць паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы: палова з 450 дэпутатаў Вярхоўнай рады выбіраецца паводле партыйных сьпісаў, палова — па аднамандатных акругах. Выбары не праводзяцца ў Крыме, які ў 2014 годзе далучыла Расея, а таксама ў раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, не падкантрольных украінскім уладам.

Цэнтравыбаркам Украіны падлічыў 33,79 адсотка пратаколаў на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду Украіны. Першае месца, паводле гэтых зьвестак, займае партыя прэзыдэнта Зяленскага «Слуга народа» (42,15%). Адстаюць «Апазыцыйнай плятформа — За жыцьцё» (12,7%), Эўрапейская салідарнасьць (8,72%), Усеўкраінскае аб’яднаньне «Бацькаўшчына» (8,17%), партыя «Голас» (6, 41%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG