З 2 лютага 2020 году за атрыманьне шэнгенскай візы давядзецца плаціць 80 эўра. Рашэньне Рады Эўразьвязу аб зьменах у Візавы кодэкс апублікавана ў афіцыйным часопісе ЭЗ, паведамляе Tut.by.
Сёлета ў лютым Эўрапарлямэнт і Рада Эўразьвязу дасягнулі папярэдняга пагадненьня ў прапанове Камісіі мадэрнізацыі візавай палітыкі. Акрамя палёгкі ў працэдуры атрыманьня візы, зьмены прадугледжвалі і яе падаражаньне з 60 да 80 эўра.
Такім чынам, Рада Эўразьвязу канчаткова прыняла зьмены ў Візавы кодэкс. Згодна з правіламі, зьмены набудуць моц праз паўгода пасьля апублікаваньня ў афіцыйным часопісе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэнгенскія візы падаражэюць да 80 эўраДоўгія перамовы аб візах
Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам вядуцца з 2014 году. На пачатку ліпеня ў інтэрвію Tut.by кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ Андрэа Віктарын заявіла, што ўсе кансультацыі завершаныя, супярэчнасьцяў няма, тэкст узгоднены.
Цяпер Менск і Брусэль павінны правесьці дакумэнты праз унутрыдзяржаўныя працэдуры, працэс можа заняць да 3 месяцаў. Затым бакі выйдуць на падпісаньне выніковых дакумэнтаў. Чакаецца, што пасьля ратыфікацыі пагадненьня шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі беларусам чакаць «шэнген» за 35 эўра