Расея на афіцыйным узроўні прызнала, што ўсе формы датацый Беларусі спынены да той пары, пакуль Менск не пагодзіцца на «паглыбленьне інтэграцыі».
Сьцісла
- Беларусь і Расея ўступаюць у чарговы газавы канфлікт.
- Расея ўвязвае цану на газ з гатоўнасьцю Беларусі да аб’яднаньня.
- Можа паўтарыцца сцэнар 2016 году, калі Беларусь плаціла за газ роўна тую цану, якую сама вызначыла.
- Імавернасьць вырашэньня канфлікту падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным на Валааме невысокая.
На тое, што Расея дзеля шантажу ўсьлед за нафтавым грантам будзе выкарыстоўваць і газавы грант, намякаў былы амбасадар РФ у Беларусі Міхаіл Бабіч яшчэ на пачатку году. Але на публічным узроўні расейскі бок па гэтым пытаньні проста «цягнуў рызіну».
У нядаўнім інтэрвію амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі тэлеканалу «Россия 24» было сказана, што, паводле леташняй дамоўленасьці, пытаньне аб формуле вызначэньня цаны на газ для Беларусі будзе вырашана да ліпеня 2019 г.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нагадала пра «паглыбленьне інтэграцыі» ў віншаваньні Лукашэнку з Днём незалежнасьціУвесь 2016 і першы квартал 2017 году цягнуўся беларуска-расейскі газавы канфлікт. Менск тады палічыў, што ў зьвязку з падзеньнем усясьветных цэнаў на нафту павінна зьнізіцца і цана расейскага газу для Беларусі. Беларускія ўлады самі вызначылі для сябе кошт газу і плацілі толькі гэтую суму. Масква абурылася і скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Канфлікт удалося вырашыць падчас перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу ў красавіку 2017 году. Была вызначаная складаная схема кампэнсацый, так званае «перамытненьне» («перетаможка»).
У выніку цяпер Беларусь плаціць 127 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. У Эўропу «Газпром» пастаўляе газ прыкладна ўдвая даражэй.
Але дзеяньне пагадненьня скончыцца ў 2019 годзе. Трэба тэрмінова праводзіць новыя перамовы пра цэны на наступны год. Аднак Сямашка прызнаваў, што расейскі бок проста маўчыць і ігнаруе ўсе прапановы Менску па гэтай тэме.
І вось расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Козак перапыніў маўчаньне Масквы. Ягоныя словы цытуе ТАСС:
«Мы пакуль праводзім перамовы па паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў. Пасьля таго як скончым дыялёг на гэтую тэму, стане ясна, калі і якім чынам мы будзем збліжаць нашыя рынкі газу, рабіць адзіны рынак або агульны рынак газу».
У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што спачатку павінна быць згода Менску на інтэграцыю з Расеяй, і толькі потым зьніжкі на газ.
Яшчэ 26 чэрвеня міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў, што Расія ўвязвае вылучэньне Беларусі дзяржаўнага крэдыту на 630 млн даляраў з інтэграцыйнымі працэсамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «80 прадпрыемстваў закрытыя. Хутчэй за ўсё, урадам». Лукашэнка абурыўся абмежаваньнямі на экспарт у РасеюТакім чынам, цяпер вядома, што і кампэнсацыя за падатковы манэўр, і цана на газ, і выдзяленьне крэдыту Масква ўвязала ў адзін пакет. Расея гатовая прадаць яго Беларусі толькі ў абмен на аб’яднаньне ў адну дзяржаву.
Пакуль не да канца зразумела, ці канчатковая гэта пазыцыя Масквы? І на які кампраміс яна гатовая? Ці магчымы варыянт, што Беларусь падпісвае нейкую «дарожную мапу» інтэграцыі, атрымлівае ўсе расейскія датацыі, а потым не выконвае сваіх абавязаньняў (так было ня раз)?
Наўрад ці на ўсе гэтыя пытаньні адкажа плянаваная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным на Валааме. Вельмі верагодна, што можа паўтарыцца сцэнар 2016 году, калі Беларусь плаціла за газ роўна тую цану, якую сама вызначыла.
Вось Лукашэнка ў аўторак на сустрэчы зь дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам заявіў, што кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся не ламаць дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». Але каб зьнішчыць сувэрэнітэт Беларусі, ня трэба нічога ламаць. Дастаткова толькі рэалізаваць усе палажэньні, зафіксаваныя ў дамове ад 1999 году. І Беларусі як незалежнай дзяржавы можа ня стаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ: Беларусь можа страціць да 5% ВУП. Улады: можа запаволіцца рост ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў, ці ўвойдзе Беларусь у склад Расеі