Упершыню за ўсю гісторыю незалежнасьці партыя ўлады ва Ўкраіне можа аднаасобна сфармаваць урад. Паводле папярэдніх вынікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, партыя Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» атрымлівае пераканаўчую перамогу і паводле партыйных сьпісаў, і ў мажарытарных акругах.
Згодна з дадзенымі пасьля апрацоўкі 46,22 % электронных пратаколаў, партыю Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» падтрымалі 2 мільёны 565 тысяч 47 выбарнікаў (42,35%), што дазваляе завесьці ў парлямэнт 122 дэпутаты. Яшчэ 124 прадстаўнікі гэтай сілы выбраныя на аднамандатных акругах. Калі гэтыя дадзеныя будуць пацьверджаныя ў афіцыйных выніках, кіроўная партыя зможа самастойна стварыць урадавую кааліцыю, для якой патрэбна ня менш як 226 дэпутатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне выбары ў Вярхоўную Раду. Ці атрымае Зяленскі кантроль над парлямэнтам?На другім месцы з падтрымкай 775 тысяч выбарнікаў (12,8%) — партыя кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!». Па сутнасьці, толькі ейныя кандыдаты склалі канкурэнцыю мажарытарнікам ад «Слугі народу». Яны перамаглі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Агулам колькасьць адпаведнай фракцыі ў парлямэнце можа скласьці 43 дэпутаты.
За партыю Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» прагаласавалі 527 тысяч 410 выбарнікаў (8,7%). Палітычная сіла папярэдняга прэзыдэнта папоўніцца толькі адным мажарытарнікам, які перамог у адной акругаў у Львоўскай вобласьці. Папярэдне ў фракцыю «Эўрапейскай салідарнасьці» могуць увайсьці 27 дэпутатаў.
Чацьвёртае месца займае партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» — яе падтрымалі 487 тысяч 787 грамадзян (8,05 %). Але на мажарытарных акругаў не перамог ніводны яе прадстаўнік. Колькасны склад гэтай фракцыі можа скласьці 25 дэпутатаў.
Партыя ўкраінскага сьпевака Сьвятаслава Вакарчука «Голас» — апошняя, якая пераадолела 5-ціадсоткавы выбарчы бар’ер. За яе прагаласавалі 389 тысяч 489 грамадзян (6,43 %). Яшчэ тры кандыдаты перамаглі на трох мажарытарных акругах у Львоўскай вобласьці. Палітычная сіла можа сфармаваць у парлямэнце фракцыю з 20 дэпутатаў.
Яшчэ шэсьць партый пераадолелі 2-адсоткавы бар’ер і могуць прэтэндаваць на падтрымку сваёй дзейнасьці з дзяржаўнага бюджэту:
- Радыкальная партыя Алега Ляшка — 231 тысяч 576 грамадзян (3.82 %);
- Партыя былога кіраўніка СБУ Ігара Сьмяшка «Сіла і гонар» — 227 тысяч 45 грамадзян (3.74 %);
- Партыя «Апазыцыйны блёк» — 194 тысячы 552 выбарнікаў (3,21 %);
- Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода» — 140 тысяч 667 грамадзян (2,32 %);
- Партыя вядомага блогера Анатоля Шарыя, погляды якога ва Ўкраіне лічаць антыўкраінскімі — 138 тысяч 520 грамадзян (2.28 %);
- Партыя цяперашняга кіраўніка ўраду «Украінская стратэгія Гройсмана» — 132 тысячы 783 выбарнікі (2,19 %)