Менш канфіскацыяў, больш штрафаў. Што зьмянілася ў Крымінальным кодэксе Беларусі

Архіўнае фота

Ад 19 ліпеня набылі моц зьмены ў Крымінальны кодэкс Беларусі (PDF).

Канфіскацыі

Канфіскацыя маёмасьці як агульны від пакараньня выключаная з Крымінальнага кодэксу, але будзе ўжывацца «спэцыяльная канфіскацыя»: у злачынцаў могуць забраць грошы і маёмасьць, атрыманыя незаконным шляхам, а таксама прыладу злачынства.

Там, дзе раней была канфіскацыя, уводзіцца штраф ад 300 да 5000 базавых велічыняў (на момант публікацыі гэта ад 7650 да 127 500 рублёў). А канфіскоўваць проста ўсю маёмасьць ня будуць. Раней так рабілі ў тым ліку з тымі, хто атрымліваў хабар або злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі.

Эканамічныя злачынствы

За эканамічныя злачынствы будуць караць трохі іначай: «буйны памер» шкоды цяпер павялічаны з 250 да 1000 базавых велічыняў (з 6375 да 25 500 рублёў), «асабліва буйны» — з 1000 да 2500 базавых (да 63 750 рублёў).

Калі чалавека ўпершыню судзяць за эканамічнае злачынства, а яно «ня мае вялікай грамадзкай небясьпекі», то нельга прысудзіць пазбаўленьне волі (выключэньні — кантрабанда, адмываньне грошай, незаконны экспарт).

З разьдзелу «Злачынствы супраць парадку вядзеньня прадпрымальніцкай дзейнасьці» выключаць 5 артыкулаў:

  • Парушэньне парадку адкрыцьця рахункаў за межамі Беларусі.
  • Перашкода законнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.
  • Парушэньне антыманапольнага заканадаўства.
  • Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта.
  • Ілжэпрадпрымальніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка афіцыйна скасаваў свой указ аб ілжэпрадпрымальніцтве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шумчанка адрэагаваў на заяву Лукашэнкі: «Прадпрымальнікаў абклалі сьцяжкамі»

Паклёп, незарэгістраваныя арганізацыі, прапаганда самагубства, хакерства і ВІЧ

Таксама зьмены ёсьць у шэрагу асобных артыкулаў:

  • За паклёп паводле арт. 188 КК будуць караць толькі тады, калі паклёп зьмяшчаў абвінавачаньні ў цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве і быў агучаны ў публічным выступе ў СМІ ці праз інтэрнэт.
  • За незаконную арганізацыю дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня цяпер ня будуць караць штрафам, арыштам ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да 2 гадоў паводле арт. 193-1 КК РБ, але будуць караць за гэта штрафам да 50 базавых велічыняў (1275 рублёў) паводле адміністрацыйнага артыкулу.
  • За прапаганду самагубства будуць караць штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, арыштам, абмежаваньнем волі да 2 гадоў, а калі такая прапаганда пацягнула сапраўдную спробу самагубства, то пакараньне магчымае ад абмежаваньня волі да 5 гадоў пазбаўленьня волі (3–6 гадоў пазбаўленьня, калі дзьве і больш ахвяраў). Гэтыя нормы зьмяшчае арт. 342–1 КК.
  • За крадзеж праз кампутарную тэхніку паводле ч. 2 арт. 210 КК зьмякчаецца пакараньне: было ад 6 да 15 гадоў пазбаўленьня волі, стала ад 5 да 12.
  • За заражэньне вірусам імунадэфіцыту чалавека ня будуць караць паводле арт. 157 КК, калі абвінавачаны папярэдзіў партнэра пра хваробу, а партнэр дабраахвотна ўсё ж пагадзіўся на кантакт.
  • За крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі паводле ч. 2 арт. 210 КК максымальнае пакараньне зьменшанае з 7 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Партнэрства», «Малады Фронт», «Вясна». Каго зачапіў артыкул 193.1, які хочуць лібэралізаваць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Крымінальнага кодэксу трэба прыбраць артыкулы пра паклёп і абразу, — БАЖ пра справу «Белсату»

У каго канфіскоўвалі маёмасьць

Летась канфіскацыя маёмасьці як дадатковы захад прымянялася ў 80 выпадках. Напрыклад, бізнэсоўцу Аляксандру Кныровічу прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Пазьней тэрмін пакараньня зьменшылі на год. Таксама ў дадатак да зьняволеньня ў 11 гадоў канфіскацыю маёмасьці прысудзілі інвэстару «Мотавела» Аляксандру Мураўёву.

«Прадпрымальнікі перапісвалі маёмасьць на сваякоў ад страху»

Канфіскацыя маёмасьці была вельмі распаўсюджанай карай у крымінальных артыкулах эканамічнага характару. Пра гэта ў размове са Свабодай сказаў старшыня найвышэйшай каардынацыйнай рады канфэдэрацыі Ўладзімер Карагін. Прадпрымальнікам нават даводзілася перапісваць маёмасьць на сваякоў — нават тады, калі іх ні ў чым не абвінавачвалі.

«Бізнэс-грамадзтва ня раз казала ўладзе пра неабходнасьць дэкрыміналізацыі эканамічнай дзейнасьці. Мала таго, што чалавека каралі, дык яшчэ і накладалі арышт на ўсю маёмасьць. Таму нашы прадпрымальнікі нічога ня маюць, уся маёмасьць запісаная на сваякоў. Гэта дэфармуе нашае стаўленьне да бізнэсу. Прадпрымальнік мусіць быць упэўнены, што, калі ты рабіў памылку, ты можаш яе выправіць», — сказаў Уладзімір Карагін.

Яшчэ адзін важны захад, які трэба лібэралізаваць, на думку Карагіна, — гэта ўзяцьце пад варту да суду як прэвэнтыўны сродак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пляны ў спагнаньні штрафаў яшчэ ніхто не адмяняў». Экспэрты пра зьмены ў Падатковы кодэкс