Свабода працягвае цыкль публікацый пра сытуацыю ў анэксаваным Крыме. За што кідаюць у турмы апанэнтаў крамлёўскага рэжыму? Пра што пішуць манапалізаваныя СМІ? Куды падзецца ўкраінскім вернікам, пазбаўленым храмаў? Ці паўплывалі міжнародныя санкцыі на побыт крымчукоў? Мы некалькі дзён прабылі на паўвостраве і расказваем, што там убачылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што я пабачыў у анэксаваным Крыме і чым гэта падобна на Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымская зона. Хто адпачывае на пляжах і ў санаторыях анэксаванага паўвострава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымская зона. Як беларускі прадпрымальнік жыве ва ўмовах антырасейскіх санкцыйПасьля анэксіі Крыму Расеяй хіба што Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату найбольш моцна зьвязвала паўвостраў з Украінай. Але і гэтыя сувязі паступова рвуцца.
Судовыя прыставы супраць крыжоў
«Зьнішчэньне царквы пачалося з таго, што пад выглядам рамонту сарвалі ўсе крыжы з фасаду, — распавядае архіяпіскап Сімферопальскі і Крымскі Клімент. — Сьледам задумалі забраць упраўленьне эпархіі на першым паверсе. Прыйшлі прыставы, ламалі мне рукі, апісалі царкоўную маёмасьць — яна так і ляжыць, зваленая ў кучу. Але калі бязбожнікі зноў вяртаюцца ў 1920-я гады, калі масава закрываліся цэрквы, няхай успомняць, які канец напаткаў тых, хто парушыў тыя храмы».
Так сьвятар апісвае, як новыя ўлады адбіралі ў вернікаў будынак катэдральнага сабора сьвятых роўнаапостальных Ўладзіміра і Вольгі ў Сімферопалі.
Па яго словах, да 2014 году ў Крыме дзейнічалі два дзясяткі цэркваў і паўсотні грамадаў — манастыр, брацтвы, місіі. На сёньня ацалелі 5 парафій. З 25 сьвятароў службу адпраўляюць 4 — бальшыня выехала або ня служаць.
Катэдральны сабор ў Сімферопалі — адзін з апошніх прытулкаў вернікаў, дзе гучыць украінская мова. Але пэўнасьці ў будучыні ня маюць ні прыхаджане, ні ўладыка Клімент. Сабор, у якім чвэрць стагодзьдзя праходзілі богаслужэньні, Арбітражны суд Крыму абавязаў перадаць Міністэрству маёмасьці Расеі.
«Гісторыя храма пачалася тады, калі тут яшчэ не было ўкраінскіх сьцягоў, — расказвае архіяпіскап. — У 1995 годзе, нягледзячы на тое, што Крым быў у складзе Ўкраіны, на паўвостраве панаваў „русский мир“ і над ім лунаў рускі дух. Фактычна грамада стала першым украінскім асяродкам — прыход быў зарэгістраваны на аснове таварыства „Просвіта“ імя Тараса Шаўчэнкі. Гэтая арганізацыя заснаваная ў ХІХ стагодзьдзі і ставіла асьветніцкую мэту: украінцы павінны ведаць свае карані, гісторыю і культуру».
Ад пачатку грамада месьцілася ў адным з пакояў гарнізоннага Дома афіцэраў. У сярэдзіне 1990-х вайсковы гарадок расфармавалі і вернікам прапанавалі пераехаць у будынак вайскова-палітычнай вучэльні. У 1996 годзе пастановай Кабінэту міністраў Украіны нерухомасьць была перададзеная Фонду маёмасьці Крыму.
Фактычна ад таго часу і пачалося супрацьстаяньне дзяржавы і царквы. Пры ўкраінскай адміністрацыі тут плянавалі разьмесьціць фондавую біржу, потым гандлёвы цэнтар. Тады ўдалося адбіцца. Але прыйшло прарасейскае кіраўніцтва і гісторыя паўтарылася: маўляў, не хапае плошчаў для супрацоўнікаў фонду, а таму давядзецца вызваліць памяшканьне.
У турму за ўкраінскую сымболіку
У канцы траўня суд прыняў рашэньне вызваліць будынак і перадаць яго Фонду маёмасьці «Рэспублікі Крым». Архіяпіскап Клімент запэўнівае, што будзе змагацца за адзіны ўкраінскі праваслаўны храм у сваім горадзе — пачынаючы з расейскіх судоў, і да Эўрапейскага і суду ААН у правах чалавека. Паводле яго, фармальна выглядае, што канфлікт нібыта выключна гаспадарчы і вера тут ні пры чым. Але папраўдзе гэта ня так.
«Прычына простая: усё робіцца для зьнішчэньня ўкраінства ў Крыме, — катэгарычны ён. — Украінскія школы закрытыя, украінскія мэдыя задушаныя, украінскія вернікі перад пагрозай ліквідацыі. Затое паўсталі нібыта ўкраінскія грамадзкія арганізацыі-сатэліты, якія ўзначалілі прадстаўнікі расейскай грамады Крыму. Бо калі прыехаў Пуцін з прыкормленымі іншаземцамі, нават яны запыталіся: а дзе ж украінцы? І той даў распараджэньне зарэгістраваць «украінскія грамады».
Уладыка Клімент таксама згадвае, як расейскі прэзыдэнт пасьля «рэфэрэндуму-2014» заяўляў: усё, што было пры Ўкраіне, захаваецца. Аднак праз 5 гадоў выглядае, што, наадварот, новыя ўлады зачышчаюць у тым ліку і духоўную прастору.
«Калі так, хай тады бярэ ўсё ў свае рукі: у нас жа любяць ківаць на баяраў, бо цар, маўляў, ня ў курсе, — працягвае сьвятар. – Яшчэ буду яму пісаць, бо Аксёнаў (прызначаны Масквой кіраўнік Крыму — РС) абяцаў: царква захаваецца, калі зарэгіструемся паводле расейскага заканадаўства. І што атрымалася? Мы падалі дакумэнты, а супраць нас распачынаюць суд. Натуральна, атрымалі адмову. Цяпер падаў паўторна, паглядзім, чым скончыцца».
Суразмоўца кажа, што любыя праявы ўкраінскасьці мэтанакіравана блякуюцца. Каб гэта праверыць, ня трэба нават выходзіць пад жоўта-блакітным сьцягам у публічнае месца, дастаткова падняць яго на сваім падворку. Перасьлед фэрмэра Ўладзімера Балуха пачаўся менавіта за гэта, цяпер ён адбывае 3,5 года зьняволеньня.
«Што тычыцца ўкраінскай сымболікі, гэта занятак рызыкоўны. Калі для карцінкі зьбіраюць нацыянальныя грамады Крыму, лунаюць усе сьцягі, апрача жоўта-блакітнага. Беларусы зь беларускім, грузіны з грузінскім, баўгары з баўгарскім. А ўкраінскага няма, ён прыраўнаваны да нацыянал-фашысцкай сымболікі. І за гэта сядзіць Валодзя Балух, які ўзьняў сьцяг над сваім домам. Пасадзілі і цяпер катуюць: то ў ШЫЗА, то ў закрытых камэрах. Вось цана, якую плацяць патрыёты. Хоць пры Ўкраіне нікога не саджалі за расейскі трыкалёр», — гаворыць сьвятар.
Сьвятар, які дапамагае палітвязьням
Уладыку Клімента часьцяком называюць «духоўнікам-праваабаронцам». Ён першы пасьля адвакатаў наведваецца да затрыманых актывістаў, прысутнічае на судовых працэсах, у тым ліку ў Расеі. Так, сёлета ў лютым трапіў на першае паседжаньне ў Растове-на-Доне супраць Паўла Грыба — малады чалавек быў затрыманы пазалетась ФСБ у Гомлі і асуджаны на 6 гадоў турмы за нібыта «падрыхтоўку тэракту». Пасьля гэтага сьвятар сам трапіў на прыцэл да спэцслужбаў.
«Я напісаў заяву, каб на другім паседжаньні суд разгледзеў пытаньне аб наведваньні Паўла ў СІЗА — як сьвятар хацеў яго паспавядаць і прычасьціць, — успамінае ён. — І калі ў сакавіку зьбіраўся ў Растоў, мяне затрымалі на вакзале, інкрымінаваўшы, што я сам у сябе „скраў рэчы“, гэта значыць у царквы. Калі зразумелі, што абвінавачаньне абсурднае, хуценька скляпалі заяву, што „поп на вуліцы нецэнзурна лаяўся“. Галоўная мэта была — даць адміністрацыйнае. Балазе, падключыліся адвакаты, урэшце адпусьцілі».
Архіяпіскап удакладняе: многія справы супраць апанэнтаў пачынаюцца менавіта з адміністрацыйнага пакараньня, а пасьля перарастаюць у крымінальнае.
Перад тым у якасьці грамадзкага абаронцы ён наведаў у Сімферопальскім СІЗА згаданага ўжо Ўладзімер Балуха. А пазьней і Яўгена Панова, якога асудзілі на 8 гадоў за «падрыхтоўку дывэрсій».
Летась езьдзіў у Лабытнангі Ямала-Нянецкай акругі, дзе сядзіць асуджаны на 20 гадоў за «падрыхтоўку тэрактаў» рэжысэр Алег Сянцоў, але спатканьня не адбылося. Накіроўваў заяву ў ФСБ Расеі, каб пусьцілі да трох захопленых украінскіх маракоў, параненых і шпіталізаваных у Керчы. Просьбу пакінулі без задавальненьня. Як і наконт асуджанага на 14 гадоў чальца «дывэрсійна-тэрарыстычнай групы» Мінабароны Ўкраіны Ўладзімера Дудкі.
У якім стане «замарожаная справа» самога ўладыкі Клімента — часова прыпыненая ці зусім закрытая — яму не паведамляюць ужо больш за тры месяцы.
Як прыхаджане рэагуюць на тое, што цяпер адбываецца ў грамадзтве? Ці ёсьць страх? Як кажа архіяпіскап, страх быў у самым пачатку так званай «крымскай вясны», а ў наступныя гады прыйшло разуменьне: нічога боскага ў той уладзе няма, таму рана ці позна яна на асуджаная на правал.
У Бібліі няма пра «русский мир»
Уладыка Клімент расказвае, што апошнім часам ягонымі прыхаджанамі становяцца ня толькі вернікі Кіеўскага патрыярхату, але і Маскоўскага.
«Нават ім ужо абрыдлі вось гэтыя „скрепы русского мира“ — „якія мы вялікія, якія мы магутныя, якія мы непераможныя“, — гаворыць уладыка. — Прабачце, у Бібліі нідзе не напісана, што ідэяй уратаваньня зьяўляецца русский мир зь іхнымі „скрэпамі“. Асабіста я прачытваў у Бібліі іншыя словы, іншыя тэксты. Таму людзі папросту стаміліся ад той застарэлай палітінфармацыі, якой іх нагружаюць прамаскоўскія бацюшкі».
Сам сьвятар мог бы выехаць ва Ўкраіну і ўладкавацца там, але адмаўляецца. «Я ж не магу забраць з сабой паству», — тлумачыць ён галоўную прычыну.
«Ну і што мне рабіць ва Ўкраіне? — перапытвае ён. — Можна, канечне, выправіцца, я ж „выязны“. А людзі, іншыя царкоўныя служкі, якія ня маюць такой магчымасьці? Я ж іх ня вывезу, грамада ж застаецца... Ну стану „героем-пакутнікам“, выгналі з Крыму. Далей што? Я карэнны крымчук, у мяне, апроч царкоўнай маёмасьці, апроч паствы, апроч сьвятароў, ёсьць яшчэ свой набытак, ёсьць сваякі, ёсьць магілы продкаў. Мне адступаць няма куды».
Але ёсьць у яго і іншая важная місія. За прамінулы час багата крымчукоў выехалі на мацярык. Яны ўжо ўздымалі пытаньне, каб на час акупацыі ў Кіеве было арганізаваны прыход Крымскай эпархіі, дзе магла б сустракацца ўкраінская грамада з паўвыспы.
«Гэта спэцыяльная праваслаўная місія абароны асуджаных і асобаў, якія знаходзяцца ў турмах, — працягвае суразмоўца. — Яна створаная Сьвяшчэнным Сынодам ужо Праваслаўнай царквы Ўкраіны, і я прызначаны яе кіраўніком, каб уплываць на сытуацыю з палітвязьнямі, браць удзел у іх жыцьці, вызваленьні, лабіяваньні інтарэсаў. Гэтая дзейнасьць таксама прадугледжвае будаўніцтва храма ў Кіеве для сем’яў асуджаных».
Пры канцы ярарх выказвае перакананьне, што ў «расейскасьць» Крыму ня вераць нават ваяўнічыя староньнікі Пуціна. Дый Крэмль паглядае на рэгіён выключна з карысьлівых меркаваньняў, успрымаючы яго як вялікую вайсковую базу.
«Узьнікае пытаньне: калі так добра ў Расеі, і ў Крыме ідылія, дык чаму крымчукі едуць у Херсон, суткамі стаяць, каб атрымаць украінскі біямэтрычны пашпарт і выехаць бязь візы ў Эўропу? Усе ж у Расею хацелі! У 2014 годзе эўфарыя была — „нашы прыйшлі!“. Дык што ж вы ня едзеце ў Чарназем’е, за Ўрал, у Хабараўскім краі па гектары зямлі даюць! Не, дружна на мацярык, бо з расейскім пашпартам нікуды ня пусьцяць. А з тым, што выдалі ў Крыме, нават у Расеі на добрую працу не ўладкуесься — ніводзін сур’ёзны бізнэсовец на такое ня пойдзе, бо наляціць на санкцыі».
Хто такі ўладыка Клімент (Павал Кушч)
Павал Кушч нарадзіўся 9 красавіка 1969 году ў Сімферопалі, крымчук у шостым пакаленьні. Вучыўся ў Харкаўскім інстытуце мастацтваў, служыў у войску. Пасьля паступіў у Кіеўскую духоўную сэмінарыю і прыняў манаскі пострыг зь імем Клімент.
У 2000 годзе быў прызначаны архіяпіскапам Сімферопальскім і Крымскім з правам кіраваць Крымскай япархіяй. Узнагароджаны найвышэйшай царкоўнай узнагародай Украіны — ордэнам Сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзіміра Вялікага трэцяй ступені.
Летась на Аб’яднаўчым саборы ўвайшоў у юрысдыкцыю новастворанай Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Старшыня праваслаўнай місіі дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека і асобам, пазбаўленым свабоды.