Ва Ўкраіне 21 ліпеня а 8-й раніцы адкрыліся выбарчыя ўчасткі для галасаваньня на датэрміновых выбарах у парлямэнт. Яны завершаць абнаўленьне цэнтральнай улады, якое пачалося з абраньня прэзыдэнтам Уладзімера Зяленскага.
Як і па выніках мінулых выбараў, якія адбыліся ў 2014 годзе, сёлета ў Вярхоўнай Радзе застануцца вакансіі — замест вызначаных заканадаўствам 450 дэпутатаў будуць выбраныя 424. Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і акупацыі часткі Данбасу дэпутаты ад гэтых рэгіёнаў у парлямэнт не выбіраюцца.
Канкурэнцыя вялікая
На прадстаўніцтва ў парлямэнце прэтэндуюць 22 партыі, якія вылучылі паводле сьпісаў 2747 кандыдатаў, а таксама 3220 грамадзян, якія балятуюцца па аднамандатных (мажарытарных) акругах. Конкурс ці не найбольшы за апошнія некалькі выбарчых цыкляў: на адзін дэпутацкі мандат прэтэндуюць у сярэднім 14 кандыдатаў.
За ўвесь час выбарчай кампаніі Цэнтральная выбарчая камісія скасавала рэгістрацыю 17 кандыдатаў, вылучаных паводле партыйных сьпісаў, і яшчэ 137 прэтэндэнтаў страцілі магчымасьць балятавацца як мажарытарнікі.
Па выніках парлямэнцкіх выбараў у 2014 годзе ў новы склад Вярхоўнай Рады прайшлі 6 партыяў —
- партыя Арсенія Яцанюка «Народны фронт»,
- Блёк Пятра Парашэнкі,
- партыя Андрэя Садавога «Самапомач»,
- Радыкальная партыя Алега Ляшка,
- партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына»,
- «Апазыцыйны блёк».
Хто сярод фаварытаў
У новы склад парлямэнту, паводле сацыёлягаў, могуць увайсьці ад 6 да 9 партый. Паводле апытаньняў найбольш аўтарытэтных ва Ўкраіне сацыялягічных службаў, у парлямэнт праходзяць чатыры партыі —
- партыя прэзыдэнта Зяленскага «Слуга народу» (41,5–48,4%, паводле розных дасьледаваньняў грамадзкай думкі),
- «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё!“» Віктара Медведчука (11,6–14,1%),
- «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі (8,2–9,2%),
- «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі (6,2–7,0%).
На мяжы пераадоленьня пяціадсоткавага бар’еру яшчэ дзьве партыі — «Голас» украінскага музыкі Сьвятаслава Вакарчука (4,4–8,8%) і «Сіла і гонар» (3,6–4,1%) былога кіраўніка СБУ Ігара Сьмяшка, які на прэзыдэнцкіх выбарах прадэманстраваў нечакана высокія вынікі, атрымаўшы 6,04% галасоў у першым туры.
Па выніках парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне завершыцца перафарматаваньне ўлады, якое пачалося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Чакаецца, што новы ўрад сфармуе партыя прэзыдэнта Зяленскага «Слуга народу», самастойна або ў кааліцыі зь некім.
Цяпер украінцы, па сутнасьці, абіраюць прэм’ер-міністра, які па ўзгадненьні з парлямэнцкай кааліцыяй вызначыць і пэрсанальны склад ураду — Кабінэту міністраў. Згодна з Канстытуцыяй Украіны ўрад мае шырэйшыя паўнамоцтвы, чым прэзыдэнт.