Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй паведаміла аб выяўленьні злачынных дзеяньняў прадстаўніцы адвакацкага бюро «Прынцэпкансалт».
Паводле ГУБАЗіК, затрыманая — намесьніца старшыні Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Шэраг СМІ зьвярнуў увагу, што такая намесьніца толькі адна, і гэта Вера Арэшка. У калегіі Свабодзе не пацьвердзілі і не абверглі зьвесткі пра крымінальныя справы адносна Арэшкі, але пацьвердзілі, што яна займае названую пасаду.
Зьвязацца зь Верай Арэшкай пакуль не ўдалося, але яна меркавана застаецца на волі. У Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў сказалі, што з раніцы бачылі Арэшку, яна працягвае выконваць свае абавязкі.
Злучыць з намесьніцай старшыні калегіі адмовіліся, як і даць яе кантактны нумар. Наконт заведзенай на адвакатку справы супрацоўніца калегіі Ірына Пятроўна сказала:
«Не хвалюйцеся, яна забясьпечана абаронай. Але камэнтаваць нічога ня будзе, бо дала падпіску пра неразгалошваньне. Тут таксама нічога не пракамэнтуюць, бо пад падпіскай».
Што пагражае адвакатцы
Як сьцьвярджае ГУБАЗіК, жанчына раскрыла зьвесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў. За гэта ў дачыненьні яе пачалі крымінальную справу паводле арт. 407 КК.
Ужо ў час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter mod. 1938, а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў валоданьня ёю жанчына ня мае. На адвакатку завялі справу і за гэта, паводле ч. 2 арт. 295 КК.
Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.
Што за справу вяла адвакатка
За час адвакацкай працы Вера Арэшка абараняла сотні людзей. Але найбольш працяглы час яе кліентам быў абвінавачаны ў хабарніцтве былы галоўны інжынэр Менскага заводу колавых цягачоў Андрэй Галавач, справа якога цягнецца ўжо пяты год.
Яго затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году, спачатку асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі праз новае абвінавачваньне.
Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзяць за службовае злоўжываньне. Цяпер яму інкрымінуюць хабары на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.
Галавач не прызнае віны, у яго падтрымку супрацоўнікі заводу падпісалі 9 соцень лістоў на імя Аляксандра Лукашэнкі. Абараняе яго старшыня менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Арэшкі.
Што кажуць калегі і сваякі пра Веру Арэшку
Пра Веру Арэшка ў рэестры адвакатаў напісана: «Мае стаж адвакацкай дзейнасьці больш за 20 гадоў, спэцыялізуецца на вырашэньні складаных катэгорый грамадзянскіх спраў, а таксама абароне ў крымінальных справах аб эканамічных злачынствах».
«Вельмі надзейны чалавек і выдатная прафэсіяналка. Яна ў нас прыклад як з прафэсійнага, так і з маральнага боку», — сказаў пра калегу абаронца Г.
Адвакат М. адзначыла, што Вера Арэшка бярэцца за сур’ёзныя справы і праяўляе ў іх настойлівасьць.
«Усе думаюць пра тое, каб атрымаць кліентаў і іх захаваць, у Веры гэта атрымліваецца асабліва добра», — кажа абаронца.
Стрыечны брат Веры Арэшкі казаць пра абвінавачаньні ў яе адрас адмовіўся. «Сямейны чалавек, што яшчэ дадаць? Мы бачымся вельмі рэдка, і нічога сказаць не магу, сам пра гэта толькі што даведаўся».