Падышоў да заканчэньня другі працэс над галоўным інжынэрам Менскага заводу колавых цягачоў Андрэем Галавачом, якога вінавацяць у хабарніцтве ў вялікім памеры і службовым злоўжываньні. Прысуд Галавачу будзе абвешчаны 19 ліпеня ў Першамайскім раённым судзе, пракурор запатрабаваў для яго 9 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. 16 ліпеня прагучала апошняе слова абвінавачанага. У гэты ж дзень завяршыла прамову ў абарону Андрэя Галавача ягоная адвакатка Алена Варанко.
Памылка пракурора?
На папярэднім паседжаньні дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарсьнёў заявіў, што Андрэю Галавачу належаць дзьве кватэры ў Менску, загарадны дом і 88 тысяч даляраў грошай. Абаронца Алена Варанко падрабязна пракамэнтавала гэтыя зьвесткі.
88 тысяч даляраў
«Бок абароны мяркуе, што дзяржаўны абвінаваўца агаварыўся адносна 88 тысяч даляраў ЗША. Бо ўсе знойдзеныя ў Галавача грошы падрабязна апісаныя ў матэрыялах справы. Гэта 20 тысяч даляраў, якія знайшлі падчас вобшуку, 31 тысяча рублёў на рахунку, крыху болей за 6 тысяч эўра, крыху болей за 1 тысячу даляраў ЗША».
2 кватэры ў Менску
«Не ўстаноўлена наяўнасьць у Галавача дзьвюх кватэр у Менску. Кватэры будаваліся дочкамі Галавача Натальляй і Анастасіяй», — сказала адвакатка.
Катэдж пад Менскам
«Насамрэч гэта невялікі аднапавярховы драўляны дом на зямельным участку, дом нават не зарэгістраваны ў натарыюса. Участак і дом набыла жонка Андрэя Галавача Тацяна Міхалаўна Галавач на ўласныя сродкі», — сказала суду абаронца.
Паводле адваката Алены Варанко, у справе ёсьць даведка з падатковай інспэкцыі Заводзкага раёну Менску. Там правяралі дэклярацыю аб даходах і расходах Андрэя Галавача за 2014–2015 год і ўстанавілі, што перавышэньня расходаў над даходамі за гэты пэрыяд у Галавача не было.
Пракурор Юры Шарсьнёў паводле працэдуры мог уступіць у судовыя спрэчкі з адвакаткай Аленай Варанко, аднак ня стаў гэтага рабіць.
«Спадзяюся, гэты кашмар скончыцца»
Андрэй Галавач у апошнім слове выказаў спадзеў на справядлівы прысуд і нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што судзьдзі павінны «перастаць баяцца даваць прынцыповую ацэнку парушэньням і памылкам папярэдняга сьледзтва».
«Спадзяюся, гэты кашмар скончыцца», — сказаў напрыканцы працэсу Андрэй Галавач пра сваё знаходжаньне пад сьледзтвам. Раней ён нагадаў суду, што ў сьледчым ізалятары знаходзіцца ўжо 51 месяц. Што казаў галоўны інжынэр МЗКЦ пра абвінавачаньне ў хабары?
- Словы дзяржаўнага абвінаваўцы «прывялі яго ў шок».
- Сьледзтва адразу мела толькі абвінаваўчы ўхіл. «Ужо праз 15 хвілін пасьля апраўданьня на працэсе ў 2018 годзе супроць мяне завялі новую крымінальную справу», — згадаў Галавач.
- Усе кантракты, якія фігуруюць у справе, шматразова правяраліся кантралюючымі органамі, але перавышэньня ўлады зь ягонага боку ніхто не знаходзіў.
- Ніводнага разу ня браў хабару. Хабар, які ён нібыта атрымліваў у Маскве, ніяк не даказаны, ёсьць толькі словы хабарадаўцы. Хабар у Менску таксама ніяк не засьведчаны дакумэнтальна.
- Паказаньні 4 сьведак пра тое, што ён нібыта браў грошы, блытаныя, няпэўныя, супярэчлівыя. Галавач лічыць падазроным тое, што гэтыя паказаньні не прагучалі ў судзе, а былі зачытаныя з матэрыялаў справы.
«Чаму гэтыя людзі не прыехалі на суд, каб даць тут свае паказаньні? Бо яны хлусілі і баяліся, што гэтая хлусьня выявіцца і тут за яе прыйдзецца несьці адказнасьць», — мяркуе Андрэй Галавач.
- Сьведкі, якія казалі, што давалі яму хабар, былі вызваленыя ад адказнасьці за іншыя злачынствы, і за гэта яны на яго паклёпнічалі. Таксама Галавач абурыўся, што сьледзтва не зацікавілася маёмасным станам гэтых сьведак, а ў перапісцы зь імі сьледчы фактычна падказваў зьвесткі, у якіх было зацікаўленае сьледзтва. Паводле Андрэя Галавача, сьведка, які нібыта перадаваў яму вялікі хабар, насамрэч пакінуў гэтыя грошы сабе.
- Пасьля арышту ў траўні 2015 году ён даведаўся, што цягам больш як году адносна яго вяліся апэратыўныя дзеяньні, у тым ліку праслухоўваліся тэлефоны. Чаму апэратыўнікі не ўжылі супроць яго свой улюбёны прыём — не падаслалі аднаго з хабарадаўцаў з прычэпленым мікрафонам? Быў бы неабвержны доказ хабару! Чаму гэтак не зрабілі? «Яны ведалі, што я адмоўлюся і ўся іх камбінацыя праваліцца», — перакананы Андрэй Галавач.
Падсудны таксама заявіў, што «ніколі нічога не рабіў на шкоду прадпрыемству».
Чым адметная справа Андрэя Галавача
Былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году. Асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі па новым абвінавачаньні.
Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзяць за службовае злоўжываньне. Цяпер яму інкрымінуюць хабар на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.
Галавач віны не прызнае. Абараняе яго старшыня менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Веры Арэшкі.
На адвакатку Галавача Веру Арэшку была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 407 КК па абвінавачаньні ў раскрыцьці зьвестак з крымінальнай справы трэцім асобам, калі яна прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача.
Ужо ў час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет «Вальтэр» mod. 1938 (Р.38), а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю Вера Арэшка ня мае. На адвакатку завялі справу і за гэта, паводле ч. 2 арт. 295 КК.
Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вядомую адвакатку завялі справы за выдаваньне тайнаў сьледзтва і абарот зброі