Польшча назвала «недарэчным» удзел Пуціна ў адзначэньні пачатку Другой сусьветнай вайны

Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

На ўрачыстасьці, зьвязаныя з 80-годзьдзем пачатку Другой сусьветнай вайны, у Польшчу запрасілі чальцоў Эўразьвязу, NATO і прадстаўнікоў краінаў «Усходняга партнэрства», але ў сакавіку стала вядома, што Расея не запрошаная. Польскі віцэ-прэм’ер цяпер назваў прычыну.

Як расказаў Яцэк Сасін у інтэрвію Polskie Radio, Уладзімір Пуцін — «лідэр краіны, якая чыніць узброеную агрэсію супраць сваіх суседзяў», і, на ягоную думку, «было б недарэчна адзначаць гадавіну агрэсіі супраць Польшчы з удзелам кіраўніка, які цяпер дзейнічае гэтаксама ў дачыненьні сваіх суседзяў».

Таксама ён сказаў, што «зь вялікай доляй пэўнасьці» можна казаць, што ўрачыстасьці наведае прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і што ён мае аптымізм наконт магчымай прысутнасьці канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык Мельнікаў напісаў кнігу пра «магілы неабвешчанай вайны» і Заходнюю Беларусь

Пачаткам Другой сусьветнай вайны называюць 1 верасьня 1939 году, калі нацысцкая Нямеччына атакавала Польшчу. 17 верасьня на тэрыторыю Польшчы ўвайшлі тагачасныя саюзьнікі Гітлера — савецкія войскі. Нацысты і Саветы падзялілі Польшчу, у склад СССР увайшлі Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна.